Няпросты шлях паклікання

Сённяшні наш аповед пра чалавека, сустракаючыся з якім заўсёды хочацца праслаўляць Пана Бога. Гэта — сястра Марынэса (Іна Пі­шчык) з манаскай супольнасці сясцёр кармэлітак Дзіцяткі Езуса.


Іна нарадзілася і вырасла ў Мінску ў габрэйскай сям’і, дзе з боку яе маці Сімы і з боку бацькі Якава былі глыбокаверуючыя продкі, нават равіны. Калі Іне было 13 гадоў, памерла яе маці. Дзяўчынка засталася з татам, які выхоўваў яе з вялікай любоўю і пяшчотаю. Пакуль была малая, не так балюча адчувала страту маці, а вось калі падрасла, было ўсё цяжэй і цяжэй. Патрэба ў матчынай апецы, любові, парадах часам была вельмі вострай. Часта плакала, але гэта не дапамагала. Тады яна падыходзіла да паліцы, дзе стаяў абразок Маці Божай з маленькім Езусам, і доўга глядзела на яго. Станавілася крыху лягчэй. Гэтую іконку ёй падаравала сяброўка, якая ў 1992 годзе ад’язджала з сям’ёю ў ЗША. У сям’і Іны пра Бога ніколі не ўзгадвалася, але ў глыбіні душы дзяўчына верыла, што нейкі Найвышэйшы Розум існуе.

У свае 16 гадоў Іна перажыла цяжкое духоўнае мучэнне. На працягу амаль года яна пакутавала ад злых думак пра сваіх знаёмых і нават незнаёмых людзей. Нібы нехта злы і нахабны праклінаў іх праз яе. Іна з гэтым злом не згаджалася і, як магла, супраціўлялася. Якая ж гэта  была неверагодная пакута!

І менавіта тады, калі думала, што не вытрывае і звар’яцее, гэта насланнё скончылася. Пазней яна зразумела, што павінна была шукаць паратунку ў Бога. Але толькі праз пяць гадоў пачала рабіць крокі насустрач Пану, які яе чакаў і клікаў.

У 1996 годзе, калі Іне споўнілася 22 гады, у яе жыцці пачалі адбывацца падзеі, дзякуючы якім было шмат размоваў пра Бога. У яе з’явілася малітва «Ойча наш...», якую Іна старалася чытаць кожны дзень. Хрост, пра які яна часта думала, адкладала надалей, але здарылася тое, што цалкам змяніла яе жыццё і прывяло ў касцёл.

Аднойчы думкі Іны зноў з яшчэ большаю моцаю запаланіла зло. Яно не давала спакою ні ўдзень, ні ўначы. І тады дзяўчына вырашыла тэрмінова ахрысціцца, спадзеючыся, што ўвесь гэты жах скончыцца. Думала ісці ў праваслаўную царкву, але адна з яе сябровак параіла звярнуцца ў касцёл. Яна ведала, што Іна збіралася выязджаць у ЗША, дзе жыў яе брат з сям’ёю. Растлумачыла, што ў Амерыцы каталіцтва больш распаўсюджанае, чым праваслаўе. Гэта і адыграла вырашальную ролю, за што Іна вельмі ўдзячная Пану Богу.

Легіянеры Марыі. Іна Пішчык (справа) і Вольга Гайковіч (злева) са сваёй падапечнай - невідушчай Аленай Тартаровіч (2000 г.)

Яна прыйшла на Кальварыю ў касцёл узвышэння Святога Крыжа, дзе пробашчам на той час быў святой памяці ксёндз Альберт Масальскі. Ён уважліва выслухаў дзяўчыну, па-айцоўску супакоіў яе і сказаў, што хрост адбудзецца праз тыдзень, а пакуль што трэба азнаёміцца з асновамі веры. А яшчэ ён дадаў, што дасць ёй другое імя — Эдзіт, у гонар святой габрэйкі Эдзіты Штайн. Увесь ты­дзень Іна спасцігала катэхізіс ката­ліцкай веры і пры гэтым марыла атрымаць другое імя — Марыя, як у Маці Божай. Дзякуючы таму маленькаму абразку яна ўжо вельмі любіла Багародзіцу, хоць нічога пра Яе і не ведала.

І вось 19 верасня 1996 года Іна прыйшла ў кальварыйскі касцёл, каб атрымаць сакрамэнт хросту. Яе адразу ж чакаў цуд. Ксёндз, які нічога не ведаў пра мары дзяўчыны, сказаў: «Іна, цябе ў касцёл прывяла Маці Божая, і я вырашыў даць табе другое імя — Марыя». Пасля сакрамэн­ту хросту яна засталася на святой Імшы, дзе ўпершыню прыняла Езуса Хрыста ў святой Камуніі.

«Я тады ўсяго гэтага добра не ўсведамляла, але тое, што адчула мая душа, ніколі не забуду», — успамінае с. Марынэса.

Ксёндз Альберт падараваў новаахрышчанай ружанец і паказаў, як на ім маліцца, і з таго часу яна яго амаль што не выпускае з рук. Забягаючы наперад, скажу, што мне не раз даводзілася маліцца разам з Інай, і шчыра прызнаюся: я ніколі ў жыцці не бачыла, каб яшчэ хто-небудзь так не проста разважаў таямніцы Святога Ружанца, але перажываў іх. Асабліва заўважна было гэта падчас балеснай часткі, калі твар Іны быў прасякнуты вялікім болем.

Пасля хросту зласлоўе, што мучыла Іну (нібы нехта ў яе галаве пракручваў злую пласцінку) не скончылася. Яна старалася часцей хадзіць у касцёл, штотыдзень быць у споведзі і прымаць святую Камунію. Гэтаму садзейнічаў і ксёндз Альберт, які ў касцёле шмат гаварыў пра ўшанаванне Найсвяцейшага Сакра­мэнту і важнасць яго прыняцця. Псіхалагічна дзяўчыне стала значна лягчэй, яна не ўпадала ў роспач, як раней, а верыла, што прыйдзе той дзень і Пан Бог ачысціць яе думкі ад жах­лівага зла.

У канцы чэрвеня 1998 года Іна пачула, што арганізоўваецца аўтобусная пілігрымка ў Будслаў да цудадзейнага абраза Маці Божай. Вырашыла паехаць. Пра сваё ацаленне яна тады не думала, проста хацелася пабываць на вялікай урачыстасці, прысвечанай Багародзіцы. Было гэта 1 і 2 ліпеня. За гэтыя два дні ў Будславе прайшло нямала святых Імшаў, і Іна старалася ніводнай не прапусціць. Была таксама на начным чуванні. І толькі па дарозе дамоў, у аўтобусе, яна раптам зразумела, што ў галаве і ў вушах — цішыня. Яна не чуе больш злых блюзнерстваў шатана. Гэта быў сапраўдны цуд ацалення праз заступніцтва Маці Божай Будслаўскай!

Дух апостальства — дух паклікання

Іна з дзяцінства вельмі прыгожа малюе. Пасля школы яна паступіла ў Мазырскі пед­універсітэт на завочнае аддзяленне, пры гэтым працавала настаўніцай у сярэдняй школе Мінска, выкладаючы ўрокі малявання і чарчэння.  Яе вельмі любілі дзеці, бо яна іх любіла, як родных. Старалася далікатна, ненавязліва гаварыць дзецям таксама пра веру і Хрыста.

Дух апосталь­ства, які ўжо гарэў у яе душы, прывёў Іну і ў Легіён Марыі. Разам з легіянерамі яна часта хадзіла ў бальніцы, дзе робяць аборты, каб ратаваць ненароджаных дзяцей. Бацькі, якіх удалося адгаварыць ад забойства сваіх дзіцей, потым былі вельмі ўдзячныя, нават давалі гэтым дзеткам імёны іх выратавальнікаў. Так у сям’і мінчанаў Таццяны і Івана жыве дачушка Іна, якой  споўнілася ўжо 16 гадоў... 

Аднойчы ў рукі Іны трапіла кніга «Гісторыя адной душы» святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса, якая перавярнула яе душу. Гэта святая настолькі стала блізкай яе сэрцу, што дзяўчына пачала маліцца аб сваім пакліканні да манаскага жыцця. Стала часцей ездзіць у Маскву да сваёй роднай цёці, каб там, у катэдры, дзе знаходзяццца рэліквіі св. Тэрэзы з Лізьё, прасіць любімую святую аб дапамозе.Яе малітва была пачутая. У 2002 годзе Іну прынялі ў навіцыят у Кангрэгацыю Сясцёр Кармэлітак ад Дзіцяткі Езуса ў Польшчы. У 2009 годзе яна склала вечныя шлюбы і атрымала манаскае імя Марынэса.

Як законная сястра яна займаецца сваёй любімай справай — педагогікай, толькі не ў школе, а ў майстэрні-тэрапіі для інвалідаў з 18-ці гадоў у польскім горадзе Семятычы. Вучыць сваіх падапечных маляваць. Разам робяць святочныя паштоўкі, адліваюць гіпсавыя фігуркі святых і расфарбоўваюць іх. Таксама сястра Марынэса піша сцэнарыі для сцэнак і пастановак на розныя святы. Сама потым выступае ў ролі рэжысёра і акцёркі. Вельмі любіць сваю працу і сваіх падапечных, якіх пяшчотна называе  дзеткамі, хаця некаторым з іх па 30 і больш гадоў. Яны  адказваюць ёй узаемнай любоўю і вельмі сумуюць, калі сястра ад’язджае ў адпачынак да таты ў Мінск.

«Самы лепшы тата ў свеце!»

Так сястра Марынэса заў­сёды гаворыць пра свайго бацьку Якава Пятровіча Пішчыка, які прысвяціў сваё жыццё ёй, любай дачушцы. Ён жыў і жыве для яе і па-ра­нейшаму, як маленькай дзяўчынкай, апякуецца ёю, калі дачка прыязджае дадому. Можна толькі ўявіць, як пакутаваў Якаў Пятровіч, калі яго Інуся сказала, што хоча стаць законнай сястрою! Аднак з часам змірыўся і сёння ўжо з гонарам гаворыць тым, хто пытаецца пра дачку, што яна — нявеста Езуса Хрыста.

Якаў Пятровіч — вельмі творчы чалавек. Піша вершы, іграе на мандаліне і нават спрабуе пісаць музыку. Гаворыць, што, каб была ў яго раней магчымасць вучыцца ў гэтым кірунку, магчыма, стаў бы паэтам альбо музыкантам. Аднак сваёю галоўнай прафесіяй — цесляра — таксама вельмі ганарыцца. Усюды, дзе б ён ні працаваў, яго вельмі цанілі і гаварылі, што мае залатыя рукі.

Нарадзіўся Якаў Пятровіч у Маскве ў 1931 годзе. У Мінск трапіў падчас службы ў войску, а пасля так і застаўся. Скончыў кулінарны тэхнікум і працаваў кандытарам, аднак нядоўга. Вельмі сумленны і прыстойны чалавек, ён не мог мірыцца з тым, што шмат прадуктаў раскрадаецца, у тым ліку кіраўнікамі прадпрыем­ства. Звольніўся і пайшоў у цесляры. Ажаніўся.

У 1974 годзе нарадзілася дачка Іна. Праз 13 гадоў ён аўдавеў — жонка памерла ад анкалагічнай хваробы. Вельмі няпроста было падымаць аднаму дачку, але ён годна з гэтым справіўся. Калі бывае сумна, свае пачуцці і думкі ён па-ранейшаму давярае паперы. Так сваёй дачцы Іне Якаў Пятровіч прысвяціў цэлы цыкл вершаў. Вось толькі некалькі вытрымак з іх.

«Солнце греет слабо,
нет того тепла,
Потому что доченька
в монастырь ушла.
Жаждет быть невестой
самого Христа,
Бог её услышал,
и сбылась мечта...».

«Пусть будет так,
как Бог хотел,
Ведь Он такое повелел.
Возможно, и я пред
Всевышним,
Когда умру, не буду
лишним...».

Дзякуючы сваёй дачцэ Іне Якаў Пятровіч таксама паступова ідзе да Бога. Вучыцца бачыць Яго Провід, добра адчувае апеку і падтрымку Усявышняга. Удзячны Пану Богу за добрае здароўе і не баіцца сведчыць пра гэта іншым. Вядома ж, просіць Бога за сваю дачку, а тая ў сваю чаргу моліць міласэрнага Езуса, каб тата пажыў як мага даўжэй і прыняў сакрамэнт хросту.


Галіна Калевіч

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла