«З Хрыстом мы можам выправіць усё...»

13 ліпеня споўнілася 176 гадоў з дня нараджэння благаслаўлёнага Браніслава Маркевіча — святара і заснавальніка манаскай супольнасці святога арханёла Міхала (айцоў міхалітаў). Апекуном супольнасці ён выбраў арханёла Міхала: «Станем каля яго, бо ён пераможнаю рукою трымае харугву Хрыстовага крыжа...»


Духоўнасць міхалітаў заключаецца ў двух дэвізах: «Хто ж як Бог!» і «Стрыманасць і праца». Яны апякуюцца выхаваўчымі ўстановамі, каталіцкімі школамі, ствараюць пры парафіях араторыі, моладзевыя цэнтры. Кангрэгацыя мае ўласнае выдавецтва «Michalineum» і каталіцкую прэсу. Міхаліты ажыццяўляюць сваю дзейнасць не толькі ў Польшчы, але і па-за яе межамі, у тым ліку ў Беларусі, Украіне, Аргенціне, Аўстраліі, Аўстрыі, Германіі, Дамініканскай Рэспубліцы, Швейцарыі, Канадзе, Парагваі, Папуа-Новай Гвінеі, Францыі і Італіі.

У Беларусі сваё служэнне айцы міхаліты распачалі яшчэ да Другой сусветнай вайны ў Пінскай дыяцэзіі, калі заснавалі прытулак для сіротаў у Дзеткавічах каля Баранавічаў (на жаль, пасля вайны ён быў ліквідаваны). На пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя айцы міхаліты пачалі працаваць у некаторых парафіях Гродзенскай дыяцэзіі — Шылавічах, Васілішках і Старых Васілішках. Святары гэтай манаскай супольнасці ўжо шмат гадоў дзейнічаюць і ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі — у мінскай парафіі Маці Божай Ружанцовай, дзе іх рупліваю працаю ўзводзіцца Санктуарый Божай Міласэрнасці, і ў парафіі св. Арханёла Міхала ў Гатаве.

Благаслаўлёны Браніслаў Маркевіч спрычыніўся таксама да ўзнікнення Кангрэгацыі сясцёр святога Арханёла Міхала (сёстры міхаліткі) і апостальскіх рухаў, якія аб’ядноўваюць кансэкраваных асобаў і свецкіх супрацоўнікаў. Ксёндз Браніслаў Маркевіч быў не толькі ахвярным святаром і нястомным душпастырам, але і міласэрным апекуном бедных, цудоўным выхавацелем, пісьменнікам, руплівым апосталам цвярозасці, патрыётам і грамадзянінам. Каб атрымаць свабоду, — меркаваў ён, — найлепшым шляхам з’яўляецца праца над духоўнаю і маральнаю адноваю народа, выхаванне і адукацыя дзяцей і моладзі. Ён падкрэсліваў: «З Хрыстом мы можам выправіць усё... Трэба трымацца Бога і Яго Касцёла, бо ўсе іншыя могуць здрадзіць і пакінуць нас». Благаслаўлёны Браніслаў Маркевіч часта нагадваў, што самаю вялікаю небяспекаю для верніка з’яўляецца страта хрысціянскай свядомасці:

«Будзем памятаць правіла: дзе няма Бога, там нічога няма.
А дзе ёсць Бог, там ёсць усё...».

Мала хто ведае, што благаслаўлёны Браніслаў Маркевіч быў таксама празорцам і прарокам. Большасць яго прароцтваў ужо збылася, як і тое, з 1863 г., якое датычыла Папы паляка: «У рэшце рэшт Пан Бог вас (палякаў) адзначыць, калі дасце свету Вялікага Папу…»

У духоўнай творчай спадчыне гэтага благаслаўлёнага святара — тэстамэнт, а таксама шматлікія разважанні і думкі. Святой памяці кардынал Казімір Свёнтэк любіў чытаць духоўныя разважанні благаслаўлёнага Браніслава Маркевіча, часта цытуючы яго думкі. Прапануем вам некаторыя выказванні гэтага святара, вернага Пану Богу і Яго Провіду, душпастыра, які вызначаўся асабліваю пашанаю да арханёла Міхала і распаўсюджваў набажэнства да яго.

* * *

«Як мы павінны ўшаноўваць Найсвяцейшы Сакрамэнт? Мы павінны часта да Яго прыходзіць і размаўляюць з Ім на малітве. Часам, калі нашыя сэрцы застаюцца халоднымі да Пана Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, трэба  прасіць нашага Анёла Ахоўніка, нашых святых заступнікаў, і асабліва Маці Божую, каб яны за нас праслаўлялі і ўшаноўвалі Яго».

* * *

«Шчаслівы той, хто перадусім шукае Бога, адракаючыся ад усіх задавальненняў гэтага свету ў імя любові да Яго. Такі чалавек знойдзе перліну Яго чыстай любові, якая большая за ўсе скарбы на зямлі. Для такога чалавека Бог з’яўляецца ўсім, бо ён цэніць Бога вышэй за ўсе багацці, гонар, здольнасці, славу, надзею і ўсялякія дары. Такі чалавек шукае толькі Бога і больш нічога, бо менавіта Бог з’яўляецца бясконцаю Прыгажосцю, найвышэйшым Дабром, невычэрпнаю Любоўю, адным словам — усім».

* * *

«Дазволім жа Пану Богу ўвайсці ў глыбіню нашай душы,
а для ўсяго іншага зачынім нашыя сэрцы.
Калі мы штосьці любім, то давайце любіць гэта ў Богу,
гэта значыць настолькі, наколькі Пан Бог дазваляе,
і толькі да таго часу, пакуль Пан Бог гэтага хоча».

* * *

«Любоў да Бога не ў тым, каб прымаць ад Яго дары, а ў тым, каб служыць Яму. Мы ідзём на малітву не для задавальнення, але для таго, каб падабацца Богу, любіць Яго і служыць Яму. Суцяшэнне на малітве — гэта толькі маленькая падтрымка на шляху да вечнасці».

* * *

«Пакора з’яўляецца адзіным шляхам да сапраўднай велічы, адзіным надзейным падмуркам любой хрысціянскай цноты, дакладнаю мераю велічы чалавека, найважнейшаю ўмоваю атрымання Божых ласкаў і дароў, галоўнаю і надзейнаю ўмоваю дзейснага ўдзелу ў вялікай справе адкуплення чалавечага роду, а таму пакора з’яўляецца найважнейшаю перамогаю ў духоўным жыцці і ў штодзённых справах».

* * *

«Стаўшы святаром, я ўзяў на сябе абавязак стаць святым, і таму я павінен вучыцца гэтай цноце і ў ёй удасканальвацца».


Падрыхтавала Аліна Новікава.
Паводле: “Ćwiczenia duchowne”,
“Zapiski Życia Wewnętrznego”, “Szkice kazań”.

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла