У духу і пад апекаю Панны Марыі

У гэтым годзе Легіёну Марыі ў Гродна спаўняецца дзесяць гадоў. Мы, члены Легіену Марыі пры касцёле Божай Міласэрнасці, хочам расказаць пра тыя кроплі нашай працы, якія ўліваюцца ў агульную дзейнасць легіянераў усяго свету, і запрасіць іншых вернікаў да працы ў Легіене, каб штодзённа адчуваць дух Панны Марыі ў сваім жыцці.


Усё пачыналася проста і нават нечакана дзесяць гадоў таму. Пасля святой Імшы да вернікаў парафіі звярнуліся прадстаўнікі Легіену Марыі з Маладзечна, якія прыехалі дапамагчы арганізаваць гэтую супольнасць у нашым касцёле. Разам з іншымі вернікамі я цвёрдым крокам накіравалася ў капліцу, куды нас запрасілі маладзечанскія легіянеры. Там было ўжо нямала людзей, былі нават маладыя асобы. І менавіта з гэтага часу пачалася наша праца...

Спачатку мы не зусім разумелі ўсёй сутнасці  дзейнасці Легіену Марыі. Слухалі, думалі, разважалі. Напэўна, кожны думаў па-свойму. Чаму я іду на сустрэчу? Што мне даюць гэтыя спатканні? Ці варта ахвяроўваць на іх свой час? Але ўсё ж сустракаліся, чыталі патрэбныя малітвы, бралі інтэнцыі, каб маліцца аб навяртанні людзей, якія страцілі сэнс у веры. Маліліся за службу здароўя (асабліва за гінеколагаў), за чысціню ўзаемаадносінаў моладзі, за дзяцей пад сэрцам маці, за святароў і місіі, за любоў і ўзаемапавагу ў сем’ях, за кіраўнікоў дзяржаваў і інш. Сваю практычную работу пачалі з 4-й бальніцы горада, дзе пастаянна робяць аборты. Спрабавалі гаварыць з жанчынамі, якія прыходзяць туды на такія «аперацыі». Вядома ж, нас не слухалі, а калі і гаварылі з намі, то аб тым, што не змогуць забяспечыць дзяцей матэрыяльна, не хапае сродкаў у сям’і. А іншым разам мы чулі і такое: «Гэтая цяжарнасць нечаканая, а ў мяне  праца»; «там яшчэ няма нічога, пра якое дзіця вы гаворыце?» і г.д. Мы хацелі сустракацца з такімі жанчынамі і ў жаночай кансультацыі, дзе ім выдаюць накіраванні на аборт, але нам не дазволілі. Безумоўна, там лепш  можна было б даказаць жанчыне, што яна забівае ў сабе бясцэнны дар жыцця, сваю крывіначку, а ў будучыні такі выбар прыводзіць да цяжкіх духоўных і фізічных праблемаў. На жаль, многія пра гэта не задумваюцца, ідучы на такі жахлівы крок...

Мы, легіянеры, не зусім усведамлялі, што павінны працаваць і над сабою, каб паступова станавіцца закваскаю Божага люду, актыўнымі ўдзельнікамі выратавальнай місіі Касцела. Але ўжо добра разумелі, што павінны абавязкова сустракацца і маліцца, расці духоўна і несці сваё служэнне кожнаму чалавеку, якому найперш патрэбна духоўная дапамога. Усведамлялі і тое, што нам патрэбныя рознабаковыя веды, праца са сваім «я». З цягам часу мы пачалі больш дасканала вывучаць падручнік «Legio Mariae», дзе вельмі мудра апісваюцца прынцыпы, метады і формы працы Легіёну. Наладзілі больш цесныя кантакты паміж сабою. Так у нас склалася свая сістэма валанцёрскага служэння: сходы ў кожную нядзелю, малітвы (інтэнцыі),  практычная работа (заданні), сустрэчы з дапаможнымі легіянерамі, якія моляцца ў нашых інтэнцыях, індывідуальныя кантакты-кансультацыі.

Практычная работа — гэта праца ў бальніцах: святая Імша, сумесны  Ружанец (4-я бальніца і хоспіс); наведванне хворых (бальніца хуткай дапамогі); сустрэчы з людзьмі старэйшага ўзросту і адзінокімі (Дом ветэранаў); праца на старых могілках па вуліцы Антонава (прыбіранне занядбаных магілаў); кантакты з людзьмі з мэтаю евангелізацыі, прапаганда і распаўсюджванне каталіцкай літаратуры. Важным кірункам нашай працы з’яўляецца абарона жыцця зачатых дзяцей. Молімся аб навяртанні жанчын, медыкаў у паліклініках горада (2-3-5-я жаночыя кансультацыі), распаўсюджваем праўдзівую інфармацыю аб шкоднасці кантрацэпцыі, гаворым пра так званыя грамадзянскія шлюбы.

Хачу адзначыць, што праца ў Легіёне паступова дае асаблівую асалоду адчування рэальнай прысутнасці Маці Божай, і ўжо нішто не перашкаджае ў апостальскай дзейнасці — ні халоднае надвор’е, ні дождж, ні страх перад няўдалымі сустрэчамі. «Што вам дае праца ў Легіене Марыі»? — такое пытанне мы чуем нярэдка. Праца ў Легіёне дазваляе лепш разумець добры час, момант, выбраны Богам з мэтай выпрабаваць асобу, яе гатоўнасць да змянення. Выконваючы заданні, чытаючы малітвы, узбагачаючы свае веды, мы вучымся дысцыпліне, пакорнасці, цярплівасці; пазнаем ісціны катэхізіса і даносім да іншых малітоўны дух. Бывае штосьці не так, як хацелася б, бываюць і крызісныя сітуацыі. Але мы прыйшлі добраахвотна працаваць у інтэнцыях Марыі, таму вучымся бачыць Хрыста найперш у тых, каму патрэбна дапамога, хто ўпаў у роспач і не мае духоўнай падтрымкі (іншы раз і матэрыяльнай). Вядома, бываюць цяжкасці ў кантактах з людзьмі, далёкімі ад Касцёла, якія перажываюць свае жыццёвыя праблемы, хваробы, розныя крызісы. Трэба сказаць, што нават і веруючыя людзі часам не хочуць прыняць цяжкую сямейную сітуацыю альбо хваробы задаючы пытанні: «Чаму і за што гэта мне?». На жаль, многія не заўсёды разумеюць, што цярпенне таксама надае паўнату нашаму жыццю і сведчыць аб еднасці чалавека і Збаўцы. Часам вельмі складана растлумачыць у цяжкай сітуацыі, што важна ахвяраваць сваё цярпенне за навяртанне грэшнікаў, моладзь, цвярозасць у сем'ях і інш. Але мы стараемся падтрымліваць кожнага чалавека ў цяжкім стане, дапамагчы яму зразумець, што Езуса трэба прымаць не толькі ўваскрослага, у ззянні радасці і хвалы, але і Езуса на Галгоце, які ўзяў на сябе нашыя правіны і цярпеў за нас.

У апошні час абсяг нашай працы пашырыўся. Мы стараемся ахапіць сваёю малітваю і навучальныя ўстановы, і месцы бяздумных (грэшных па сваёй сутнасці) гульняў — напрыклад, начныя клубы. Вядома, што залежнасць ад гульняў паступова вядзе да дэградацыі, унутранай пустаты, страты сэнсу жыцця. Мы добра разумеем гэтую праблему, верым у сілу малітвы і прыходзім маліцца ў гэтыя месцы.

Даўно падтрымліваем кантакты з Домам ветэранаў горада. Запомніўся выпадак з адной пажылой жанчынаю — Янінаю, якую пакінулі ўсе яе блізкія. Не размаўлялі з ёю і суседзі, бо лічылі, што гэта «цяжкі» чалавек, і што ў яе «не ўсё ў парадку з розумам». Жанчына была ў цяжкім стане. У гады вайны яна перажыла паднявольную працу ў Германіі, з цягам часу адышла ад веры. Мы зразумелі яе праблемы, выслухалі, разам маліліся, дапамагалі па гаспадарцы. І яна адгукнулася: сустрэлася з ксяндзом, паспавядалася, прыняла святую Камунію і хутка адышла да Пана Бога як хрысціянка. У гэтым жа Доме ветеранаў мы арганізавалі ў першую суботу кожнага месяца святую Імшу, якую цэлебруе пробашч касцёла Ян Этэль, наш духоўны кіраўнік.
Сардэчна запрашаем у супольнасць Легіёну Марыі ўсіх, хто хоча працаваць пад харугвамі Беззаганнай Панны, ціхай, пакорнай і міласэрнай.


Вацлава Панасюк — легіянерка Марыі, Гродна

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла