Апостальскі сімвал веры

«ЕЗУС ХРЫСТУС ЗАМУЧАНЫ ПРЫ ПОНЦКIМ ПIЛАЦЕ, УКРЫЖАВАНЫ, ПАМЁР I БЫЎ ПАХАВАНЫ»

Фра Анжэліко. 
«Малітва ў Гетсіманскім садзе».

113. За што быў асуджаны Езус?
Некаторыя старэйшыны Ізраэля абвінавацілі Езуса ў дзеяннях супраць Закону, супраць ерузалемскай святыні і асабліва супраць веры ў адзінага Бога. За гэта Яго перадалі Пілату, каб той асудзіў Яго на смерць.

114. Як Езус ставіўся да Закону Ізраэля?
Езус не скасоўвае Закон, дадзены Богам праз Майсея на Сінаі, але выконвае яго, даючы яму канчатковае тлумачэнне. Ён — Божы Заканадаўца, які цалкам здзяйсняе гэты Закон. Акрамя таго, Ён, Слуга верны, прыносіць сваёй збаўчай смерцю ахвяру, здольную выбавіць усіх «ад злачынстваў, учыненых у першым Запавеце» (Гбр 9, 15).

115. Якім было стаўленне Езуса да ерузалемскай святыні?
Езус быў абвінавачаны ў варожых адносінах да святыні. Але Ён ушаноўваў яе як «жыллё свайго Айца» (Ян 2, 16) і надаваў ёй важную ролю ў сваім вучэнні. Аднак прадказваў таксама яе разбурэнне, звязваючы гэта са сваёй смерцю, і прадстаўляў самога сябе як канчатковае жыллё Бога сярод лю¬дзей.

116. Ці супярэчыў Езус веры Ізраэля ў адзінага Бога і Збаўцу?
Езус ніколі не супярэчыў веры ў адзінага Бога, нават тады, калі здзяйсняў выключна Божую справу, якой выконваліся месіянскія абяцанні і пацвярджалася Яго роўнасць Богу: прабачэнне грахоў. Заклік Езуса верыць у Яго і навярнуцца, дазваляе зразумець трагічнае неразуменне Сінэдрыёна, які палічыў, што Езус варты смерці як блюзнерца.

117. Хто нясе адказнасць за смерць Езуса?
У муках і смерці Езуса не могуць быць абвінавачаны ўсе без выключэння тагачасныя габрэі, а таксама іншыя габрэі, якія жылі пасля. Кожны грэшнік, гэта значыць кожны чалавек, з’яўляецца сапраўднай прычынай цярпенняў Збаўцы. Таму больш вінаватыя тыя — асабліва, калі яны хрысціяне, — хто часцей за ўсё ўпадае ў грэх або атрымлівае асалоду ад сваіх заганаў.

118. Чаму смерць Хрыста з’яўляецца часткай Божага плану збаўлення?
Каб паяднаць з сабою ўсіх людзей, што падлягаюць смерці з прычыны граху, Бог праявіў поўную любові ініцыятыву, пасылаючы свайго Сына, каб Ён аддаў сябе на смерць дзеля грэшнікаў. Смерць Езуса, прадказаная ў Старым Запавеце, галоўным чынам як ахвяра церпячага Слугі, здзейснілася «паводле Пісання».

119. Якім чынам Хрыстус ахвяраваў сябе самога Айцу?
Усё жыццё Хрыста — гэта дабравольнае ахвяраванне сябе Айцу для выканання Яго збаўчага намеру. Хрыстус аддае «жыццё сваё для адкуплення многіх» (Мк 10, 45), каб такім чынам прымірыць з Богам усё чалавецтва. Яго мука і смерць паказваюць, якім чынам Яго чалавечая натура стала свабоднай і дасканалай прыладай Божай любові, што прагне збаўлення ўсіх людзей.

Дуччо Буонінсэнья. «Пацалунак Юды»


120. Якім чынам падчас  Апошняй Вячэры выяўляецца ахвяраванне Езуса?
Падчас Апошняй Вячэры з апосталамі, напярэдадні мукі, Езус прадвяшчае, гэта значыць загадзя аб’яўляе і здзяйсняе дабравольнае ахвяраванне сябе самога: «Гэта ёсць Цела Маё, якое за вас будзе выдана» (Лк 22, 19), «гэта Кроў Мая, якая будзе праліта…» (Мц 26, 28). Так Ён устанаўлівае Эўхарыстыю як «успамін» (1 Кар 11, 25) сваёй ахвяры, а сваіх апосталаў — як святароў новага Запавету.

121. Што адбываецца падчас агоніі ў Гетсіманскім садзе?
Нягледзячы на страх, які выклікае смерць у цалкам святой чалавечай натуры таго, хто з’яўляецца «Валадаром жыцця» (Дз 3, 15), чалавечая воля Божага Сына яднаецца з воляй Айца: каб нас збавіць, Езус згаджаецца несці ў сваім целе нашыя грахі, стаўшы «паслухмяным ажно да смерці» (Флп 2, 8).

Эль Грэко. «Укрыжаванне»

122. Якія вынікі ахвяры Хрыста на крыжы?
Езус дабравольна аддаў сваё жыццё ў адкупленчай ахвяры, гэта значыць адкупіў нашыя правіны праз цалкавітую паслухмянасць сваёй любові ажно да смерці. Гэтая любоў «дарэшты» (Ян 13, 1) Сына Божага яднае з Айцом усё чалавецтва. Пасхальная ахвяра Хрыста здзяйсняе адкупленне людзей адзіным, дасканалым і канчатковым чынам і аднаўляе іх лучнасць з Богам.

123. Чаму Езус заклікае сваіх вучняў узяць крыж?
Заклікаючы сваіх вучняў, каб яны ўзялі свой крыж і наследавалі Яго, Езус хоча далучыць да сваёй адкупленчай ахвяры менавіта тых, хто першы скарыстаў з яе.

124. У якім стане было цела Хрыста,  калі знаходзілася ў магіле?
Хрыстус сапраўды памёр і сапраўды быў пахаваны. Але ласка Божая захавала Яго цела ад тлення.

Паводле: Катэхізіс Каталіцкага Касцёла.
Кампендый. — Мінск: Про Хрысто, 2010.


 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла