«Чорная я, прыгажуня сабою...» Чорныя Мадонны ў жыцці Касцёла

У розных кутках свету існуюць старажытныя абразы Панны Марыі, на якіх Яна паказаная з чорным (ці вельмі цёмным) тварам і рукамі. Толькі ў Еўропе іх налічваецца больш за 500, асабліва ў Францыі і Германіі. Безумоўна, самы вядомы нам, католікам Беларусі, — абраз «Чарна Мадонна» з Чэнстаховы, Каралева і Апякунка Польшчы. Ужо больш за 600 гадоў гэты абраз цесна звязаны з жыццём і гістарычным лёсам польскага народа.


Твар Чорнай Мадонны сапраўды ўсюдыісны ў Польшчы — яго можна пабачыць не толькі ў касцёлах, але і ў крамах і свецкіх установах, на паштоўках і вопратцы. Нават за межамі сваёй краіны польскія католікі не забываюць сваю Каралеву — эмігранты прывезлі Чарну Мадонну з сабой у розныя краіны свету. Напрыклад, першыя польскія сялібы ў ЗША былі названы ў Яе гонар: Панна Марыя (1854) і Чэнстахова (1873). Пазней былі пабудаваны святыні Маці Божай Чэнстахоўскай у штатах Мізуры (Eurica) і Пенсільванія (Doylestown). Цікава, што ў касцёле ў «амерыканскай» Чэнстахове выява Чарнай Мадонны зме­шчана побач з іншым сусветна вядомым і шанаваным «чорным» абразом Маці Божай Гвадэлупскай, Каралевы Мексікі і Амерык.

Экалагічная тэорыя

Існуюць розныя тлумачэнні незвычайнага колеру твараў Чорных Мадоннаў. Культуролагі і мастацтвазнаўцы называюць тры асноўныя тлумачэнні: экалагічнае, этнічнае і рэлігійнае. Экалагічная тэорыя сцвярджае, што светлыя твары гэтых абразоў з часам пацямнелі пад уз­дзеяннем атмасферы, у тым ліку свечкавага дыму. Таму некаторыя чорныя твары Мадоннаў (напрыклад, у Італіі ў Lucera, Montenero, Avellino, Chiaramonte Gulfi) былі падфарбаваныя белым колерам (верагодна, для аднаўлення першапачатковага колеру).

Этнічная тэорыя

Этнічная тэорыя лічыць, што цёмныя твары Мадоннаў адлюстроўваюць колер скуры карэннага насельніцтва. Такім чынам можна растлумачыць цёмныя абразы ў Афрыцы, некаторых частках Азіі, Лацінскай і Паўднёвай Амерыкі, але не іх надзвычай вялікую колькасць у Еўропе, дзе толькі ў Францыі налічваецца больш за 180 Verges Noires.

Абедзве гэтыя тэорыі непрымальныя для абразоў, на якіх цёмнатварая жанчына трымае Дзіця светлага колеру (La Vierge Miraculeuse у Notre-Dame de Marceille ці абраз у паўночным акне ў Notre Dame de Chartres). Магчыма, адказ варта шукаць у тым, як мастакі разумелі асобу самой Марыі. Таму трэцяя тэорыя будуецца на меркаванай сувязі паміж Дзевай Марыяй і дахрысціянскімі багінямі, якія сапраўды часта маляваліся з чорнымі тварамі. Іх чорны колер быў звязаны з колерам жыватворнай маці-Зямлі і адлюстроўваў рэшткі паганскага культу яе ўрадлівасці, здольнасці да аднаўлення. Некаторыя навукоўцы лічаць, што гэтае тлумачэнне ўзмацняецца самімі легендамі пра Чорных Мадоннаў. Напрыклад, у большасці гісторый пра іх паходжанне яны проста з’яўляюцца ў якасці падарункаў ад зямлі. Так, статую Notre Dame de Foy ў Бельгіі дрывасек знайшоў у самым сэрцы старажытнага дуба; статуя Santa Maria de Montserrat у Каталоніі была знойдзена пастухамі ў полі; а Notre Dame de Vacquieres у паўднёвай Францыі была ўпершыню заўважана... каровай!

Але паколькі пераважная большасць Чорных Мадоннаў з’явілася ў ХІІІ–ХIV стагоддзях, цяжка сказаць, чаму менавіта ў гэты час «рэшткі паганскага культу» раптоўна праявіліся ва ўсіх кутках Еўропы і сталі самымі ўлюбёнымі і шанаванымі хрысціянскімі святынямі. Касцёльныя ўлады, якія заўсёды — асабліва ў Сярэднявеччы — пільна сачылі і змагаліся з усімі праявамі паганства, ніколі не краналі іх і не сумняваліся ў іх артадаксальнасці і адпаведнасці хрысціянскай веры. Сярод тысячы пілігрымаў, якія прыходзілі да гэтых абразоў, былі і папы, і біскупы, і будучыя святыя. Так, св. Ігнацый Лаёла, заснавальнік ордэну езуітаў, выракся свецкага жыцця і пакінуў свой меч менавіта каля ног Santa Maria de Montserrat, статуі Панны Марыі з абсалютна чорным тварам. 

Як часта кажуць усходнія хрысціяне, абразы — гэта тэалогія ў колерах. Таму, у дадатак да разгледжаных тлумачэнняў, неабходна растлумачыць існаванне Чорных Мадоннаў з пазіцый тэалогіі і вызначыць, якія аспекты каталіцкай марыялогіі знайшлі ў іх сваё адлюстраванне. 

Рэлігійная тэорыя

У Святым Пісанні чорны колер амаль заўсёды звязаны з негатыўнымі праявамі чалавечага жыцця, якія паходзяць ад граху, — смерць (Юд 1, 12–13), хвароба (Ёв 30, 30), голад (Пл 4, 5–10, Ап 6, 5–6), смутак (Ер 8, 21) — выключэннем з’яўляецца пачатак Песні песняў Саламона. У гэтай самай лірычнай кнізе Бібліі маладыя хлопец і дзяўчына пяюць аб сваім каханні. На пачатку сваіх словаў дзяўчына кажа: «Чорная я, прыгажуня сабою...» (Пп 1, 5). Гэтыя словы ў лацінскім перакладзе, распаўсюджаным у Сярэднявеччы (Nigra sum sed formosa), частыя на абразах Чорных Мадоннаў. У Касцёле існуе старажытная традыцыя вобразнага тлумачэння Святога Пісання, асабліва кнігаў Старога Запавету. Песня песняў Саламона часцей за ўсё тлумачыцца як адлюстраванне адносінаў паміж Панам Богам і Ізраэлем, паміж Хрыстом і Касцёлам. Атрымліваецца, што чарнатварая дзяўчына — гэта Касцёл, а каханы, якога яна шукае, Хрыстус.

Трэба заўважыць, што хрысціянская тэалогія з першых дзён бачыла Панну Марыю і Касцёл як адно цэлае, як вобраз і правобраз. Таму ўсё, што сказана ў Святым Пісанні пра Марыю, датычыцца таямніцы Касцёла і духоўнага шляху кожнага хрысціяніна. Касцёл — гэта Цела Хрыста, і мы пакліканыя расці ў еднасці з гэтым Целам, бо, як пісаў св. апостал Павел, «Ужо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус» (Гал 2, 20). Улонне Марыі нарадзіла Галаву гэтага Цела — Хрыста, таму Марыя справядліва завецца Маці Касцёла. Цяпер Касцёл праз хрост і сакрамэнты працягвае дадаваць да росту Хрыстова Цела ў свеце: Касцёл сам становіцца Маці, бо праз прапаведаванне і хрост ён нараджае для новага і несмяротнага жыцця дзяцей, зачатых ад Духа Святога і народжаных ад Бога (гл. Дагматычная канстытуцыя пра Касцёл «Lumen gentium», 64).

Касцёл расце тады, калі мы прымаем ролю Марыі і добраахвотна даем згоду на тое, каб праз справу Духа Святога Хрыстус увайшоў у нас і панаваў у нашым жыцці. Як вучыў у сваіх казаннях біскуп і доктар Касцёла св. Аўгустын, пакліканне кожнага верніка — стаць маці Хрыста і нарадзіць Яго ў сваім сэрцы (Аўгустын, Sermo, 192).

Марыя як Маці Касцёла ёсць і нашаю Маці, Маці ўсіх хрысціянаў. Менавіта ў гэтай жыццятворчай ролі Панны Марыі некаторыя бачаць Яе падабенства да паганскіх багіняў. Але падабенства гэта метафарычнае і павярхоўнае, бо паміж імі ёсць глыбокая, фундаментальная розніца. Багіні прыносілі і ўзгадоўвалі біялагічнае жыццё, ад нараджэння да непазбежнай смерці. А праз Марыю ў свет прыйшло новае, вечнае жыццё, зачатае ад Духа Святога духоўнае жыццё. Як зерне памірае ў глебе, каб нарадзіцца для новага жыцця, так і мы ў хросце паміраем, каб нарадзіц­ца ва ўлонні Маці-Касцёла для жыцця вечнага. Таму шанаванне Чорных Мадоннаў — гэта не прыхаваныя рэшткі паганскага культу, а адлюстраванне ўсёй глыбіні хрысціянскага вучэння: «Смерць прыйшла праз Еву, а жыццё — праз Марыю» (LG, 56).

У справе Боскага мацярынства Марыя не была пасіўным інструментам, а, наадварот, «са свабоднай верай і паслухмянасцю Яна актыўна супрацоўнічала ў справе чалавечага збаўлення» (LG, 56). Наша збаўленне і новае жыццё не належаць толькі далёкай будучыні, бо Хрыстус ужо прабывае паміж намі ў сваім Целе, Касцёле. Таму ўжо ў гэтым свеце мы закліканыя да штодзённага актыўнага ўдзелу ў будаўніцтве Божага Валадарства, барацьбы з грахом, з прыгнётам і несправядлівасцю. Пра гэта гаворыць сама Панна Марыя ў Magnificat, сваёй самай доўгай «прамове» ў Святым Пісанні: «Бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны, а імя Яго святое. І міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне над тымі, хто Яго баіцца. Паказаў моц сваёй правіцы, рассеяў тых, хто пыхлівы сэрцам. Скінуў магутных з трона і ўзвысіў пакорных. Дабром галодных насыціў, а багатых ні з чым адправіў» (Лк 1, 49–53).

Таму прыгнечаныя ўсяго свету пазнаюць Марыю як сваю Заступніцу і Апякунку. У наш час палкія словы Марыі былі асабліва пачутыя ў Лацінскай Амерыцы як словы надзеі і заклік да актыўнай барацьбы з несправядлівасцю ва ўсіх яе праявах. Настолькі «падрыўным» стаў Magnificat у адносінах да ўсталяваных рэжымаў, што ў 80-я гады ўлады Гватэмалы нават забаранілі яго публічнае чытанне.

Традыцыйна менавіта абразы Чорных Мадоннаў, якім легенды надаюць рысы цвёрдасці, супраціўлення перамяшчэнню, моцы і здольнасці да аднаўлення, сталі сімваламі разнастайных вызваленчых рухаў за нацыя­нальную незалежнасць і сацыяльную справядлівасць. Усе гэтыя рысы найбольш поўна і яскрава адлюстраваныя ў дзвюх самых вядомых у свеце Чорных Мадоннах — Чэнстахоўскай і Гвадэлупскай. 


Анастасія Вудэн

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла