Ці можа католік карыстацца малітвамі іншых веравызнанняў?

Каталіцкі Касцёл клапоціцца пра тое, каб дапамагчы вернікам адрозніваць тое, што адпавядае праўдзіваму веравучэнню, а што — не. Для гэтага існуць спецыяльныя службы як на агульнакасцёльным (Апостальская Сталіца), так і на мясцовым (дыяцэзіяльная курыя) узроўні.


Адметнаю рысаю белару­скага грамадства з’яўляецца разнастайнасць веравызнанняў. Як вядома, абсалютная большасць насельніцтва нашай краіны атаясамлівае сябе з хрысціянствам. Сярод іх найбольшая частка адносіць сябе да праваслаўя, значная колькасць — да католікаў, нямала таксама вызнаўцаў разнастайных пратэстанцкіх супольнасцяў. Уся гэтая шматканфесійная стракатасць нашага насельніцтва становіцца яшчэ больш разнастайнаю ў сувязі са змешанымі сем’ямі, якім даводзіцца практыкаваць пад адным дахам і за адным сталом традыцыі, звычаі і абрады розных веравызнанняў. Гістарычныя ўмовы ў Беларусі склаліся так, што стала жыццёвай неабходнасцю талерантнасць да таго, што хтосьці крыху інакш моліцца ці інакш адзначае рэлігійнае свята. Сутыкненне рэлігій і культур не магло не прывесці да ўзаемапранікнення некаторых звычаяў і традыцый.

Развіццё камунікацый і тэхналогій у апошнія часы яшчэ больш паглыбіла ўзаемасувязі паміж самымі разнастайнымі формамі рэлігійнасці. Дзякуючы сучасным масмедыя вернікі пачалі задавольваць свае рэлігійныя патрэбы, актыўна выкарыстоўваючы не толькі друкаваную літаратуру, не толькі аўдыё-візуальныя сродкі камунікацыі, але і велізарны патэнцыял інтэрнэт-рэсурсаў. Усё гэта дазваляе вельмі хутка знайсці неабходную малітву, паслухаць прапаведніка, паназіраць за набажэнствам, пабачыць адарацыю ці проста знайсці нейкую інфармацыю паводле ўласных духоўных запатрабаванняў. Сустракаючыся з цэлым акіянам самай рознай рэлігійнай інфармацыі ў віртуальнай і кніжнай прасторы, вернікі могуць часам губляцца, бо існуе шмат вераў, канфесій, формаў нібыта адной і той жа праўды. Узнікаюць пытанні: што выбраць? Каму верыць? Ці можна выкарыстоўваць тую ці іншую малітву хрысціянаў іншага веравызнання?

Каталіцкі Касцёл клапоціцца пра тое, каб дапамагчы вернікам адрозніваць тое, што адпавядае праўдзіваму веравучэнню, а што — не. Для гэтага існуць спецыяльныя службы як на агульнакасцёльным (Апостальская Сталіца), так і на мясцовым (дыяцэзіяльная курыя) узроўні. Яны стараюцца праверыць кожную публікацыю, якая прэтэндуе на назву каталіцкай або важнай для вернікаў, на яе адпаведнасць хрысціянскай веры і маралі Касцёла. У выніку тыя публікацыі, якія прызнаюцца кампетэнтнымі органамі Касцёла адпаведнымі каталіцкай дактрыне, зазвычай маюць на пачатку або ў канцы пацвярджэнне на сучаснай або лацінскай мове: «З дазволу касцёльных уладаў», «Дазваляецца публікаваць», «imprimatur», «nihil obstat» і інш.

Кожны раз, калі католік бярэ ў рукі малітоўнік ці рэлігійную кнігу і хоча ведаць, ці адпавядаюць яны каталіцкай веры, яму неабходна звярнуць увагу на наяўнасць такога пацвярджэння касцёльных уладаў. Калі яго няма, значыць гэтая публікацыя мае прыватны характар і можа змяшчаць інфармацыю, якая не зусім згодная з навучаннем Касцёла. У такім выпадку неабходна лічыцца з тым, што мы маем справу з непацверджаным або, магчыма, у чымсьці памылковым зместам тэксту.

Яшчэ больш ускладняецца сітуацыя, калі католік знаходзіць нейкія вельмі прыгожыя тэксты або малітвы ў літаратуры іншай канфесіі. Часам даходзіць да таго, што чалавек перажывае ўнутраны канфлікт паміж жаданнем карыстацца знойдзенай дзесьці малітвай і страхам памыліцца, духоўна нашкодзіць сабе, а можа, яшчэ і іншым.

Самы просты спосаб па­збавіцца страхаў і сумненняў — звярнуцца да мясцовага душпастыра і параіцца з ім. Калі вернік адчувае, што святар можа памыляцца або няправільна яго зразумеў, можна заўсёды звярнуцца да іншага душпастыра або ў дыяцэзіяльную курыю.

Навошта звяртацца да святара і шукаць парады? Справа ў тым, што існуюць фальшывыя малітвы, неадпаведныя праўдзе веры, і нават магічныя закліканнні, «апранутыя» ў хрысціян­скія малітоўныя выразы. На першы погляд, яны могуць здавацца зусім нявіннымі, і толькі чалавек з тэалагічнай адукацыяй можа распаз­наць фальш, разыходжанні з Божым Аб’яўленнем, Традыцыяй Касцёла, супярэчнасць з дактрынаю Касцёла і духоўную шкоду. Прыкладам псеўда-малітвы могуць быць нейкія мольбы і заклікі, у якіх асоба не просіць Бога, але Яму загадвае. Часам можна наткнуцца на псеўда-малітвы, у якіх заклікаюцца нейкія сілы прыроды, камусьці са святых прыпісваюцца боскія рысы, а сам Бог адсоўваецца ў цень, нібыта Яго няма.

У нашым грамадстве пасля ліхалеццяў атэістычнай сістэмы існуюць сур’ёзныя прабелы ў распазнаванні праўды ў рэлігійнай сферы. Гэта выкарыстоўваюць разнастайныя секты, шкодныя культы і вучэнні. Ведаючы, што значная частка нашага грамадства — гэта праваслаўныя, распаўсюджвальнікі псеўда-хрысціянскіх публікацый імкнуцца выдаць іх за нібыта праваслаўныя або паблагаслаўленыя кімсьці з праваслаўных іерархаў. Аднак практыка паказвае, што далёка не кожная рэлігійная літаратура мае нешта агульнае з Царквою, імем якой падпісваецца. Такія самазваныя кнігі, фільмы, малітоўнікі часам абяцаюць вернікам духоўнасць, якая ў выніку заканчваецца акультызмам, кантактам з «неспазнанымі сіламі».

Католікі, якія жывуць у асяроддзі практыкуючых праваслаўных вернікаў, могуць многаму ад іх навучыцца, але некрытычнае выкарыстанне літаратуры іншай канфесіі, хоць і хрысціян­скай, азначае ўваходжанне на мала знаёмую тэрыторыю, ад чаго пагроза памыліцца моцна ўзрастае. Вернік, які мае слабыя ўяўленні аб асаблівасцях хрысціянскай праўды, можа незаўважна для сябе пайсці за такім падманам.

Існуюць сітуацыі, калі католік спачатку захапляецца, напрыклад, праваслаўнай духоўнай і малітоўнай літаратурай, а пасля раптам для сябе адкрывае, што Касцёл мае падобныя творы і падобных аўтараў, і вялікія малітвы сваіх святых. Такія выпадкі яшчэ раз даказваюць, што варта паглыбляць пазнанне сваёй веры, духоўнасці і малітвы. За дзве тысячы гадоў вельмі інтэнсіўнага і прыгожага духоўнага шляху Каталіцкі Касцёл назапасіў унікальны вопыт і багатую спадчыну самых разнастайных формаў пабожнасці і малітвы. Таму адпрэчванне свайго і ўсхваленне чужога з’яўляецца праяўленнем убогасці асабістай веры і недастатковай рэлігійнай адукацыі верніка. Варта раіць такім асобам не толькі захапляцца малітвамі іншых канфесій, але адкрываць багацце свайго Касцёла.

У беларускіх рэаліях часам можна сустрэцца з выпадкамі, калі католік захапляецца нейкім святым і лічыць яго праваслаўным, а на самай справе гэты святы ўшаноўваецца Каталіцкім Касцёлам і існуе шмат каталіцкіх малітваў, літаній і навэннаў праз яго заступніцтва. Найчасцей такія «паралельныя» культы адносяцца да святых першага тысячагоддзя хрысціянства, калі яно не было падзеленае на канфесіі. Пасля іх раздзялення ўшанаванне працягвалася і ў Касцёле, і ў Царкве. Прыкладам ушанавання такіх святых можа быць святы Юрый, святы Шарбэль (Маклуф), святая Таццяна (Рымская), святы Аляксей (Рымскі) і інш. Існуюць вельмі прыгожыя, духоўна і тэалагічна глыбокія каталіцкія малітвы да сотняў святых і на розныя жыццёвыя нагоды. І выглядае па меншай меры дзіўна, калі католік, маючы перад сабою такое вялікае багацце малітваў, літаній, навэннаў і ўсялякіх набажэнстваў, выбірае не сярод іх, але шукае духоўнага спажытку ў іншых канфесіях.

Часам аматары «іншай» духоўнасці апраўдваюць сваю такую незадаволенасць і захапленне чужым прыгожым словам «экуменізм» (адзінства хрысціянаў). Некаторыя ўвогуле гэтым тэрмінам імкнуцца прыкрыць сваю рэлігійную індыферэнт­насць і сінкрэтызм, перамешваючы ўсе культы, рэлігіі, паняцці, веру, малітвы, праўду, фальш, называючы ўсё аднолькава праўдзівым, важным і карысным. На самай справе не можа быць роўнасці паміж праўдаю і фальшам. Са­праўдны каталіцкі экуменізм — гэта не фальшывая талерантнасць, не перамешванне і не перайманне. Гэта шлях да пошуку са­праўднага ўзаемаразумення і адзін­ства паміж канфесіямі. Гэта не кампраміс з праўдаю, а сумесны пошук таго, што яднае нас у Богу (пар. «Дэкрэт аб экуменізме», Другі Ватыканскі Сабор, 4–8). Сапраўдная шчырая вера, пашана да Бога і Яго Касцёла асабліва правяраецца малітоўнай практыкай. Таму заўсёды варта пытацца не пра тое, ці можна карыстацца малітвамі іншых канфесій, але: навошта гэта рабіць? Навошта шукаць у кагосьці тое, што мы ўжо маем у сябе? Калі хтосьці не мае, варта адкрыць для сябе багацце і прыгажосць свайго Касцёла. Варта, ідучы за заклікам св. Грыгорыя Вялікага, пазнаваць сваю хрысціянскую годнасць, пазнаваць сваё багацце веры, духа і малітвы Хрыстовага Касцёла, чэр­паць з гэтага багацця і дзяліцца ім з іншымі.


Ксёндз Андрэй Рылка
рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша
Аквінскага ў Пінску, канцлер Курыі Пінскай дыяцэзіі, магістр тэалогіі
і філасофіі, дактарант філасофскага факультэта Люблінскага
каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.

 

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней