Год веры і новай евангелізацыі

11 кастрычніка 2012 года падчас XIII Звычайнага Сіноду Біскупаў па новай евангелізацыі для перадачы хрысціянскай веры, у 50-ю гадавіну пачатку Другога Ватыканскага Сабору і 20-ю гадавіну абвяшчэння Катэхізіса Каталіцкага Касцёла папа Бэнэдыкт XVI распачаў Год веры, які завершыцца ва ўрачыстасць Хрыста, Валадара Сусвету, 24 лістапада 2013 года.

З казання Святога Айца падчас святой Імшы на распачацце Году веры

<...> Калі сёння Касцёл абвяшчае новы Год веры і новай евангелізацыі, то не з мэтаю ўшанаваць юбілей, а таму што гэта неабходна яшчэ больш, чым пяцьдзясят гадоў назад! <...> За гэтыя дзесяцігоддзі пайшло наперад духоўнае «апустыньванне». Адпаведныя высновы пра тое, што такое жыццё і свет без Бога, можна было зрабіць ужо ў часы Сабору на падставе некаторых трагічных падзеяў гісторыі, аднак сёння мы бачым гэта, на жаль, штодзённа ў нашым атачэнні. Гэта пустка, якая пашыраецца.

І ўсё ж, зыходзячы мена-віта з вопыту пустыні, гэтай пусткі, мы можам нанава адкрыць радасць, заключаную ў веры, яе жыццёвую неабходнасць для нас, людзей. У пустыні наноў адкрываеш каштоўнасць таго, што важна для жыцця; так, у сучасным свеце існуюць незлічоныя, часта прыхаваныя або ўспрынятыя негатыўна знакі прагнення Бога — апошняга сэнсу жыцця. І ў пустыні нам патрэбны перадусім веруючыя людзі, якія сваім уласным жыццём паказваюць шлях у абяцаную краіну і такім чынам падтрымліваюць дзейснасць надзеі. Жывая вера адкрывае сэрца на Божую ласку, якая вызваляе ад песімізму. Сёння больш чым калі-небудзь евангелізацыя азначае сведчанне пра новае, перамененае Богам жыццё, яна паказвае тым самым шлях. У першым чытанні мы пачулі пра мудрасць вандроўнікаў (пар. Сір 34, 9–13): вандроўка — гэта стыль жыцця, і мудры вандроўнік — гэта той, хто навучыўся майстэрству жыць і можа дзяліцца ім з іншымі, як гэта робяць пілігрымы на шляху ў Санцьяга або на іншых пілігрымскіх шляхах, што невыпадкова зноў увайшлі ў моду ў апошнія гады.

Чаму сёння так шмат людзей маюць патрэбу праходзіць гэтымі шляхамі? Можа таму, што там яны знаходзяць сэнс нашага зямнога быцця або па меншай меры прадчуваюць яго? Такім чынам, мы можам вобразна ўявіць гэты Год веры як пілігрымаванне праз пустыню сучаснага свету, падчас якога бярэш з сабою толькі самае неабходнае: не трэба мець пры сабе ні кія, ні торбы, ні хлеба, ні срэбра, ні дзвюх вопратак — як, выпраўляючы апосталаў, казаў ім Пан (пар. Лк  9, 3), але Евангелле і веру Касцёла, што ззяе ў дакументах Другога Ватыканскага Сабору, а таксама ў Катэхізісе Каталіцкага Касцёла, які быў апублікаваны 20 гадоў назад.

Дарагія і паважаныя браты, 11 кастрычніка 1962 года адзначалася свята Святой Багародзіцы Марыі. Менавіта Ёй мы даручаем Год веры <...> Няхай Панна Марыя заўсёды ззяе як зорка на шляху новай евангелізацыі. Няхай Яна дапаможа нам кіравацца заклікам апостала Паўла: «Слова Хрыста няхай жыве ў вас ва ўсёй паўнаце, з усёй мудрасцю навучайце і настаўляйце адно аднаго... І ўсё, што б вы ні рабілі словам ці ўчынкам, усё рабіце ў імя Пана Езуса, дзякуючы праз Яго Богу Айцу» (Клс 3, 16–17). Амэн.

Пераклад з нямецкай мовы Ірыны Бурак.
Паводле: Kath.net

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла