Распараджэнне аб атрыманні поўнага адпусту падчас Году веры ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі

Святы Айцец пастанавіў, што акрамя звычайных умоваў, такіх, як споведзь, св. Камунія, малітва ў інтэнцыі Папы, поўны адпуст кожны раз могуць атрымаць вернікі, якія:

  • выслухаюць прынамсі тры гаміліі падчас святых місій ці прынамсі тры лекцыі аб навучанні Другога Ватыканскага Сабору або Катэхізісу Каталіцкага Касцёла ў любым касцёле або адпаведным для гэтага месцы;
  • наведаюць як пілігрымы адну з папскіх базылікаў або хрысціянскія катакомбы, катэдральны касцёл ці абранае мясцовым ардынарыем месца для Году веры і прымуць удзел у якім-небудзь набажэнстве або правядуць адпаведны час на пабожным разважанні (медытацыі), завяршаючы малітвай «Ойча наш», вызнаннем веры ў любой дазволенай форме, а таксама памоляцца любой малітвай да Маці Божай, апосталаў ці святых апекуноў;
  • у вызначаныя мясцовым ардынарыем дні прымуць удзел у св. Імшы або Літургіі гадзінаў у якім-небудзь святым месцы, дадаючы вызнанне веры ў любой дазволенай форме;
  • у любы дзень пабожна наведаюць баптыстэрый ці іншае месца, дзе цэлебруецца сакрамэнт хросту, і там адновяць абяцанні хросту ў любой дазволенай форме;
  • калі па важных прычынах не могуць асабіста прыняць удзел ва ўрачыстых набажэнствах (напрыклад, па прычыне хваробы, старасці, знаходжання ў вязніцы і г.д.), але яднаюцца духоўна ў думках з прысутнымі на іх вернікамі, асабліва пры праглядзе ці праслухоўванні тэле- ці радыётрансляцый з набажэнстваў, якія ўзначальвае Святы Айцец ці дыяцэзіяльны біскуп, молячыся малітвай «Ойча наш», «Веру ў Бога» ў любой дазволенай форме ці іншымі малітвамі, што адпавядаюць сэнсу і значэнню Году веры, а таксама ахвяроўваючы свае пакуты ці жыццёвыя цяжкасці.


У сувязі з вышэйсказаным пастанаўляю:

1) Месцамі Году веры, дзе можна атрымаць поўны адпуст, з’яўляюцца мінская архікатэдра Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, магілёўская катэдра Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і
св. Станіслава, санктуарый Маці Божай Будслаўскай. У іх павінна быць змешчана апаведная інфармацыя.
Месцамі атрымання адпусту таксама з’яўляюцца касцёлы і капліцы падчас знаходжання ў іх копіі цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай з нагоды яго перэгрынацыі па парафіях архідыяцэзіі.

2) Днямі, калі можа атрымаць поўны адпуст, прымаючы ўдзел у святой Імшы або Літургіі гадзінаў, з’яўляюцца:

  • урачыстасць Усіх Святых;
  • урачыстасць Хрыста, Валадара Сусвету;
  • урачыстасць Беззаганнага Зачацця
  • Найсвяцейшай Панны Марыі;
  • урачыстасць Нараджэння Пана;
  • урачыстасць Багародзіцы Марыі;
  • урачыстасць Аб’яўлення Пана (Трох Каралёў);
  • свята ахвяравання Езуса ў святыні (Грамніцы);
  • урачыстасць Звеставання Пана;
  • нядзеля Мукі Пана (Пальмовая нядзеля);
  • урачыстасць Уваскрасення Пана (Пасха);
  • урачыстасць Спаслання Духа Святога;
  • урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста (Божага Цела);
  • урачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла;
  • урачыстасць Маці Божай Будслаўскай;
  • урачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі;
  • свята Узвышэння Святога Крыжа;
  • свята св. Міхала арханёла.

3) У месцах Году веры пробашчы павінны паклапаціцца аб адпаведнай арганізацыі споведзі, каб усе жадаючыя маглі паяднацца з Богам і Касцёлам. У сувязі з гэтым абавязваю святароў суседніх парафіяў, асабліва ў Мінску, дапамагаць у гэтай важнай пастырскай справе і ўзгадніць з пробашчамі месцы Году веры і графік паслугі ў канфесіянале.

4) Святарам, якія будуць спавядаць у гэтых месцах, удзяляю зарэзерваваную біскупу ўладу вызвалення ад касцёльных караў in foro interno.

Усіх вернікаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі давяраю апецы Маці Божай Будслаўскай і на Год веры, як год асаблівай Божай ласкі, благаслаўляю ў імя Айца + і Сына, і Святога Духа.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск–Рым, 7 кастрычніка 2012 г.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла