Пра святую Імшу: дары сэрца

Часам абставіны пракла­даюць паміж людзьмі вялі­кія адлегласці. Але той, хто любіць, ведае, што гэта не перашкода для сэрца. Сэрца знойдзе магчымасць.


Намнога горш, калі нашыя памылкі аддзяляюць нас ад найвялікшай Любові — Бога. Паміж Ім і намі з’яўляецца бар’ер граху. Але Сэрца Божае знаходзіць магчымасць пераадольваць гэтую пера­шкоду. Калі чалавек аддаліўся ад Бога, Бог стаўся чалавекам, каб спадарожнічаць яму ў пошуках дарогі вяртання да Бога.

Сэрца верніка ачышчанае, умацаванае і «настроенае» Божым словам, сэрца, якое дэкларуе хрысціянскую любоў праз малітву за ўсіх церпячых, не можа затрымацца на намерах. Такое сэрца прагне аддаваць, ахвяраваць.

На пачатку другой асноўнай часткі святой Імшы, якая называецца Эўхарыстычная літургія, адбываецца прыгатаванне дароў. Святар бярэ ў свае рукі пшанічны хлеб і вінаграднае віно і ўзносіць іх над алтаром, праслаўляючы Бога за дар Ягонай шчодрасці:

«Благаслаўлёны Ты, Пане Божа сусвету,
бо дзякуючы Тваёй шчодрасці мы атрымалі хлеб,
плод зямлі і працы рук людскіх;
ахвяруем яго Табе, каб ён стаў для нас хлебам жыцця.
Благаслаўлёны Ты, Пане Божа сусвету,
бо дзякуючы Тваёй шчодрасці мы атрымалі віно,
плод вінаграднай лазы і працы рук людскіх;
ахвяруем яго Табе, каб яно стала для нас напоем духоўным».

Хлеб і віно былі звычайным пасілкам і напоем людзей старажытнага Усходу, а сёння ў літургіі яны могуць быць выразам нашай што­дзённасці, якую мы ахвяруем Богу з просьбаю напоўніць яе Яго прысутнасцю.

Са старажытных часоў да алтара прыносіліся таксама іншыя дары з палёў і гаспадарак вернікаў. Гэтыя дары пасля станавіліся падтрымкай для тых, хто знаходзіўся ў патрэбе, а таксама прызначаліся на патрэбы мясцовай супольнасці хрысціянаў. Таксама і сёння з розных нагодаў у Касцёле ладзяцца прыго­жыя працэсіі з дарамі, што сведчаць пра нашае жаданне далучыцца да ахвяры, якую прыносіць Богу Касцёл праз пасрэдніцтва святара. Аднак надзвычай важна, каб наша ахвяра не абмяжоўвалася толькі сімваламі. Важна, каб кожны ахвяраваў Богу сваё сэрца. Пан чакае, калі мы прынясем у ахвяру не толькі сэрцы, напоўненыя поспехамі і дасягненнямі, радасцю і падзякай. Ён чакае таксама сэрцаў, перапоўненых клопатам, трывогай, горыччу, бо гэта таксама нашае звычайнае чалавечае жыццё. Бог не хоча, каб нешта сталася перашкодаю для Яго любові і бар’ерам для любові паміж намі. Бог хоча, каб кожнае сэрца сталася месцам дзеяння Ягонай ласкі.


Ксёндз Уладзімір Русак

 

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла