Яна адкрыла нам вочы

Разважанні пасля аднаго набажэнства

13 кастрычніка, у дзень завяршэння чацвёртага году Фацімскай навэнны, у шумілінскім касцёле Маці Божай Фацімскай сабраліся на малітву вернікі  з розных куткоў Віцебшчыны. Не надта ветлае восеньскае надвор’е не стала перашкодаю для сустрэчы, якая на гэты раз была яшчэ больш урачыстаю, бо ў Шуміліне адбывалася таксама духоўная сустрэча святароў і законных сясцёр Віцебскай дыяцэзіі з біскупам Уладзіславам Блінам. Шаноўным госцем шумілінскай парафіі быў таксама біскуп Пінскай дыяцэзіі Антоні Дзям’янка, які цэлебраваў святую Імшу.

…Гэта ўжо стала добрай традыцыяй — пачынаючы з 13 мая і да 13 кастрычніка, кожны месяц сустракацца на малітоўным чуванні ў касцёле Маці Божай Фацімскай і тым самым прыгадваць самім сабе змест Фацімскага паслання, з якім Маці Божая звярнулася да людзей 95 гадоў таму ў невялікім партугальскім гарадку Фаціме. У гэтых малітоўных чуваннях звычайна ўдзельнічаюць не толькі вернікі з Шуміліна і яго ваколіцаў, але таксама і госці з іншых парафій Віцебшчыны. Яно і зразумела: Маці Божая праз пастушкоў з Фацімы звярнулася ў 1917 годзе да ўсіх нас, да ўсіх жыхароў Зямлі.

Кожны хрысціянін ведае, наколькі важнымі ў духоўным жыцці з’яўляюцца вернасць, настойлівасць і чуванне. І тое, пра што казала Маці, аб чым Яна папярэджвала чалавецтва, застаецца актуальным і сёння. На жаль, шмат людзей бяздумна грашаць, растрачваючы сваё жыццё на пустыя рэчы і падманныя каштоўнасці, абдзяляючы тым самым саміх жа сябе і сваіх нашчадкаў. Ну хіба ж не актуальная і цяпер малітва Анёла, якой Ён навучыў фацімскіх візіянераў Луцыю, Жасінту і Францішка? Хіба не павінна яна гучаць у сэрцы кожнага сучаснага хрысціяніна? Божа мой, веру і кланяюся Табе, спадзяюся на Цябе і люблю Цябе. Прашу дараваць тым, хто не верыць, не кланяецца Табе, не мае надзеі і не любіць Цябе. Заклік да людзей не шкадаваць часу на малітву, перапрашаць Пана Бога за грэшнікаў, прыносіць Яму ахвяры за тых, хто зацвярдзеў у сваіх грахах, яшчэ і яшчэ раз нагадвае нам пра адказнасць хрысціянаў не толькі за саміх сябе, свае сем’і, за родных і блізкіх, але і за чужых людзей, часта за тых, чые ўчынкі і лад жыцця непрыемныя нам. Гэта няпроста — маліцца за тых, хто табе непрыемны, прасіць Пана Бога за тых, чые паводзіны цябе шакіруюць, жадаць дабра тым, хто не ўспрымае цябе або нават здзекуецца з тваёй веры і вернасці Хрысту. Але хто сказаў, што жыццё хрысціяніна павінна быць простым? Гэтага Езус нам не абяцаў.

Прыгадайма тут і такое папярэджанне Анёла Супакою дзецям з Фацімы: «Маліцеся. Вы павінны шмат маліцца! З усяго, што маеце, складайце ахвяры і прасіце прабачэння за грахі, якія абражаюць Бога; прасіце, каб грэшнікі навярнуліся да Бога… А перадусім цярпліва, з пакораю прымайце ўсе выпрабаванні, якія Пан Бог пашле вам». Гэтым дзецям сапраўды хапіла выпрабаванняў, але яны мелі моцную веру, і таму вытрывалі ў малітве, якая стала для іх не проста словамі, а сэнсам усяго жыцця. Найсвяцейшая Тройца, Айцец, Сын і Дух Святы, кланяюся Табе ў глыбіні душы і ахвярую Табе найдаражэйшае Цела, Кроў, Душу і Боскую сутнасць Езуса Хрыста, Які прысутнічае ва ўсіх табэрнакулюмах зямлі, — за абразы, святатацтва і абыякавасць, што зневажаюць Яго. У імя бясконцых заслугаў Яго Найсвяцейшага Сэрца, а таксама Беззаганнага Сэрца Марыі просім Цябе аб навяртанні няшчасных грэшнікаў.

Якое ж гэта вялізнае і адказнае заданне нам, вернікам усіх часоў і народаў, — трываць у духоўным змаганні за тых, хто не верыць, хто яшчэ не пазнаў Бога! І як жа часта мы забываем пра яго ў сваёй зручнай, утульнай пабожнасці, якую самі ж і стварылі ды заспакоілі тым самым саміх сябе! Як жа часта, ідучы ў пабожных працэсіях, нам прыемна думаць пра сваю абранасць, выключнасць, вышэйшасць над тымі, хто пакуль што здаля пазірае на нашыя працэсіі, нібы пабойваючыся зрабіць свой крок і ступіць на шлях веры…

А для дзяцей з Фацімы ўсё было проста. Яны ўсёй душой паверылі і прынялі неабходнасць свайго ўдзелу ў справе збаўлення. Для гэтага яны выкарыстоўвалі самыя розныя сродкі, нават вяроўку на паясніцы, што балюча ўпівалася ў цела і прыносіла нясцерпны боль, які гэтыя святыя душы ахвяроўвалі Пану Богу за навяртанне грэшнікаў. Некаторыя сучасныя хрысціяне-прагматыкі маглі б пасміхнуцца з такой веры, калі б не прачыталі ў Евангеллі: «…калі не навернецеся і не станеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае» (Мц 18,3).

Маці Божая ў Фаціме колькі разоў прасіла людзей маліцца на ружанцы ды з пакораю перапрашаць Пана Бога за грахі, што абражаюць Яго. Заўважым яшчэ раз: не толькі за свае грахі, што само па сабе зразумела, але і абавязкова за грахі іншых людзей. Ці ж гэта не заданне для ўсіх нас, сучасных хрысціянаў? І ці ж гэта не выйсце з нашай заспакоенасці ды засяроджанасці выключна на сваіх праблемах? Маці Божая з Фацімы нібы адкрыла нашыя вочы на абшар зямлі, на якой мы жывем, заклікала нас вырвацца з вузкага кола ўласных праблемаў і ахвярна супрацоўнічаць з Яе Сынам у справе збаўлення.

Фацімскае пасланне — не толькі заклік да перапрашэння і пакаяння. Гэта яшчэ і заклік да вялікай удзячнасці Пану Богу. І ён напоўніцу адгукнуўся ў душах фацімскіх візіянераў, якія ператварылі сваё жыццё пасля сустрэчы з Маці Божай у безупынны гімн хвалы Найвышэйшаму. Яны яшчэ жылі нейкі час на зямлі, але ўжо не належалі зямлі і гэтаму свету. «Я гэтак моцна люблю нашага Пана і Маці Божую, — часам казала святая Жасінта, — што мне ніколі не лішне паўтараць, што люблю іх. Калі шмат разоў паўтараю, што люблю Езуса, здаецца, быццам у грудзях запальваецца агонь, але гэты агонь не пячэ». Вялікі агонь любові, распалены ў сэрцы фацімскай візіянеркі, дапамог ёй праз нейкі час, калі надышлі суровыя выпрабаванні, верна вытрываць у Хрысце. «Цешуся, што цярплю з любові да Іх (да Езуса і Марыі). Як жа моцна любяць Яны тых, хто церпіць за навяртанне грэшнікаў!» Усё так проста і адначасна не па-дзіцячы мудра!

…На святой Імшы ў Шуміліне ксёндз у казанні запрашаў вернікаў задаць сабе пытанне, ці падобныя яны да Маці Божай? Зразумела, гэта гучала запрашэннем станавіцца больш дасканалымі, вернымі, пакорнымі, набываючы рысы, уласцівыя Маці Божай. Мне ж, калі я перачытвала потым гісторыю фацімскіх аб’яўленняў, думалася пра тое, што не шкодзіла б нам навучыцца шырыні погляду і ад фацімскіх візіянераў, бо гэта так актуальна — бачыць далей свайго плоту, забыцца на такое зручнае «мая хата з краю» і па-сапраўднаму адкрыцца на Бога і бліжніх. Гэта так важна — мець адвагу стаць у праломе скалы і звярнуцца да Бога заступніцкай малітвай за тых, што жывуць побач з табою і далёка ад цябе, за сяброў, знаёмых і незнаёмых табе, за тых, што церпяць голад, нястачу, пераслед, за тых, што загразлі ў сваіх грахах і не бачаць выйсця. Навошта нам гэты дадатковы клопат? Бо маем не толькі шчасце, але і адказнасць належаць да народу Божага. Пра гэта нам кажа Евангелле Езуса Хрыста. І пра гэта нам нагадвае Маці Божая — наша Заступніца, Апякунка, Пасрэдніца, наша Маці. Дык спяшаймася ж скарыстаць дадзены нам час — Фацімская навэнна працягваецца…

Ірына Жарнасек.
Фота аўтара.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла