Катэхізіс пра анёлаў

У Сімвале веры мы вызнаем «адзінага Бога <…>, Стварыцеля неба і зямлі, усяго бачнага і нябачнага». Выраз «неба і зямля» ў Святым Пісанні азначае ўсё існае, усё стварэнне, падкрэсліваючы пры гэтым сувязь, якая ў створаным свеце адначасова аб’ядноўвае і адрознівае неба і зямлю. Зямля — гэта свет лю­дзей (пар. Пс 115 (114), 16), а неба ўказ­вае «месцазнаходжанне» Бога — «Айца вашага, які ў нябёсах» (пар. Мц 5, 16), а таксама духоўных стварэнняў — анёлаў, якія акружаюць Бога. Вызнанне веры IV Латэранскага Сабору кажа, што Бог «з пачатку часоў з нічога разам стварыў адно і другое стварэнне, духоўнае і цялеснае, гэта значыць анёлаў і зямны свет, а напрыканцы — чалавечую істоту, якая яднае ў сабе абодва гэтыя светы, паколькі складаецца з душы і цела»1 (пар. ККК, 325–327). Такім чынам падкрэсліваецца адзінства ўсяго стварэння, а таксама «духоўная роднасць» лю­дзей і нябесных духаў — анёлаў.


Катэхізіс Каталіцкага Касцёла выразна сцвярджае, што існаванне анёлаў — гэта праўда веры, рассейваючы ўсе сумненні, якія ў часы Хрыста выказвалі, напрыклад, садукеі (гл. Дз 23, 8). Існаванне духоўных істотаў, якія не маюць цела і якіх Святое Пісанне зазвычай называе анёламі, пацвярджаецца таксама Святым Пісаннем і Традыцыяй. Святы Аўгустын кажа пра іх: «„Анёл“ азначае служэнне, а не натуру. Ты пытаешся, як называецца гэтая натура? — Дух. Ты пытаешся пра служэнне? — Анёл. Паводле таго, чым ён ёсць, ён — дух; паводле таго, што ён робіць, — анёл»2. Усёю сваёю істотаю анёлы — гэта слугі і пасланцы Бога. Анёлы «заўсёды бачаць аблічча Айца Майго, які ў нябёсах» (пар. Мц 18, 10), — кажа Езус, а таму яны «магутныя сілай», выконваюць «Ягонае слова, каб слухаць голас Ягонага наказу» (пар. Пс 103 (102), 20). Анёлы падобныя да чалавека тым, што маюць розум і волю, і дзякуючы гэтаму з’яўляюцца асобамі3, а як чыста духоўныя стварэнні яны несмяротныя (пар. Лк 20, 36). Сваёю дасканаласцю яны пераўзыходзяць усё бачнае стварэнне, пра што сведчыць бляск іх хвалы (пар. Дан 10, 9–12) (пар. ККК, 328–330).

Анёлы і людзі — разумныя і вольныя стварэнні — павінны імкнуцца да свайго канчатковага прызначэння праз свой свабодны выбар, перадусім праз любоў. З-за гэтага яны могуць памыляцца. І сапраўды, яны зграшылі (пар. ККК, 311). Да выбару непаслухмянасці нашых прабацькоў Адама і Еву схіліў спакушальнік, які супрацьстаяў Богу (гл. Быц 3, 1–5) і з-за зайздрасці штурхнуў іх на смерць (гл. Мдр 2, 24). Святое Пісанне і Традыцыя Касцёла бачаць у гэтым спакушальніку ўпаўшага анёла, званага сатаной, або д’яблам (пар. Ян 8, 44; Ап 12, 9). Д’ябал і іншыя злыя духі былі створаны Богам як добрыя па сваёй натуры, але самі зрабіліся дрэннымі4. Святое Пісанне гаворыць пра грэх гэтых анёлаў (гл. 2 П 2, 4). Іх падзенне заключаецца ў свабодным выбары, здзейсненым гэтымі створанымі духамі, якія катэгарычна і незваротна адкінулі Бога і Яго Валадарства. Адбітак гэтага бунту мы знаходзім у словах спакушальніка, скіраваных да нашых прабацькоў: «будзеце, як Бог» (пар. Быц 3, 5). «Д’ябал грашыць ад пачатку» (пар. 1 Ян 3, 8), ён — «ілгун і бацька хлусні» (пар. Ян 8, 44). Грэх упаўшых анёлаў не можа быць прабачаны не з-за недахопу Божай міласэрнасці, якая насамрэч бязмежная, а з-за незваротнасці выбару, зробленага анёламі: «…пасля падзення для іх немагчыма пакаянне, падобна да таго, як і для людзей яно немагчыма пасля смерці»5.

Пісанне сведчыць пра згубны ўплыў таго, каго Езус называе «чалавеказабойцам ад пачатку» (пар. Ян 8, 44); таго, хто нават спрабаваў адвярнуць Езуса ад місіі, даручанай Яму Айцом (гл. Мц 4, 1–11). «Дзеля таго і аб’явіўся Сын Божы, каб знішчыць справы д’ябла» (пар. 1 Ян 3, 8). Са справаў сатаны найцяжэйшыя наступствы мела яго хлуслівая спакуса, якая штурхнула чалавека на непаслухмянасць Богу. Аднак моц сатаны не бязмежная. Ён усяго толькі стварэнне: моцнае, таму што выключна духоўнае, але тым не менш як стварэнне ён не можа перашко­дзіць будаўніцтву Валадарства Божага. Хоць сатана дзейнічае ў свеце з нянавісці да Бога і Яго Валадарства ў Езусе Хрысце, і хоць ягоныя дзеянні наносяць вялікую духоўную, а ўскосна таксама і фізічную шкоду кожнаму чалавеку і грамадству, ягонае дзеянне дапушчана Божым Провідам, які моцна і міласціва кіруе гісторыяй чалавека і свету. Божае дапушчэнне дзеяння сатаны — гэта вялікая таямніца, але «мы ведаем таксама, што ўсё ідзе на карысць тым, хто любіць Бога і хто пакліканы па Яго пастанове» (пар. Рым 8, 28) (пар. ККК, 391–395).

Хрыстус знаходзіцца ў цэнтры свету анёлаў; яны — Ягоныя: «Калі прыйдзе Сын Чалавечы ў славе сваёй і ўсе анёлы з Ім» (пар. Мц 25, 31). 

Анёлы належаць Хрысту, бо створаныя праз Яго і для Яго: «Бо ў Ім было створана ўсё, што на нябёсах і на зямлі, бачнае і нябачнае: ці троны, ці панаванні, ці начальствы, ці ўлады — усё праз Яго і для Яго створана» (пар. Клс 1, 16). Яны яшчэ ў большай ступені Ягоныя, таму што Ён зрабіў іх вестунамі свайго плану збаўлення: «Ці ж усе яны не службовыя духі, якія пасылаюцца на дапамогу тым, каму належыць атрымаць збаўленне?» (пар. Гбр 1, 14). З Бібліі мы ведаем, што анёлы існуюць з моманту стварэння і на працягу ўсёй гісторыі збаўлення, здалёк ці зблізку, абвяшчаюць гэтае збаўленне і служаць яго здзяйсненню6. Яны стаяць на варце раю ў Эдэме (гл. Быц 3, 24), апякуюцца Лотам (гл. Быц 19), збаўляюць Агар і яе сына Ізмаэля (гл. Быц 21, 17), спыняюць руку Абрагама, занесеную над Ісакам для прынясення яго ў ахвяру (гл. Быц 22, 11), праз іх пасрэдніцтва быў перададзены Закон (гл. Дз 7, 53), яны вядуць Божы народ з няволі ў абяцаную зямлю (гл. Зых 23, 20–23), абвяшчаюць нараджэнні (гл. Суд 13) і пакліканні Божых абраннікаў (гл. Суд 6, 11–24; Іс 6, 6), дапамагаюць прарокам (гл. 1 Вал 19, 5). Нарэшце, анёл Габрыэль — адзін з трох вядомых нам са Святога Пісання арханёлаў — абвяшчае нараджэнне папярэдніка Месіі святога Яна Хрысціцеля і самога Езуса Хрыста (гл. Лк 1, 11. 26).

Ад уцелаўлення да унебаўшэсця жыццё Езуса — Уцелаўлёнага Слова — суправаджаецца пакланеннем і служэннем анёлаў. Бог, калі ўводзіць Першароднага ў свет, кажа: «Няхай паклоняцца Яму ўсе анёлы Божыя» (пар. Гбр 1, 6). Іхні хваласпеў пры Нараджэнні Хрыста няспынна гучыць у праслаўленні Касцёла: «Хвала на вышынях Богу…» (пар. Лк 2, 14). Яны аберагаюць жыццё Дзіцяці Езуса, неаднаразо­ва з’яўляючыся ў сне Яго Апекуну — святому Юзафу (гл. Мц 1, 20; 2, 13. 19), служаць Езусу ў пустыні (гл. Мк 1, 13; Мц 4, 11), умацоўваюць Яго падчас малітвы і агоніі ў Гетсіманскім садзе (гл. Лк 22, 43), а таксама маглі б вызваліць Яго з рук ворагаў (гл. Мц 26, 53), як калісьці збавілі Ізраэль (гл. 2 Мак 10, 29–30; 11, 8). Анёлы таксама абвяшчаюць Евангелле — Добрую Вестку: вялікую радасць уцелаўлення Божага Сына (гл. Лк 2, 10. 8–14) і Яго хвалебнае ўваскрасенне (гл. Мк 16, 5–7). Нарэшце, анёлы будуць прысутнічаць пры другім прыйсці Хрыста ў хвале, якое яны прадказваюць (гл. Дз 1, 10–11), і будуць служыць Яму падчас Апошняга суду (гл. Мц 13, 41; 24, 31; Лк 12, 8–9) (пар. ККК, 331–333).

На працягу ўсяго існавання Касцёла ў яго жыцці дзейнічае таямнічая і магутная дапамога анёлаў (гл. Дз 5, 18–20; 8, 26–29; 10, 3–8; 12, 6–11; 27, 23–25). У літургіі святой Імшы Касцёл яднаецца з анёламі ў праслаўленні тройчы святога Бога ў акламацыі «Святы, святы, святы, Пан Бог усемагутны» (пар. Іс 6, 2–3), заклікае іх прысутнасць у першай Эўхарыстычнай малітве, так званым Рымскім каноне: «Пакорна просім Цябе, усемагутны Божа, загадай свайму святому анёлу занесці гэтую ахвяру на Твой нябесны алтар…», просіць іх дапамогі ў абрадах пахавання ў малітве «Няхай анёлы прывядуць цябе ў рай…» Касцёл 29 верасня адзначае свята святых арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала, а 2 кастрычніка ўшаноўвае Анёлаў Ахоўнікаў. Малітва аб заступніцтве святых Анёлаў Ахоўнікаў вельмі папулярная ў вернікаў: «Анёле Божы, дружа мой…»

Ад нараджэння (пар. Мц 18, 10) і да смерці (пар. Лк 16, 22) жыццё чалавека падтрымліваюць абарона (пар. Пс 34 (33), 8; 91 (90), 10–13) і заступніцтва (пар. Ёв 33, 23–24; Зах 1, 12; Тоб 12, 12) анёлаў. Святы Базыль Вялікі казаў, што «кожны вернік мае каля сябе анёла як ахоўніка і пастыра, каб той вёў яго да жыцця»7, а святы Тамаш Аквінскі падкрэсліў, што «анёлы спрыяюць усяму, што для нас добра»8. Ужо на гэтым свеце жыццё хрысціяніна праз веру становіцца ўдзелам у благаслаўлёнай супольнасці анёлаў і людзей, з’яднаных у Богу.


Дыякан Мікола Гракаў

1 Пар. IV Латэранскі Сабор: DS 800; пар. І Ватыканскі Сабор: DS 3002; Павел VI. Вызнанне веры Божага народа, 8.
2 Св. Аўгустын. Enarratio in Psalmos, 103, 1, 15: PL 37, 1348–49.
3 Пар. Пій ХІІ. Энцыкліка Humani generis: DS 3891.
4 Пар. IV Латэранскі Сабор: DS 800.
5 Св. Ян з Дамаска. De fide orthodoxa II, 4: PG 94, 877 C.
6 Гл. Ёв 38, 7: анёлы, названыя «сынамі Божымі».
7 Св. Базыль Вялікі. Adversus Eunomium, 3, 1: PG 29, 656 В.
8 Св. Тамаш Аквінскі. Summa theologiæ I, 114, 3, ad 3.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла