Трагедыя севастопальскага касцёла

Рускае слова «дружба». Такое добрае і цёплае слова. Напэўна, пачуўшы яго, кожны ўзгадае свайго першага сябра або проста чалавека, да якога можна даверліва звярнуцца, калі цяжка і патрэбныя падтрымка і дапамога. Вось толькі ў мяне пасля наведвання Севастопаля гэтае слова не выклікае ніякіх вясёлкавых асацыяцый. Там, на вуліцы Вялікай Марской, стаіць кінатэатр «Дружба», будынак былога касцёла.

Гісторыя каталіцтва ў Севастопалі ніколі не была простай. Яшчэ да падзелу хрысціянаў на праваслаўных і католікаў у гэтых мясцінах абвяшчаў Евангелле апостал Андрэй. Тут прыняў пакутніцкую смерць святы Клімэнт Рымскі і памёр ад нястачы і голаду Папа Рымскі Марцін І. Тут дзейнічалі асветнікі Кірыл і Мятод. Заўсёды вернікі адчувалі ціск і з боку ўладаў, і з боку язычнікаў, і з боку мусульманаў. Так, у 1778 г., за пяць гадоў да анексіі тэрыторыі Крымскага ханства, моцаю расейскага корпуса пад кіраўніцтвам генерал-паручыка Аляксандра Суворава з Крыма былі выселеныя больш за трыццаць адну тысячу мясцовых хрысціянаў: праваслаўных, католікаў, грыгарыянаў. У 1783 г. быў заснаваны Севастопаль, а ў 1837 г. Мікалай І зацвердзіў план горада, на якім было пазначана месца для будаўніцтва касцёла. Але будаўніцтва перапыніла Крымская вайна, якая прымусіла католікаў надоўга забыцца пра мары мець сваю святыню. І толькі ў 1905 г. ізноў было распачатае будаванне касцёла. Нарэшце праз шэсць гадоў горад атрымаў каталіцкую святыню. Але прыйшла савецкая ўлада, і з 1936 г. касцёл быў забраны ў вернікаў. У 1960-я гады яго перабудавалі пад кінатэатр.

За час свайго існавання чым толькі ні была святыня, якую ролю толькі ні выконвала: і кінатэатра, і звярынца, і грамадскага туалета. Супраць супольнасці католікаў і ўлады, якія не хочуць вяртаць святыню, і сатаністы, якія абражаюць будынак агіднымі малюнкамі, чыняць свае абрады каля касцёла, каб зняважыць яго, а ў алтарнай (!) частцы касцёла размешчаныя туалеты...

Была нядзеля. Я хадзіла па Вялікай Марской і аглядала будынак былога касцёла. Паўсюдная разруха і запусценне. Але нават у такім стане, нават перабудаваны, касцёл не страціў сваёй прыгажосці. Я ўбачыла напаўрасчыненыя дзверы, а на сцяне разгледзела аб’яву: «Ветераны ВОВ в туалет пропускаются вне очереди». Чаму ж у Севастопалі, «горадзе слаўных рускіх маракоў», які так ганарыцца Крымскай вайной і абаронаю горада падчас Вялікай Айчыннай, паважаюць толькі разбуральную гісторыю вайны? Чаму ў Севастопалі (ды і ў нас, у Беларусі, таксама) шануюць пераважна палі бітваў? Людзі на працягу ўсёй гісторыі не толькі ваявалі, але і працавалі, выхоўвалі дзяцей, стваралі сваю духоўную спадчыну, пакідалі помнікі мастацтва і архітэктуры. Выбітныя майстры будавалі святыні, каб выказаць сваю любоў да Бога. Дык чаму ж гэтая гісторыя зневажаецца? Чаму ў горадзе, дзе на кожным кроку можна сустрэць сведчанні пра вайну, у касцёле да гэтага часу ствараюць туалеты? Чаму дагэтуль спрабуюць упэўніць, што нашае ваеннае мінулае — гэта нашае ўсё? Хіба подзвіг нашых продкаў, якія стваралі культуру, меншы за подзвіг ваяроў?

Год назад касцёлу ў Севастопалі споўнілася 100 гадоў. Гэты юбілей вернікі былі вымушаны сустрэць на вуліцы перад зачыненымі дзвярыма. Улады Украіны неаднойчы давалі дазвол на вяртанне касцёла вернікам, але потым чамусьці адмаўляліся ад свайго рашэння. Ужо на працягу дваццаці гадоў католікі змагаюцца за вяртанне сваёй святыні і на працягу дваццаці гадоў вымушаны адзначаць усе святы на вуліцы, у любое надвор’е, бо капліца св. Клімэнта, размешчаная ў былой кватэры ксяндза Юрыя Зімінскага, можа змясціць толькі каля ста чалавек. Гарадскія ўлады адмаўляюцца вяртаць касцёл з прычыны таго, што Севастопальская дыяцэзія занадта маленькая (усяго чатырыста чалавек), каб аддаваць ёй такі вялікі будынак. Але хіба нават дваццаць вернікаў не маюць права маліцца ў святыні, якая здаўна ім належыць?

Прашу аб малітве за вяртанне касцёла св. Клімэнта ў Севастопалі і аб вяртанні ўсіх святыняў, якія цяпер не належаць вернікам.


Кацярына Парыжаская


Сучасны выгляд былога касцёла св. Клімэнта ў Севастопалі.

Разбураны будынак былога касцёла. Севастопаль, 1944 г.
 
 
 
 


У артыкуле выкарастаныя матэрыялы і фотаздымкі з сайтаў «Религиозно-информационная служба Украины», «BlackSeaNews» і з артыкула «Католики Севастополя: след в истории» Віталія Каваленкі, кандыдата гістарычных навук.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней