Малітва і пацеры

На досвітку, устаўшы вельмі рана, Езус выйшаў і пайшоў у пустыннае месца і там маліўся. Услед за Ім пайшоў Сымон і тыя, хто быў з ім (Мк 1, 35—36).


Мы з’яўляемся сведкамі ранішняй малітвы Езуса Хрыста. Папярэдні дзень быў вельмі цяжкім і перапоўненым працай. Сустрэча з людзьмі працягнулася да позняй ночы. Езус лёг спаць вельмі позна, а прачнуўся вельмі рана. Такім чынам перад усходам сонца Езус пакінуў спячых Апосталаў і натоўпы людзей. Аднак Ён устаў не для таго, каб адмовіць пацеры на працягу дзвюх альбо трох хвілінаў. Езусу было патрэбна такое месца, дзе Ён мог бы сустрэцца сам-насам са сваім Айцом. Малітва заўсёды з’яўляецца спатканнем сам-насам чалавека з Богам. Такія паводзіны Хрыста і Яго стаўленне да малітвы можа зразумець толькі той, хто хоць раз у жыцці хацеў уцячы ад людзей, нават найбліжэйшых, каб на момант быць сам-насам з Богам.

Навошта патрэбная малітва? Найчасцей адказ на гэтае пытанне наступны: яна патрэбная для таго, каб выпрасіць у Бога для сябе пэўныя дары. Найчасцей маюцца на ўвазе тыя рэчы, якія знаходзяцца па-за магчымасцямі чалавека: захаванне ад няшчасцяў альбо выратаванне ад хваробаў, асабліва тады, калі лекары апусцілі рукі. Аднак такі падыход да малітвы з’яўляецца яе мінімалізацыяй, нават пераварочваннем таго ідэалу малітвы, які паказвае нам Езус.

У пацерах найчасцей маецца на ўвазе атрыманне дару, а ў малітве справа не толькі ў атрыманні дару, але і ў спатканні з Тым, Хто дае. У пацерах маецца на ўвазе «штосьці», а ў малітве — «Хтосьці». Таму малітва заўсёды скіраваная на спатканне чалавека з Богам. Так разуметая малітва патрэбная для развіцця чалавечага духу, для фарміравання велічы сэрца. Без малітвы няма гаворкі пра ўнутранае развіццё, пра веліч чалавечага духу.

Ёсць тры элементы, якія вырашаюць веліч чалавечага духу.

Першы — гэта творчае настаўленне чалавека.

Дух хоча выяўляцца ў сваёй уласнай справе, таму чалавек ніколі не будзе задаволены, калі яго паставяць каля канвеера і скажуць дакручваць шурупы. Калі чалавек змушаны да такой працы, то, апрача яе, ён шукае нечага іншага, каб мець магчымасць ствараць. Нават гатаванне абеду можа быць творчай працай.

Другі элемент — гэта прагненне сустрэць чалавека з вялікім духам.

Гэта найчасцей здзяйсняецца пры дапамозе мастацтва. Твор мастацтва заўсёды з’яўляецца ўцелаўленнем духу яго стваральніка. Тут не маюцца на ўвазе сусветнавядомыя творы мастацтва. Маецца на ўвазе кожны твор, у якім уцелаўлёны дух чалавека. Архітворам можа быць ліст бацькі альбо маці, скіраваны да дзіцяці, калі ў ім змешчана сэрца бацькоў. Той, хто дбае пра развіццё духу, шукае такія творы і такія сустрэчы.

Але па-над усімі спатканнямі стаіць спатканне з найцудоўнейшым Духам, з Богам.

Менавіта спатканне чалавечага духу з Божым Духам можа прывесці да ўзнікнення найцудоўнейшых твораў. Творы Мікеланджэла, Дантэ, Моцарта, Бетховена — гэта плод малітвы. Гэта іх малітва, якая мае матэрыяльны кшталт, і таму, сузіраючы гэтыя творы або іх слухаючы, мы перажываем нешта святое, сакральнае. Гэта творы людзей, якія сустрэліся з Богам. Не ведаю, колькі з нас, чытачоў гэтага артыкула, пакіне пасля сябе творы ўзроўню Мікеланджэла, але пэўна адно: Бог хоча, каб мы кожны дзень маглі пражыць максімальна дасканала і ўчыніць яго архітворам. Бог прагне, каб кожны наш дзень быў творам любові, дабрыні і справядлівасці, а гэта магчыма толькі дзякуючы малітве. Дзе­сяць, пятнаццаць хвілінаў асабістага спаткання з Богам на працягу дня могуць перамяніць дзень у архітварэнне...

Неяк я размаўляў з жанчынаю, якой крыху за трыццаць гадоў. Доўгі час назіраў за яе намаганнямі ўдасканаліць малітву. У апошнія месяцы яна сапраўды дакранулася да Божай рэчаіснасці: завязала большы кантакт з Богам, пачала маліцца. Я спытаўся ў яе, ці магла б яна вярнуцца да ранейшага жыцця і перастаць маліцца? Яна адказала, што не. Казала, што малітва для яе — гэта як кісларод, што без малітвы яна б задыхнулася. Гэта адказ чалавека, які адкрыў, чым адрозніваюцца пацеры ад малітвы. Такое спатканне з Богам меў на ўвазе Езус, калі сам маліўся і вучыў малітве Апосталаў.

Кастрычнік — месяц, калі мы разам з Марыяй вучымся не гаварыць да Бога, але размаўляць з Ім дзякуючы старажытнай цудоўнай ружанцовай малітве. Паспрабуем не толькі прамаўляць нашы штодзённыя пацеры, але і ўсталяваць большы кантакт з Панам Богам. Чалавек, які ўмее маліцца, ніколі не адзін, ён не бездапаможны, ён не баіцца надыходзячай старасці, не баіцца смерці, бо жыве ў іншай рэчаіснасці. Такі чалавек ведае, што тое, з чаго складаецца зямная рэчаіснасць, — толькі маленькая частачка вялікай Божай рэчаіснасці.


З малітваю — а. Юрый Кулай OCD

 

 

 

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла