Да 600-годдзя берасцейскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа і 20-й гадавіны рэкансэкрацыі касцёла

...Углядваючыся ў старыя фотаздымкі, бачым ясныя твары тых, з каго пачалася новая парафія. На здымках часта сустракаюцца дзве вельмі падобныя жанчыны. Адну з іх ведае кожны, хто наведваў касцёл у нядзелю. Яна, напэўна, не прапусціла ў касцёле ніводнай нядзелі, ніводнага свята. Гэта панi Уладзя, Уладзіслава Чэрвіньская, дзякуючы якой мы маем магчымасць купіць патрэбныя нам дома і на св. Імшы культавыя рэчы. Гэтая маленькая хударлявая жанчына — сапраўдная гаспадыня ў касцёле. Ніколі не сядзіць без справы: прыбірае, падмятае, даглядае кветкі вакол касцёла, знаходзіць усе згубленыя і забытыя рэчы. Аднойчы знайшла і аддала арганісту рарытэтны спеўнік, пра які той ніколі нават не чуў. Другая жанчына, пані Ядзя, сястра пані Уладзі — таксама касцёльная актывістка. Іншы раз жанчыны займаюцца касцёльнымі справамі дапазна, калі нават гарадскі транспарт ужо не працуе...

Аляксандр Богдан, як і 20 гадоў назад, заўсёды ў цэнтры касцёльных падзеяў. Без яго не абыходзіцца ні адна ўрачыстая працэсія. Дзеці яго вельмі любяць. Збіраючы ахвяру, ён заўсёды гладзіць дзяцей па галоўцы, і міжволі ловіш сябе на думцы: а як часта ты гладзіш сваіх дзяцей па галоўцы? Можа трэба часцей праяўляць сваю любоў такім чынам? І дзеці, адчуваючы цяпло ласкавай рукі, не будуць такімі непаслухмянымі і абыякавымі…

Вось на здымку жаночая суполка. Яны самазабыўна спяваюць. Галасы гэтых жанчын і цяпер звонка раздаюцца пад скляпеннямі касцёла. Яны славяць Бога прыгожым спевам падчас набажэнстваў. Увогуле наша парафія вельмі музыкальная. Спяваюць усе, хто як здольны, бо той, хто спявае Богу, двойчы моліцца...

Нашы парафіяне добра памятаюць першага пробашча парафіі — ксяндза Збігнева, які аддана працаваў на карысць касцёла і вернікаў. Я помню яго адкрыты светлы пагляд, калі прыйшла вясною прасіць хутчэй ахрысціць майго брата, які праходзіў катэхізацыю ўсяго два месяцы. Ён толькі запытаўся: «Чаму такая спешка?». Я адказала, што ў брата хворае сэрца. Больш пытанняў не было. Мы з братам з задавальненнем працягвалі хадзіць на катэхезы. Нашай катэхеткаю была маладая сястра Эўзэбія — вельмі чулая, разумная і трохі сарамлівая. У радасны дзень хросту яна падарыла брату і мне ружанцы, а таксама Біблію. Такога цудоўнага падарунка мы не чакалі: у той час Біблію было цяжка набыць. Брат атрымаў хрост, а я ў той памятны дзень пайшла да Першай Камуніі. Так, мая першая споведзь і Першая Камунія адбыліся ў даволі сталым узросце менавіта ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа...

Ксёндз Збігнеў арганізоўваў паездкі вернікаў у каталіцкія краіны. Парафіяне пабывалі ў Польшчы, Аўстрыі, Германіі, Італіі. Асабліва запомнілася паездка ў 1998 годзе ў Ватыкан на 20-годдзе Пантыфікату Яна Паўла II. Узначальваў паездку кардынал Казімір Свёнтэк. Тады каля 40 парафіянаў нашага касцёла пабывалі на асабістай аўдыенцыі ў Святога Айца, а маленькая парафіянка Каця нават атрымала благаслаўленне ад Пантыфіка.

З асаблівай цеплынёй парафіяне адносяцца яшчэ да аднаго свайго пробашча: біскупа Казіміра Велікасельца. Каля 7 гадоў ён служыў у нашай парафіі. Яго гаміліі былі заўсёды поўныя цікавых жыццёвых прыкладаў і заклікаў да хрысціянскага жыцця. Біскуп Казімір і цяпер, выконваючы абавязкі дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі, не забывае пра наш касцёл. Менавіта дзякуючы яго намаганням сёння так прыгожа выглядае алтар: у мінулым годзе скульптуры апосталаў Пятра і Паўла, а таксама анёлкі «апрануліся» ў пазалочанае адзенне. У яго бытнасць пробашчам нямецкія майстры ўсталявалі ў нашым касцёле арган, які не толькі ўпрыгожвае літургію, але і ўзбагачае музычнае жыццё горада, жыхары якога маюць магчымасць слухаць творы вялікіх кампазітараў.

З 2007 года пробашчам нашай парафіі з’яўляецца ксёндз Юрый Хіневіч. Многія парафіяне запомнілі яго яшчэ юным семінарыстам, які некалькі разоў прыязджаў у наш касцёл на маладзёжныя сустрэчы. Я з вялікай ахвотай наведвала катэхезы для дарослых, якія праводзіць ксёндз Юрый. Ён сапраўды цікава выкладае асновы каталіцкай веры: адказвае на пытанні, падтрымлівае дыскусіі пра шляхі вырашэння складаных жыццёвых сітуацый, але своечасова ўмее загасіць полымя гарачых спрэчак цытатай з Бібліі.
У верасні мы праводзілі вікарыя кс. Юрыя Варанко і сястру Марцэліну. Ксёндз Юрый цяпер служыць вікарыем у суседняй берасцейскай парафіі. Уся моладзь вельмі любіць яго за непаўторнае пачуццё гумару і шчыры гучны смех. Мы маем магчымасць сустракацца з кс. Юрыем: ён не забывае нас, сам заходзіць у госці і запрашае да сябе. А сястра Марцэліна цяпер служыць Богу ў невялікай вёсцы пад Лоддзю. Яе цяперашняй парафіі вельмі пашанцавала, бо яна — цудоўны чалавек, чулая, добрая, абаяльная. Упрыгожыць касцёл так вытанчана, як сястра Марцэліна, не здольны ніхто. Яна — таленавіты дызайнер і фларыст з вельмі тонкім густам.

Цяпер у нашай парафіі служаць тры сястры кармэліткі ад Дзіцяткі Езуса: Марына, Тэрэсіна і Алетэя. Сястра Алетэя — новы чалавек у нашай парафіі (спадзяёмся, што ёй у нас падабаецца). Сястра Тэрэсіна — проста цудоўнае Божае дзіця! Яна — сама добразычлівасць. Нават маленькім гарэзам на св. Імшы выгаворвае весела і добразычліва. Сястра Марына — гэта наша касцёльная настаўніца. Строгая, але справядлівая. Яна вучыць Божаму слову не толькі дзяцей, але і дарослых. Сястра Марына кіруе дзяцячым парафіяльным хорам «Жалейка», які вядомы далёка за межамі парафіі дзякуючы яе творчай энергіі. Хор ужо запісаў некалькі дыскаў літургічных спеваў і плануе да выпуску наступны дыск. Сёстры такія розныя па характарах, але іх яднае служэнне Богу і адказнасць за даручаную справу. Яны многа моляцца, асабліва за тых, хто яшчэ не прыйшоў да жыцця з Богам.

Пра нашу парафію можна распавядаць бясконца, а апісаць цудоўную выяву Маці Божай Берасцейскай проста немагчыма. Яе трэба бачыць, перад Ёю трэба маліцца і адчуваць Божую міласць, спасланую праз Яе малітвы да Сына на нас, вернікаў. І дзякаваць Богу за вялікае шчасце адчуваць малітоўную еднасць з іншымі парафіянамі, адчуваць іх добразычлівасць і падтрымку.


Алена Дуброўская
Фота з архіва парафіі

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней