Смаргонь: аазіс жывой веры

«Я доўга не мог зразумець, чаму ў католікаў так шмат святаў: што ні нядзеля, то — фэст. Цэлы дзень каля касцёла поўна народу...» (з размовы праваслаўнага мужчыны з католікам у Смаргоні).

Невялікі ўтульны горад Смаргонь, які знаходзіцца на мяжы Гродзенскай і Мінскай абласцей, доказна аспрэчвае статыстыку пра тое, што ў Беларусі жыве 80 працэнтаў праваслаўных і крыху больш за 15 працэнтаў католікаў. У гэтым горадзе, дзе насельніцтва складае 37 тысяч чалавек, афіцыйна прызнана, што палова з іх — католікі. У нядзелю амаль цэлы дзень касцёл знаходзіцца ў цэнтры людскога руху. Адныя ідуць у касцёл, другія вяртаюцца з яго. Касцёл невялікі і пакуль што адзіны ў горадзе, таму на кожнай святой Імшы, а іх у нядзелю пяць, святыня перапоўнена і частка вернікаў знаходзіцца на вуліцы.

Касцёл мае тытул святога арханёла Міхала, а служаць тут з пачатку 90-х гадоў святары з таварыства святога Яна Боско, якіх называюць салезіянамі ў гонар апекуна гэтай супольнасці св. Францішка Сальскага. Смаргонскай парафіі вельмі шанцуе
на святароў. З самага пачатку адраджэння касцёла тут служылі і служаць духоўна вельмі моцныя святары, сапраўдныя паслядоўнікі св. Яна Боско. Пробашчам парафіі вось ужо 10 гадоў з’яўляецца ксёндз Здзіслаў Вэдэр, які ў гэтым годзе адзначыў 50-годдзе свайго святарскага пасвячэння. 22 гады з гэтых 50-ці ён як місіянер працуе на Усходзе. Чалавек вельмі аскетычны і добры. Часам вернікі папярэджваюць пробашча, што яго даверлівасцю і міласэрнасцю злоўжываюць людзі з пакручаным лёсам, у тым ліку алкаголікі. У такіх выпадках ксёндз Здзіслаў нагадвае словы Святога Пісання, дзе гаворыцца, што лекар патрэбны не здаровым, а хворым, а міласэрнасць павінна заўсёды знаходзіцца па-над правасуддзем. Мудры і разважлівы, ён спакойна рэагуе на непрыемнасці, якія нярэдка здараюцца ў жыцці. Уся парафія, напрыклад, перажывала шок, калі палявы алтар, які пабудавалі для ўрачыстай святой Імшы з нагоды святарскага юбілею кс. Здзіслава, у імгненне вока быў разбураны страшнай віхурай. «Д’ябал лютуе», — казалі ў адзін голас парафіяне. Ксёндз Здзіслаў са спакойнай усмешкай сказаў тады: «Усё трэба прымаць з пакораю».

Міжволі ўспомніўся выпадак з жыцця св. Яна Боско, калі той вырашыў дабудаваць да памяшкання дзіцячага прытулку новае крыло дома. Будаўніцтва ўжо падыходзіла да фіналу, аднак у начы падчас буры прыбудова ператварылася ў разваліны.
Дон Боско спакойна сказаў перапуджаным хлопцам: «Гэта справа д’ябла, але з дапамогай Бога і Маці Божай мы зноў усё адбудуем».

На адбудову палявога алтара ў Смаргоні не было ўжо часу, таму ўрачыстую святую Імшу перанеслі ў вялікі і прасторны будынак араторыя. У той дзень тут святкавалася 50-годдзе святарскіх пасвячэнняў двух ксяндзоў — Здзіслава Вэдэра і яго сабрата па ордэну а. Казіміра Вальчука, які працуе ў Ністанішках Смаргонскага раёна.

Вельмі сімвалічна, што ў наступную суботу 9 чэрвеня тут жа адбылося святарскае пасвячэнне новапрэзбітэра — салезіяніна Станіслава Краўчанкі, які паходзіць з гэтага горада і з гэтай парафіі. Парафіяне з гонарам адзначаюць, што ксёндз Аляксандр Яшэўскі, які год таму прыехаў працаваць у Смаргонь з мінскага касцёла св. Яна Хрысціцеля, таксама іх зямляк. Многія вернікі маліліся тут на яго прыміцыйнай святой Імшы
ў 2000 годзе. Са Смаргоні паходзіць і ксёндз Уладзімір Кабак, які цяпер працуе ў салезіянскай школе ў Гатчыне. Вучацца ў салезіянскай духоўнай семінарыі клерыкі Дзяніс Бразінскі і Павел Раманоўскі. У гэтым годзе ў Славакіі пачаў навіцыят Марк Найдзіч. Выгадавала парафія і сваіх законных сясцёр салезіянак — Валянціну Кот і Вераніку Блізнюк.

Сёння, калі глядзіш на вялікую колькасць міністрантаў у гэтым касцёле і на тую моладзь, якая штодня збіраецца ў араторыі, верыцца: з пакліканнямі да святарскага і манаскага жыцця ў смаргонскай парафіі праблемаў не будзе. На тэму паклікання тут тройчы на год праводзяцца рэкалекцыі, асобна для дзяўчат і хлопцаў. І, вядома ж, вялікую ролю ў распазнанні паклікання адыгрывае араторый (моладзевы цэнтр). Араторый — гэта сапраўдны аазіс веры  ў пустыні сучаснай бездухоўнасці. Тут дзеці і моладзь вучацца ісці па жыцці з Богам, вучацца жыць у супольнасці. Святы Дон Боско ў свой час казаў, што мэта араторыя — выхаванне добрых хрысціянаў і сумленных грамадзянаў. Ён нястомна гаварыў і пра тое, што д’ябал баіцца вясёлых людзей. У смаргонскім араторыі наказы вялікага святога — у дзеянні. Радасць напаўняе ўсе мерапрыемствы, якіх тут вельмі шмат. Вось толькі некаторыя: «КВН», «Што? Дзе? Калі?», конкурсы, віктарыны, тэатральныя пастаноўкі, настольныя гульні, актыўныя гульні на вуліцы. Сёння каля касцёла заканчваецца будаўніцтва спартыўнай пляцоўкі. У падвальным памяшканні цэнтра ёсць трэнажорная зала. У араторыі моладзь мае таксама магчымасць вывучаць замежную мову, камп’ютар, вучыцца ігры на гітары, а галоўнае — вучыцца любіць і прымаць кожнага чалавека такім, які
ён ёсць, бо без гэтага немагчыма любіць Бога.

У араторыі дзеці і моладзь самі ўдзельнічаюць у арганізацыі, падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў, стараюцца, каб у кожнага была магчымасць праявіць свае таленты, здольнасці і адкрыць новыя. Усё робіцца з малітвай і абавязкова пад кіраўніцтвам святара. Апошнія пяць гадоў духоўным настаўнікам араторыя быў ксёндз Аляксандр Мятліцкі, які год таму паехаў працаваць у Мінск. Цяпер моладзевым цэнтрам духоў-на апякуюцца ксяндзы Іван Огар і Аляксандр Яшэўскі. Дапамагаюць ім аніматары, а таксама салезіянскія супрацоўнікі (дарослыя людзі, якім блізкая духоўнасць св. Яна Боско).

Назіраючы не адзін год за дзейнасцю смаргонскага араторыя, скажу шчыра, што я захапляюся гэтымі дзяўчатамі і хлопцамі, якія  знайшлі тут сапраўдную сям’ю, дзе пануе атмасфера любові, радасці, узаемаразумення. Ім вельмі пашчасціла, што святы Дон Боско ўзяў пад сваю апеку смаргонскую парафію, у якой служаць яго верныя паслядоўнікі. Разумеюць гэта і выхаванцы араторыя, якія ў адзін голас падтрымліваюць словы Веранікі Ермак: «Толькі адпачынак з Богам дае сапраўднае шчасце. Яго не знойдзеш на вуліцы, таму мы вельмі ўдзячныя Пану Богу, нашым духоўным апекунам за гэтую вялікую ласку».

Пра духоўнае жыццё смаргонскай парафі, пра шматлікія супольнасці і рухі, што тут існуюць, можна пісаць вельмі шмат. Карыстаючыся нагодай, хочацца шчыра падзякаваць сакрыстыяніну Здзіславу Ялгоўскаму за цудоўны голас і за яго спевы падчас святых Імшаў. Самых добрых словаў заслугоўваюць святары, якія тут служаць, бо дзякуючы іх нястомнай працы мацнее дух парафіянаў, а таксама іх колькасць.


Галіна Калевіч

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла