Адкрыць глыбіню Ружанца

Дарагія чытачы!

У кастрычніку Касцёл заахвочвае нас нанова адкрыць хараство ружанцовай малітвы. Адчуваючы еднасць з усім Касцёлам («sentire cum Ecclesia»), мы таксама прагнем адкрываць глыбіню Ружанца, таму заклікаем вас да ўважлівага прачытання кастрычніцкага нумара часопіса «Ave Maria» і запрашаем у Магілёў на Ружанцовы кангрэс, які адбудзецца ў суботу, 21 кастрычніка. Распачнецца кангрэс рэгістрацыяй у 9:00–10:15, а скончыцца ў 18:30.


Запрашаем перадусім тых людзей, якія жадаюць нанова запалаць апостальскаю руплівасцю і стаць евангелізатарамі — найперш праз уласнае навяртанне і малітву, а таксама праз заахвочванне іншых да гэтай незвычайнай малітвы, якая датычыцца найвялікшых таямніцаў хрысціянства і перамяняе жыццё, пульсуючы Божым словам, калі мы выкарыстоўваем яе належным чынам.

Вядома, што «вера, якая не змяняе жыццё, не збаўляе», альбо, як сказаў кардынал Зянон Грахалеўскі, «святасць жыцця залежыць ад якасці малітвы». Для таго, каб нанова асэнсаваць запрашэнне да ружанцовай малітвы, якое Марыя скіравала да нас у Фаціме, мы жадаем у час кангрэсу яшчэ раз звярнуцца да Яе словаў, да разважанняў вялікіх Папаў, да традыцыі і ўважліва прыгледзецца да асобы Барталамея Лонга, свецкага чалавека, юрыста, які навярнуўся да Бога пасля сатанізму, пабудаваў ружанцовую базыліку ў Пампеях і як дамініканскі тэрцыярый стаў апосталам міласэрнасці і ружанцовай малітвы.

Для нас, сяброў Марыі, Каралевы Святога Ружанца, важным і вельмі актуальным застаецца апостальскі ліст пра Ружанец св. Яна Паўла ІІ «Rosarium Virginis Mariae». Многія заклікі і прапановы Святога Айца мы дагэтуль не прынялі і не прымяняем у жыцці. У пасланні на трэцяе тысячагоддзе святы папа Ян Павел ІІ піша, што малітве трэба ўвесь час вучыцца нанова (NMI, 32).

У сувязі з гэтым варта звярнуць увагу на вельмі стары метад малітвы на ружанцы. Пра яго згадваў благаслаўлёны папа Павел VI у адгартацыі «Marialis Cultus», пра якую таксама піша святы папа Ян Павел ІІ у вышэйзгаданым лісце пра Ружанец (RVM, 33), а менавіта пра метад малітоўных дадаткаў. Ён заключаецца ў тым, што пасля слова «Езус» у малітве «Вітай, Марыя…» дадаюцца словы — найлепш са Святога Пісання, якія дапамагаюць засяродзіцца на разважанні і медытацыі над гэтаю таямніцаю (напрыклад, «Вітай, Марыя, поўная ласкі, Пан з Табою, благаслаўлёная Ты між жанчынамі і благаслаўлёны плод улоння Твайго, Езус, які пасля ўваскрасення аб’явіўся Апосталам у Вячэрніку. Святая Марыя, Маці Божая, маліся за нас, грэшных, цяпер і ў хвіліну смерці нашай. Амэн»). <…>

У лісце пра Ружанец (RVM, 42) Ян Павел ІІ узнімае пытанне пра тое, ці можна прапаноўваць гэтую малітву дзецям і моладзі, ці не будзе яна занадта нуднаю для іх. У адказ Святы Айцец напісаў, што ўсё залежыць ад таго, як яе падаць. Можна аддаліць ад ружанцовай малітвы, а можна заахвоціць да яе. Зразумела, без асаблівай Божай ласкі ў духоўных справах нічога немагчыма зрабіць…

Нязвыкла гучыць гэтае заахвочванне да ружанцовай малітвы ў сям’і (RVM, 41 і 43). Як цудоўна, калі клопат пра супольную малітву ў сям’і спалучаецца таксама са школаю няспыннага ўдасканалення навыкаў ружанцовай малітвы! Я перакананы, што нельга недаацэньваць дробязяў, напрыклад, атмасферы малітвы, у стварэнні якой могуць дапамагчы прыгожы абраз, запаленая свечка, выкарыстанне дадаткаў (хаця б час ад часу). Узбагачаюць і абнаўляюць малітву спантанныя акты падзякі, просьбы ці перапрашэння, выказаныя на самым яе пачатку. І асабліва ўзрушвае ружанцовая малітва, якую праводзяць дзеці і моладзь. Гэта проста цудоўна!

Хацеў бы яшчэ падзяліцца з чытачамі некаторымі планамі адносна Ружанцовага кангрэсу. Перш за ўсё вельмі прашу вас, браты і сёстры, аб малітве ў гэтай інтэнцыі. У праграму мяркуецца ўключыць чатыры катэхезы, якія правядуць члены дамініканскай сям’і (браты, сястра і тэрцыярка). Мы жадаем супольна памаліцца Ружанец з дадаткамі, спяваючы пры гэтым даксалогію. Будзе таксама час на сведчанне пра плён ружанцовай малітвы ў жыцці канкрэтных людзей і сем’яў. Мы падрыхтуем шмат захапляльных бясплатных ружанцовых гаджатаў: дыск CD з запісам усіх ружанцовых таямніцаў з дадаткамі, кашулькі, кубкі, асадкі, торбачкі, магчыма, таксама DVD. Кангрэс завершыцца ўрачыстаю Эўхарыстыяй. У ім прымуць удзел супрацоўнікі выдавецтва «Pro Christo» са сваім «ружанцовым стэндам». Удзельнікі змогуць набыць новую кніжку кс. Марка Дзявецкага з ружанцовым разважаннямі для сем’яў з малітоўнымі дадаткамі.

Ружанцовы кангрэс, мэта якога абудзіць у нас яшчэ больш гарачую любоў да ружанцовай малітвы, споўніць сваё прызначэнне тады, калі з кожнай ружанцовай групы, якія існуюць у парафіях нашай Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, хоць адзін чалавек прыме ўдзел у ім, падзеліцца плёнам гэтай сустрэчы з сябрамі сваёй ружанцовай групы, а можа, нават з усёй парафіяй. Запрашаем таксама святароў, сясцёр і прадстаўнікоў групаў «Жывога Ружанца» з усіх дыяцэзій.

Кантакты:

  • А. Раман, тэл. + 375292919211; +48664570570 ( Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду. ) або а. Павел, тэл. +375299202007.
  • Адрас для карэспандэнцыі: а. Раман Шульц OP, вул. Якубоўскага, 39/18,  212026, Магілёў.

Айцец Раман Шульц ОР

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла