Апостал Ружанца

Калі чытаеш пра асобу благаслаўлёнага Барталамея Лонга, здаецца немагчымым, што адзін чалавек здолеў зрабіць за сваё жыццё так шмат.


Ён пабудаваў святыню, пачаўшы са збору ахвяраванняў у даліне Пампеяў ад тых, хто быў ахвотны аддаць на гэтую справу некалькі дробных манетак у месяц. Цяпер гэта сусветна вядомая пантыфікальная базыліка ў Пампеях. Ён паспрыяў прыняццю догмата аб Унебаўзяцці Дзевы Марыі, сабраўшы ў «Руху Унебаўзяцця» мільёны подпісаў вернікаў. У Пампеях ён стаў фундатарам жаночага сірочага прытулку, прытулку для сыноў зняволеных і прытулку для дачок зняволеных.

Ён заснаваў жаночую манаскую Кангрэгацыю дамініканскіх сясцёр, дачок святога Ружанца з Пампеяў, галоўным абавязкам якіх былі апека і выхаванне дзяцей з адкрытых ім прытулкаў. Барталамей Лонга адкрыў сацыяльныя дамы працаўнікоў, некалькі майстэрняў, школаў мастацтва і рамёстваў, заснаваў часопіс «Ружанец і Новыя Пампеі», напісаў некалькі кнігаў і стаў аўтарам мноства публікацый, у тым ліку і Пампейскай ружанцовай навэнны просьбаў і падзякі.

Ён распаўсюдзіў культ ружанцовай малітвы па ўсім свеце, і 26 кастрычніка 1980 г. быў беатыфікаваны папам Янам Паўлам ІІ як Апостал малітвы святога Ружанца. Мноства людзей па ўсім свеце моляцца Пампейскай навэннай да Маці Божай Ружанцовай.

Барталамей Лонга здзейсніў ўсё гэта вераю і малітваю, а справы дабрачыннасці квітнелі ў яго руках дзякуючы цудам Ружанцовай Маці Божай з Пампеяў.

Як часта бывае, шлях Барталамея Лонга да святасці быў нялёгкі. Ён нарадзіўся ў 1841 г. у паўднёваітальянскім мястэчку Латыяна ў сям’і заможных католікаў. Стаў вывучаць права ў Неапалітанскім універсітэце. У 1860-я гады, калі ў Італіі пашырыўся нацыяналістычны рух за аб’яднанне краіны, антаганістычны рэлігіі і Касцёлу, многія студэнты прымалі ўдзел у дэманстрацыях супраць Папы. Ва ўніверсітэце панавалі атэістычныя настроі, якія спалучаліся з вялікаю папулярнасцю спірытызму і акультызму. Гэта не абмінула і палымяную натуру маладога Барталамея Лонга. Страціўшы хрысціянскую веру, ён далучыўся да руху спірытызму, палічыўшы, што ў ім знойдзе адказы на духоўныя пытанні, якія турбавалі яго. Гэты рух аказаўся сатанісцкі, і пасля перыяду «навучання» і пэўных духоўных практыкаў Лонга стаў святаром сатанісцкага культу. За гэта ён дорага заплаціў і душэўным, і фізічным здароўем: пакутаваў ад дэпрэсіі і параноі, а доўгія пасты, якія ён практыкаваў, каб дасягнуць большых адчуванняў у абрадах спірітызму, сапсавалі яго сістэму стрававання.

Не маючы больш сілаў, Лонга звярнуўся па дапамогу да сябра дзяцінства з роднага мястэчка, Вінчэнца Пэпэ. Той здолеў пераканаць яго пакінуць сатанісцкія практыкі і пазнаёміў з дамініканінам Альберта Радэнтэ, які стаў яго спаведнікам і духоўным кіраўніком. Улетку 1865 г. Барталамей зноў прыняў сваю Першую святую Камунію, а ў 1871 г. стаў тэрцыярыем дамініканскгаа ордэну, прыняўшы імя Разарыё — Ружанец.

Адвакацкая практыка прывяла яго працаваць у мястэчка Пампеі, дзе ён заняўся справамі графіні Марыяны Фарнарара дэ Фуска. Палымяны неафіт, Лонга быў шакаваны станам веры ў гэтых мясцінах: «Рэлігія гэтых людзей была сумессю забабонаў і народных традыцый… Ва ўсіх патрэбах яны беглі да варажбіткі, каб тая зрабіла замову і правяла абрад». Сам жа ён усё яшчэ пакутаваў ад памылак, якія зрабіў у мінулым: параноі і думак аб самагубстве.

Барталамей Лонга і яго жонка графіня Марыяна, з якою яны жылі ў чысціні, аддаючы сваё жыццё служэнню людзям

Усё гэта скончылася ў адно імгненне. Ён распавядаў, як аднойчы шэрым днём, ахоплены дэпрэсіяй, выйшаў на дарогу, не ведаючы, куді ісці. Раптоўна яму ўзгадаліся словы святога Дамініка аб тым, што той, хто распаўсюджвае Ружанцовую малітву, будзе збаўлены. Барталамея ахапіў вялікі спакой, падобнага якому ён не зведаў ніколі раней. Пачуўшы здалёк званы, якія заклікалі да паўдзённай малітвы «Анёл Панскі», ён укленчыў на зямлі і зразумеў, што атакі зла на яго скончыліся.

З таго часу жыццё Барталамея Лонга было прысвечанае справам малітвы і дабрачыннасці, і ўвесь далейшы шлях ён прайшоў з ружанцам у руках. 

Напрыканцы жыцця ён так сказаў пра самога сябе: «Праз мае рукі цяклі рэкі грошай… але сам я не валодаю нічым, я бедны. Адзінае, што ў мяне засталося, гэта рыцарскае званне, якое я атрымаў дзякуючы дабрыні Папаў, і нават гэта я жадаю аддаць… На камені, які стане над маёю магілаю, няхай будзе напісана: “Тут ляжыць адвакат Барталамей Лонга, заснавальнік гэтай святыні. Маліцеся аб супакоі”».

Ён адышоў да Бога 5 кастрычніка 1926 года ва ўзросце 85-ці гадоў.

Касцёл Ружанцовай Дзевы Марыі ў Пампеях, які быў пабудаваны з ініцыятывы Барталамея Лонга


Падрыхтавала Юлія Шэдзько.
Паводле: Baldassarre Cuomo
“Bartolo Longo, at the service of God and of man”
(Pontifical Shrine of Pompeii, 1993)

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла