Хто каго згубіў?

СТОЛ БОЖАГА СЛОВА

Свята Святой Сям'і: Езуса, Марыі і Юзафа, год С (30.12.2012)
Чытанні: 1 Сам 1, 20–22. 24–28; Пс 84 (83), 2–3. 5–6. 9–10; 1 Ян 3, 1–2. 21–24
Евангелле паводле святога Лукі 2, 41–52

Як паводзіць сябе чалавек, які згубіўся? Што ён робіць? Ён спрабуе знайсці дарогу, пытаецца ў людзей, дзе цяпер знаходзіцца, у які бок павінен ісці, ці не бачылі яны каго, знаёмага яму, бегае туды-сюды. Хто ж выглядае тады згубленым: Езус ці Яго бацькі? Здаецца, адказ відавочны. Гэта Марыя і Юзаф згубіліся, а Езус добра ведае, дзе Ён знаходзіцца і што робіць.

Часам мы пытаемся ў Езуса: «Дзе Ты? Чаму не адказваеш? Чаму Цябе няма побач?» І чакаем, пакуль Ён прыйдзе да нас і дасць адказ. А можа варта самім пачаць шукаць Яго? Як жа і дзе шукаць Езуса? Яго бацькі даюць нам падказку. Яны пачалі пытацца пра Езуса ў сваякоў, знаёмых, сустрэчных людзей. Варта і нам зрабіць тое самае. Пойдзем да сваіх родных і сяброў і спытаемся ў адных і другіх, ці ведаюць яны Езуса? Ці бачылі яны Яго? Ці ведаюць, дзе знаходзіцца Езус? Можаце ўявіць, што вы падыходзіце да свайго калегі і пытаецеся, ці бачыў ён Езуса? Або пытаецеся ў чалавека ў касцёле, дзе ён апошні раз сустрэў Хрыста?

Марыя і Юзаф даюць нам яшчэ адну падказку: каб знайсці Езуса, трэба вярнуцца туды, дзе мы апошні раз з Ім сустрэліся. Гэта значыць, вярнуцца да таго месца, тых падзеяў у нашым жыцці, калі мы апошні раз адчувалі Яго прысутнасць, Яго апеку, прасачыць свой шлях без Хрыста і ўбачыць, калі мы пакінулі Яго.

З бацькамі Езуса здарылася так, што яны пайшлі за натоўпам і згубіліся ў ім. Але гэта іх адказ. Ваш адказ можа быць зусім іншы. Трэба вярнуцца туды, дзе вы згубілі Хрыста...

Айцец Тамаш Міка ОР

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла