Пяцьдзясят памочнікаў у нягодах. Святая Цэцылія.

Дазволь праявіцца сваім пачуццям

Святая Цэцылія належала да высакароднай рымскай сям’і Цэцыліяў, з дзяцінства атрымала хрысціянскае выхаванне і яшчэ дзяўчынаю дала абяцанне вечна захоўваць дзявоцтва. Адзін малады мужчына па імені Валяр’ян папрасіў яе рукі, і бацькі Цэцыліі, якія нічога не ведалі пра яе клятву, паабяцалі яму сваю дачку. У дзень вяселля Цэцылія расказала свайму жаніху, што яна хрысціянка, і ёй удалося схіліць да веры мужа і ягонага брата. Аднак, калі Валяр’ян публічна вызнаў сваю веру, яго разам з братам пакаралі смерцю. Прэфект хацеў канфіскаваць усю маёмасць сям’і, але Цэцылія ўжо раздала яе бедным. Суддзя загадаў паклікаць дзяўчыну да сябе і быў уражаны яе адвагаю. Паколькі Цэцылія адмовілася прынесці ахвяру паганскім багам, яе таксама асудзілі на смерць. Дзяўчыну зачынілі ў напаленай лазні, але гарачая пара, ад якой яна павінна была задыхнуцца, не змагла прычыніць ёй шкоды. І калі кат хацеў адсячы ёй галаву, то папаў толькі з трэцяга ўдару. Паколькі ён не змог аддзяліць галаву ад тулава, то пакінуў яе ляжаць у крыві. Легенда апавядае далей, што святая жыла яшчэ тры дні, але ўжо не магла гаварыць. З дапамогаю сваіх рук яна вызнавала веру ў адзінага ў трох Асобах Бога: яе пальцы былі выпрастаныя — тры на адной руцэ і адзін на другой. Так, у крывавым адзенні, у якім яна была пахаваная, яе знайшлі ў 1599 годзе, адчыніўшы грабніцу, нятленнаю, быццам яна была пакладзеная туды ўсяго некалькі дзён назад. Рабочыя, якія адкрылі грабніцу, былі глыбока ўзрушаныя. Скульптар Мадэрна высек з мармуру дакладна такую фігуру, якой ён убачыў тады святую. Гэтую выяву яшчэ і сёння можна ўбачыць у рымскім касцёле Санта Чэчылія ін Трастэверэ, які ўжо ў V стагоддзі быў пабудаваны ў гонар св. Цэцыліі. Успамін св. Цэцыліі адзначаецца 22 лістапада.

Цэцылія лічыцца апякункаю касцёльнай музыкі, і ў антыфоне на яе свята ёсць такія словы: «Калі гучалі музычныя інструменты (на вяселлі), Цэцылія прасіла Бога захаваць яе сэрца і цела беззаганнымі» (на лацінскай мове тут быў выкарыстаны выраз cantantibus organis), таму св. Цэцылію заўсёды малявалі побач з арганамі. Уласна кажучы, Цэцылія не мела дачынення да музыкі, якая выконвалася на інструментах. Яна, хутчэй, прыслухоўвалася да нячутнай музыкі, што загучала ў ёй дзякуючы Хрысту, — музыкі Божай любові, музыкі, якая нячутнае робіць чутным і адчыняе акно ў неба. Кожная сапраўдная музыка не толькі цешыць сэрца, але і дазваляе загучаць нячутнаму. Яна робіць чутнаю цішыню, як сказаў адзін французскі касцёльны музыкант пра грэгарыянскі харал.

І гэта таксама знайшло адлюстраванне ў паданні пра Цэцылію, ствараючы вобраз, які ўражвае: тая, якая павінна была задыхнуцца ў лазні, стала запявалаю; тая, якой адсеклі галаву, спявае і праслаўляе Бога. У якасці апякункі касцёльнай музыкі Цэцылія пакліканая змяніць шырока распаўсюджаны сёння гаротны стан, які ўзнікае з-за дэпрэсіі. Вядома, што ўсё больш людзей пакутуюць ад гэтай хваробы ў яе разнастайных формах праяўлення. Чым больш наша грамадства схіляецца да таго, каб стаць «грамадствам забаваў», тым часцей выяўляюцца яго схаваныя ценявыя бакі. У Антычнасці і Сярэднявеччы меланхолія лічылася вельмі пазітыўным настроем, што разглядаўся як перадумова для сузірання і творчасці. Філосафам і мастакам меланхолія была патрэбна як крыніца натхнення. Аднак у нашым павярхоўным грамадстве спажывання меланхолія ўсё менш зразумелая, яна выціснутая, і звяртае на сябе ўвагу толькі дэпрэсія — як хвароба, што многіх ламае. Музыка з даўніх часоў з’яўляецца спосабам прасвятлення дэпрэсіўных настрояў. Але ёсць таксама вельмі меланхалічная музыка, у якой гучаць сумныя галасы. Дзякуючы таму, што музыка можа перадаваць кожны настрой, яна здольная таксама перамяняць яго. Музыка яднае нас з усімі пачуццямі нашага сэрца. Менавіта ў гэтым яе таямніца і яе гаючая сіла: яна дазваляе нам выяўляць таксама адмоўныя пачуцці і менавіта праз гэта перамяняць іх. У дэпрэсіі часта хаваюцца празмерныя прагненні, якія чалавечае сэрца не ў стане вытрываць. Менавіта духоўная музыка здаўна ўзносіла сэрцы людзей да Бога і праяўляла сваё гаючае ўздзеянне, змушаючы прыціснутага да зямлі сваімі дэпрэсіўнымі пачуццямі чалавека зірнуць уверх, да Таго, Хто адзіны здольны задаволіць яго самыя глыбокія прагненні.

Музыка — гэта мова прагненняў. Яна прымушае прагненні загучаць і здольная зноў абудзіць да жыцця сэрца, якое часта адчувае сябе ў дэпрэсіі нібы мёртвым, замкнёным у безнадзейнасці і смутку панурага настрою. Музыка прыносіць у анямелае сэрца гучанне і робіць яго чутным. Ты запрошаны да таго, каб дазволіць праявіцца ўсім тваім пачуццям, у тым ліку смутку і меланхоліі. Твае дэпрэсіўныя настроі таксама маюць права на існаванне. Ты не павінен з імі змагацца. Нічога табе не дасць, калі падказваць, што ты заўсёды павінен быць вясёлым, бо ты якраз не заўсёды вясёлы. Часам ты бываеш сумным. І, магчыма, цябе часта прыгнятае таксама дэпрэсія. Цэцылія паказвае табе два спосабы спраўляцца з тваім смуткам і дэпрэсіяй. Першы спосаб — выявіць дэпрэсію. Музыка робіць меланхолію чутнаю. І якраз сумная музыка здольная закрануць сэрца. У той час, калі я адчуваю сваё сумнае сэрца, перамяняецца смутак. Смутак і меланхолія — гэта таксама праявы жыцця. Я адчуваю сябе ў сваім смутку. Другі шлях, які паказвае нам Цэцылія, заключаецца ў тым, каб дазволіць музыцы, якая прыносіць радасць, пранікнуць у наш дэпрэсіўны настрой. Калі я шчыра адкрываю свае цёмныя пачуцці для музыкі, я магу заўважыць сярод смутку радасць, якая ўжо ёсць ува мне на дне майго сэрца. Музыка абуджае яе да жыцця.

Пераклад з нямецкай мовы Алены Шымак.
Паводле: Anselm Grün. Fünfzig Helfer in der Not. Die Heiligen fürs Leben entdecken. — Freiburg, 2002.

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла