Калі сужэнцы любяць адно аднаго — аборту быць не можа!

Няма сумненняў, што чалавек не мае права забіваць. Але, на маю думку, варта памятаць, што аборт — гэта забойства, і вельмі важна займацца выкараненнем прычынаў, якія да яго прыводзяць. А галоўная прычына — катастрафічная нястача любові ў нашым занадта «матэрыяльным» грамадстве. Часам сужэнцамі становяцца людзі, якія яшчэ не сталі дарослымі маральна і не могуць браць адказнасць не толькі за дзяцей, але нават за саміх сябе. Трагедыя ў тым, што інтымныя зносіны маюць людзі, не гатовыя да выхавання дзяцей.

Для таго, каб прадухіліць забойствы ненароджаных дзяцей, трэба пачынаць з самога пачатку. Вось, напрыклад, знаёмяцца хлопец і дзяўчына — а дзеля чаго яны знаёмяцца? Ці ёсць у кожнага з іх мэта — стварэнне сям’і? Ці мэтаю ёсць толькі фізічная блізкасць? І ці насамрэч ім патрэбны шлюб і дзіця? І навошта? Калі, напрыклад, аднаму з іх гэта патрэбна, каб «адкасіць» ад войска альбо размеркавання, а другой — каб нечым запоўніць пустэчу ў душы альбо «таму, што ўжо час»? У такім разе дзіця можа аказацца нежаданым, непатрэбным, а гэта і ёсць патэнцыйная ахвяра. І нават калі ўдасца выратаваць жыццё, што будзе далей з чалавекам, які, ад нараджэння пазбаўлены мацярынскай і бацькоўскай любові, трапіць у атмасферу абыякавасці? Чалавеку, які з маленства не атрымліваў любові, цеплыні і пяшчоты, вельмі няпроста навучыцца любіць. Ён мае замала шанцаў стаць шчаслівым. Яшчэ горш, калі бацькі няверуючыя і чалавек расце без Бога, сам-насам са сваімі праблемамі. Менавіта такія людзі часцей за іншых хварэюць, трапляюць у алкагольную альбо наркатычную залежнасць, здзяйсняюць правапарушэнні. Больш за тое, іх жыццё карацейшае і яны, у сваю чаргу, не могуць паўнавартасна выхоўваць сваіх дзяцей. Нават калі такі чалавек з цягам часу прыйдзе да Касцёла і хрысціянскай веры, яму будзе вельмі цяжка змяніць сябе. А тыя бацькі, якія добра ўсведамляюць, дзеля чаго яны ствараюць сям’ю, шчыра любяць адно аднаго, шчыра любяць сваё дзіця, нецярпліва чакаюць яго нараджэння, гатовыя яго гадаваць — хіба могуць пайсці на яго забойства? Тым больш, веруючыя людзі? І толькі такія бацькі могуць выхаваць дзіця годным хрысціянінам, жывым, шчаслівым чалавекам, адкрытым на Бога і на бліжняга.

Якое тут можа быць выйсце? Усім нам трэба вучыцца жыць паводле дзвюх запаведзяў любові і вучыць гэтаму іншых людзей, дзяліцца сваёю любоўю і вучыцца яе прымаць. Трэба памятаць аб адказнасці за выхаванне дзяцей, у тым ліку і будучых. Памятаць, што ад сексу з’яўляюцца дзеці, і тлумачыць гэта тым, хто пра гэта забываецца, каб дзеці нашыя былі і чаканыя, і жаданыя, і каханыя. Так, задача вельмі няпростая, але тады пытанне абортаў будзе адпадаць само сабою, бо маці не заб'е сваё дзіця, калі любіць яго.


Юрый Панін

Цэтлікі: Нам пішуць

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней