Taize — дзеля чаго?

Дзеля чаго мы нешта робім? Вядома, ёсць такія рэчы, якія мы робім, таму што... Вось менавіта так, не шукаючы прычыны? Таму што так навучыліся, таму што так заўжды рабілі, таму што ўсе так робяць і г.д. І простае, здавалася б, пытанне «Дзеля чаго?» выклікае тады, як мінімум, здзіўленне. Гэта добра і правільна — рабіць пэўныя рэчы, не задумваючыся: мы створаныя так, што дыхаем, не задумваючыся, нашыя сэрцы б’юцца, не абцяжарваючы нас неабходнасцю кантраляваць уласны пульс. Гэтаксама цудоўна і правільна — чыніць дабро так, як дыхаць, — натуральным чынам, не задумваючыся над выбарам, але гэта ўжо больш складана, бо патрабуе моцнага духоўнага GPS, які паказвае верны шлях. А ёсць тое, над чым задумвацца варта, і мяркую, што не перабольшу, калі скажу — жыццёва неабходна.

Яшчэ год таму, мінулаю зімою, я вырашыла для сябе, што прыкладу ўсе намаганні, каб новы 2013 год пачаўся для мяне ў Рыме, на сустрэчы Taize. На працягу цэлага года я і не думала задаваць сабе такое непатрэбнае пытанне «Дзеля чаго?», пакуль яно не прагучала з вуснаў адной маёй сяброўкі, далёкай ад Касцёла дзяўчыны. І... я не здолела з ходу адказаць, бо, праўда, пра гэта не думала. У галаве білася толькі: «Ну як жа? Рым, Taize»... Але ж гэта не адказ. Дзеля чаго я зрываюся з месца, ледзь адсвяткаваўшы Божае Нараджэнне, і, пакідаўшы ў заплечнік самае неабходнае, некуды еду, няхай гэта нават і найпрыгажэйшы горад у свеце, Вечны горад? Убачыць сваімі вачыма тое, пра што здаўна ведаю з фотаздымкаў і артыкулаў у часопісах пра падарожжы і з падручнікаў антычнай гісторыі? З’ехаць ад нашай беларускай снежнай зімы бліжэй да італьянскага сонца? Пазнаёміцца з новымі людзьмі з іншых краінаў, разам памаліцца і паспяваць цудоўныя каноны Taize? Так, але, пералічыўшы ўсе гэтыя прычыны, я разумею, што ёсць за імі нешта яшчэ — нешта нашмат большае, тое, што цяжка растлумачыць словамі, тое, што заўсёды жыве недзе ў самай глыбіні душы і над чым не часта задумваешся. Я і цяпер не магу падабраць трапных словаў для гэтага адчування, прагнення, і, праўду сказаць, упэўненая, што ўсёй нашай мовы не хопіць, каб яго апісаць. Але менавіта яно калісьці скіроўвала святых у пустэльні, а цяпер вядзе нас у пешыя пілігрымкі, прымушае ў адпачынак ехаць не да мора, а да санктуарыя і, плануючы выходныя, перш за ўсё паклапаціцца пра святую Імшу. Гэта прагненне дакрануцца да таго непазнанага, зазірнуць за заслону невымоўнага, што ценем стаіць за кожнай зямной рэаліяй, пераважвае іх усе і абумоўлівае, і што ніяк не ўдаецца выразна разгледзець, бо «цяпер мы бачым праз люстэрка, цьмяна» (1 Кар 13, 12).

Рым — хіба найлепшы горад для таго, каб «пазнаць вытокі веры», што і было тэмай сустрэчы. Час у Рыме не «гарызантальны», а «вертыкальны» — выходзячы на вуліцу, адчуваеш, што рухаешся ўглыб, — настолькі ўсё тут пранізана даўніною. Тут амаль фізічна перажываеш дотык да першакрыніцаў хрысціянства. Здаецца, варта азірнуцца, і ўбачыш тыя бясконцыя пакаленні рэальных людзей, якія жылі тут і будавалі гэтыя велічныя святыні, будавалі хрысціянства ўласным жыццём. Яны стаяць з табою плячом да пляча, падтрымліваючы, — моцная сцяна жывога і адзінага Касцёла. Гледзячы на дасканалыя абрысы Santa Maria Maggiore, запамінаючы кожную складку плашча Маці Журботнай у звышнатуральнай прыгажосці скульптуры Мікеланджэла, і сам пачынаеш імкнуцца да гэтай дасканаласці. Стоячы на каленях перад труною святога Пятра, уваходзячы ў базыліку, дзе пахаваны святы Павел, або туды, дзе спачывае святая Кацярына Сіенская, адчуваеш, як яны моляцца з табою разам. Праходзячы па вузкіх, звілістых калідорах рымскіх катакомбаў, дакранаючыся рукою да выбітых у камені крыжоў, бачыш, як мацнее і твая вера.

Але і гэтага таксама мала. Якая карысць ад святыняў, куды ніхто не прыходзіць маліцца, ад святыняў, дзе чуваць толькі ўспышкі фотаапаратаў, ад святыняў, ля якіх спыняюцца адно каб сфатаграфавацца? Прысутнасці рэлігіі мала, патрэбная прысутнасць веры. Сустрэча Taize ў Рыме паставіла перад хрысціянамі — скажу нават: перад усімі хрысціянамі, а не толькі ўдзельнікамі сустрэчы — таксама і пытанне гэтай прысутнасці. Чаму, чаму ў Рыме, горадзе найбагацейшай хрысціянскай традыцыі, у каталіцкіх сем’ях у час Божага Нараджэння знайшлося месца толькі для дзясятай часткі пілігрымаў? Многія ў гэтыя дні адчулі сябе, як Марыя і Юзаф з Дзіцяткам Езусам, якім «не было месца ў заездзе» (Мц 2, 7). Для іх адчынілі дзверы касцёлы і кляштары, але не людзі. Так, часцей знойдзеш прытулак у касцёле, чым у сэрцы іншага чалавека. Для мяне асабіста вялікім шокам было ўбачыць на рагу вуліцы, амаль пад касцёлам... варажбітак, якія тут жа прапануюць «раскінуць карты на лёс». Калі я расказала пра ўбачанае ксяндзу Уладзіміру Русаку, якога сустрэла там жа, ля касцёла Santa Maria in Cosmedin — Святой Марыі ўсіх мучанікаў, пабудаваным на месцы язычніцкага Пантэона, ён горка сказаў: «На жаль, Рым вяртаецца ў барбарскія часы...»

Я кажу гэта ні ў якім разе не дзеля таго, каб вінаваціць рымлянаў, а каб кожнаму з нас задацца пытаннем: а я, кладучы аплаткі на вігілійны стол, калі ў небе запальваецца першая зорка, ці гатовы адкрывацца іншым людзям і быць для іх сведчаннем сапраўднага жывога хрысціянства? Вялікім падарункам для ўдзельнікаў сустрэчы Taize стала супольная малітва на плошчы святога Пятра разам са Святым Айцом. І падчас гэтай малітвы папа Бэнэдыкт XVI сказаў нам: «Хрыстус не забірае вас з гэтага свету. Ён пасылае вас туды, дзе не хапае святла, каб вы маглі прынесці яго да іншых. Так, вы пакліканыя быць маленькімі промнямі тым, хто вакол вас».

У гэтыя дні сустрэчы Taize моладзь сабралася разам, каб вярнуць Рыму і ўсёй Еўропе Хрыста. Католікі, праваслаўныя і пратэстанты супольна маліліся, спявалі і разважалі над словам Божым, каб усе мы распазналі вытокі сваёй веры, дакрануліся да іх і ажывілі ў сабе «штодзённае хрысціянства». Скіроўваючы да моладзі традыцыйны ліст, брат Алоіс, кіраўнік супольнасці Taize, напісаў: «Езус не вучыў тэорыі, ён жыў чалавечым, як нашае, жыццём. Адзінае адрозненне было толькі ў тым, што ў Ім Божая любоў ззяла без ценяў. Ніхто не мусіць верыць у Яго, але вера — гэта больш, чым проста пачуццё. Яна з’яўляецца рацыянальным актам, гэта магчымасць здзейсніць добра прадуманыя рашэнні, каб верыць у Хрыста».

У гэты Год веры, абвешчаны Святым Айцом Бэнэдыктам XVI, варта падумаць: дзеля чаго? Дзеля чаго і ў Каго я веру? І добра было б, каб адказам не стала здзіўленае маўчанне. Там, на плошчы святога Пятра, падчас супольнай малітвы, поўнай еднасці, жывой веры і сапраўднага экуменізму, мне глыбока ў памяць урэзаліся словы Святога Айца: «Сёння Хрыстус задае нам пытанне, якое скіраваў да сваіх вучняў: “А вы кім лічыце Мяне?”. На гэтае пытанне Пётр, чыя магіла знаходзіцца каля нас, адказаў: “Ты — Хрыстус, Сын Бога Жывога” (Мц 16, 15–16). І ўсё яго жыццё стала канкрэтным адказам на гэтае пытанне. Хрыстус прагне пачуць і ад кожнага з вас адказ, выкліканы не абавязкам або страхам, а вашай глыбокай свабодай. У адказе на гэтае пытанне знойдзе сэнс вашае жыццё. Тэкст з ліста святога Яна, які мы пачулі цяпер, дапамагае нам зразумець, як вельмі проста, у двух словах, даць адказ: “А запаведзь Яго такая, каб мы верылі ў імя Сына Ягонага Езуса Хрыста і любілі адзін аднаго, як Ён загадаў нам” (1 Ян 3, 23). Мець веру і любіць Бога ды іншых! Што можа быць больш узвышаным? Што можа быць больш прыгожым?»


Юлія Шэдзько

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла