Радасць стасункаў

Хвала Хрысту, шаноўная рэдакцыя!

Напрыканцы ліпеня мне пашчасціла пабываць на рэкалекцыях руху факаляраў, якія праходзілі ў Доме Святой Тройцы ў Баранавічах. На сустрэчу прыехалі каля 70 чалавек з розных куткоў Беларусі і Польшчы. Мяне і яшчэ некалькіх жанчын з Пастаўскага раёна запрасіў ксёндз Чэслаў Куцмеж з Варапаева, які займаецца рухам факаляраў на Беларусі.

К’яра Любіч — заснавальніца
руху факаляраў.

Тэма рэкалекцый гучала так: «Словы Хрыста аб’ядноўваюць свет». Праграма была вельмі насычаная і цікавая: мы слухалі лекцыі, працавалі ў групах, разважаючы над рознымі жыццёвымі пытаннямі, убачылі кінастужку пра жыццё і дзейнасць К’яры Любіч, заснавальніцы руху факаляраў. Кожны дзень мы прымалі ўдзел у святой Імшы, а таксама мелі магчымасць у цішыні і спакоі памаліцца ў капліцы.

Мяне ўразіла атмасфера сапраўднай хрысціянскай любові і добразычлівасці, адкрытасці і шчырасці, якая панавала падчас рэкалекцый. Асабліва ж запомнілася сведчанне 70-гадовага ксяндза Раберта з Італіі, які ўсё жыццё працаваў анестэзіёлагам, а ў 62 гады прыняў сан святара.

Я з’яўляюся ўдзельніцаю супольнасці «Маці ў малітве» і падчас рэкалекцый мела магчымасць сустрэцца з яе прадстаўніцамі з Мінска, падзяліцца практыкай малітвы і досведам працы.

Дзякуй Пану Богу і ксяндзу Чэславу за гэтую сустрэчу, духоўнае ўмацаванне, радасць чалавечых стасункаў. Хочацца верыць, што ў наступным годзе мы сустрэнемся ізноў.


Генавэфа Дубіловіч, в. Муляры, Пастаўскі раён.

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла