Хто хоча сустрэць Бога

Пасля летніх адпачынкаў новы навучальны год распачаўся для дзяцей не толькі ў школе, але і на занятках па рэлігіі. Але ён пачаўся і для дарослых, для тых вернікаў, якія прагнуць пазнаваць Божае слова, заглыбляцца ў яго, імкнуцца жыць па ім. Формы вучобы могуць быць розныя. Адна з іх — удзел у рэкалекцыях, курсах, сустрэчах. Мы прапанавалі арганізатару рэкалекцыйных курсаў айцу марыяніну Аляксандру Жарнасеку падзяліцца на старонках часопіса «Ave Maria» тым, чаго нам варта чакаць у бліжэйшы час ад  рэкалекцыйнага дома ў Оршы пры касцёле святога Юзафа.


— Айцец Аляксандр, ведаем, што рэкалекцыйны дом будаваўся даволі доўга…

— Так, своеасаблівы доўгабуд. Але, заўважце, што яго дабудавалі даволі хутка пасля таго, як узнікла рэальная патрэба ў ім. Калі ў Беларусі былі арганізаваныя рэкалекцыі «Школа хрысціянскага жыцця і евангелізацыі», у іх удзельнічала даволі шмат людзей. Мы выкарыстоўвалі асобныя будынкі ў Мінску, Баранавічах, але гэта было не надта зручна. Тады і вырашана было як найхутчэй дабудаваць рэкалекцыйны дом у Оршы. Я ўжо служыў тут, дык і давялося ўзяцца за будоўлю.

— У выніку мы маем неблагое памяшканне і магчымасць адначасна змясціцца ў доме шматлікай грамадзе. Скажыце, Вы заўсёды самі арганізуеце ўсе сустрэчы, рэкалекцыі альбо і даеце памяшканне для кагосьці?

— Магчымасць выкарыстаць наша памяшканне для важных сустрэчаў, якія мы самі не арганізуем, таксама існуе. Напрыклад, можа прыехаць група вернікаў на чале са святаром і правесці тут свае рэкалекцыі. Час ад часу семінары, прысвечаныя тэме абароны жыцця, у нас праводзяць удзельнікі фонду «Адкрытыя сэрцы». Святары таксама маюць магчымасць правесці свае прыватныя рэкалекцыі, але большасць рэкалекцыйных сустрэчаў арганізуем мы самі.

— Бадай самыя вядомыя з іх — «Вінаграднік», які існуе ўжо больш як пяць гадоў…

«Вінаграднік» таксама ўзнік з патрэбы, бо пасля таго, як я папрацаваў у Мінску, а потым быў пасланы ўладамі ордэну на служэнне ў Оршу, частка моладзі пачала прыязджаць у Оршу, каб разам памаліцца малітвай праслаўлення, абмеркаваць важныя праблемы, пытанні веры. Памятаецца, як мы сабраліся на супольную малітву за вызваленне ад алкагалізму, калі прыехалі вернікі з суседніх парафій. Тады і прыйшло на думку, што варта арганізаваць сустрэчы, у якіх маглі б удзельнічаць многія, а не проста вузкае кола знаёмых ды сяброў. Так і ўзнік наш «Вінаграднік».

— Прыгожая назва.

— Веру, што яна прыйшла з Божага натхнення. Чаму менавіта «Вінаграднік»? Па-першае, вобраз вінаградніку вельмі часта сустракаецца ў Бібліі, у прыпавесцях, у навучанні Езуса Хрыста. У вінаградніку звычайна працуюць розныя людзі, у кожнага — сваё месца, адказнасць, свой удзел. У сустрэчах нашага «Вінаградніку» прымаюць удзел людзі розных заняткаў, прафесій, інтарэсаў, рознага ўзросту і рознага духоўнага досведу. Тэмы, якія нас збіраюць на гэтыя сустрэчы, самыя розныя.

— З Вашага дазволу назаву тут некаторыя: «Навучы нас лічыць дні нашыя», «Праўда нас вызваліць», «Вернасць слову», «Змаганне са злом», «Праца над сабой», «Будзеце Маімі сведкамі», «Грэх зайздрасці сёння», «Голад Божага слова», «Мужчынам і жанчынаю стварыў нас», «Страх Божы», «Сухія галіны Бог адсякае», «Пачуццё пакінутасці», «Хрысціянін і смерць»… Гэта далёка не поўны пералік. Не падзеліцеся, як узнікаюць самі тэмы?

— На малітве.

— Зразумела. І вычарпальна. Апроч «Вінаградніку», Орша час ад часу запрашае хрысціянаў на іншыя духоўныя сустрэчы і рэкалекцыі, якія могуць працягвацца па некалькі дзён. Мабыць, не памылюся, калі скажу, што біблійны курс «Эмаўс» ужо набыў папулярнасць.

— Я не сказаў бы, што ён надта папулярны: магло б быць і больш людзей, але што ўжо склалася пэўнае кола тых, хто жадае на курсе «Эмаўс» заглыбляцца ў Біблію — гэта праўда. Галоўную ролю на гэтым курсе іграе Уладзіслаў Валаховіч, які мае доктарскую ступень па бібліістыцы, з’яўляецца выкладчыкам Пінскай семінарыі, а таксама катэхетычнага каледжа ў Баранавічах. Гэты чалавек сам жыве Божым словам і ўмее жыва, даступна падаць яго іншым. Мне падабаецца, як ён вядзе дыялог з удзельнікамі, заахвочвае іх разважаць над Божым словам, маліцца ім.

Даўно ляжала на сэрцы штосьці такое арганізаваць, бо вельмі хочацца, каб нашы вернікі ведалі Божае слова, разумелі яго, жылі ім кожны дзень.

— Ад маладых дзяўчат і ад старэйшых жанчын чула добрыя водгукі пра курс «Эстэр». Відаць, наш «слабы пол» стаміўся ад эмансіпацыі і прагне адчуць сябе проста жанчынамі?

— Магчыма. Згадзіцеся, што калі жанчынам часта даводзіцца браць на сябе ролю мужчыны, то гэта не можа не ўплываць адмоўна. Да таго ж, мы ў Касцёле часта абмяркоўваем тэму паклікання, служэння жанчыны ў Касцёле, а на тое, што гэтай жанчыне трэба быць жонкаю, маці, выконваць сваю адметную ролю ў грамадстве, неяк мала звяртаецца ўвагі. На самай справе, ад таго, якой будзе сям’я, такімі будуць і нашы святары, сёстры законныя, працаўнікі.

— Цалкам згодная. Памятаю, як «на ўра» была прынятая людзьмі тэма «Мужчынам і жанчынаю стварыў нас». Гэта таксама засведчыла, што такія пытанні хвалююць людзей. І тым не менш, калі быў абвешчаны курс для мужчын «Юзаф» — удзельнікі не сабраліся. Няўжо мужчыны лічаць сябе дасканалымі?

— Некалькі жадаючых было, але, як часта бывае, напачатку яны доўга збіраліся, а потым аказалася, што запозна. Не думаю, што нашы мужчыны лічаць сябе дасканалымі, хутчэй, яны проста малавата задумваюцца над складанымі пытаннямі жыцця, а можа, і не разумеюць усёй адказнасці, якая на іх ляжыць. А магчыма, як гэта часта ў нас бывае, спадзяемся, што «неяк там будзе». Самае сумнае, што вось гэтае «неяк будзе» характарызуе нашае стаўленне і да выхавання дзяцей, і да будавання адносінаў паміж мужчынам і жанчынаю, паміж бацькамі і дзецьмі і гэтак далей. Пытанні гэтыя на першы погляд выглядаюць будзённымі, але ж жыццё складаецца больш з будняў, святаў у ім нашмат менш. Чалавеку так важна навучыцца ад сябе патрабаваць, распазнаваць руку Божую ў штодзённасці, заставацца верным Богу ў вялікім і малым!

— Ведаю, што не надта шмат людзей было і на курсе для сем’яў «Кана». Плануеце і надалей яго арганізоўваць?

— Плануем. Будзем яшчэ думаць, якім ён павінен быць, але ў тым, што гэты курс патрэбны, я не сумняваюся, бо ведаю, што нашыя сем’і сустракаюцца з масай праблемаў. І не варта баяцца зазіраць гэтым праблемам «у твар». Хаваць галаву, як той страўс у пясок, — не хрысціянская пазіцыя.

— Чула, што вельмі добра прайшоў летні курс «Бэтанія», які быў арганізаваны разам з фондам «Адкрытыя сэрцы». Што гэта за курс  і чаму такая яго назва?

— У Бэтаніі, як памятаем, жылі сябры Езуса — Лазар, Марыя і Марта. У гэтым доме Езус любіў быць, адпачываць. Але ж Ён не толькі там адпачываў, але і навучаў, як і ўсюды. Таму і мы вырашылі сабраць летам, так бы мовіць, сяброў Езуса і прапанаваць ім адпачыць, а таксама разам маліцца, разважаць над Божым словам, абмеркаваць нейкія важныя для нас пытанні. На гэты курс мы запрасілі сем’і разам з дзецьмі, прадугледзелі для дзяцей асобную праграму. Але таксама ўдзельнічалі і асобныя вернікі. Словам, наша «Бэтанія» — для ўсіх.

— А курс «Давід», прысвечаны духоўнай барацьбе, будзеце працягваць?

— Плануем. Толькі зазначу, што нашыя планы могуць мяняцца: штосьці з іх, магчыма, знікне, штосьці народзіцца новае. Калі будуць жадаючыя для гэтага альбо іншых курсаў — будзем працягваць, а дзеля «галачкі» мы не збіраемся працаваць. Галоўнае, каб у людзей была магчымасць паглыбіць свае веды і веру.
Зрэшты, я глыбока перакананы, што кожны, хто ўсур’ёз шукае Бога, можа сустрэць Яго. Такі чалавек знойдзе для сябе і адпаведную кнігу, і час на малітву, і час на рэгулярнае чытанне Бібліі, і абавязкова сустрэне святара, які дапаможа яму ў гэтым пошуку. А калі дзеля заспакаення ўласнага сумлення чалавеку дастаткова наведвання касцёла раз на тыдзень і больш яго нічога не цікавіць, то калі б у нас было і дзясяткі рэкалекцыйных дамоў, ён бы дарогі да іх так і не знайшоў.

— Заўважыла, што ў назвах курсаў Вы выкарыстоўваеце біблійныя імёны, назвы…

— Адказы на ўсе пытанні мы шукаем у Божым слове, у падзеях, якія ў ім раскрытыя. Інакш гэта былі б проста пасядзелкі.

— Уявім, што кагосьці зацікавіла тэма нашай гаворкі і ён вырашыў паехаць на нейкі курс. Як гэта зрабіць на практыцы?

— Вельмі проста — прыехаць. Мой тэлефон — +375 29 713 02 33. Усю інфармацыю можна знайсці на каталіцкіх сайтах, у сацыяльных сетках таксама. Ёсць наш сайт viartannie.org . Там змяшчаецца шмат інфармацыі і напярэдадні падзеяў у нашым рэкалекцыйным доме, і пасля іх.

— Дзякуй, айцец Аляксандр, за гутарку. Спадзяемся, што яна была для кагосьці карыснаю.

***

Усім, каго зацікавілі курсы і рэкалекцыі ў Оршы, паведамляем, што да канца года тут яшчэ плануюцца наступныя курсы:

  • «Давід» — курс, прысвечаны духоўнай барацьбе (13–15 кастрычніка);
  • «Эмаўс» — біблійны курс (27–29 кастрычніка);
  • «Вінаграднік» — 11 лістапада;
  • «Эстэр» — курс для дзяўчат і жанчын (17–19 лістапада).

 

Запрашаем на Facebook-старонку рэкалекцыйнага дома ў Оршы,
дзе можна знайсці шмат карыснай інфармацыі!


І. Студзеньская
Фота з архіва парафіі святога Юзафа ў Оршы

 

 

 

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла