Даручэнне сябе Беззаганнай

 

Уплыў даручэння сябе Беззаганнай на жыццё душы

Развіваць цноты

Надзея
Верце, ад Беззаганнай вы дакладна атрымаеце ўсё тое, што вам калі-небудзь будзе патрэбна і для збаўлення, і для вытрымкі, і для асвячэння. Праўда, настануць і буры, але той, хто шчыра любіць Беззаганную, пройдзе праз усе, нават самыя небяспечныя навальніцы, цалкам некрануты, не заплямлены грахом (IV, 653a).

Не будзем ні ў чым сабе давяраць, і не будзем вызначаць межаў свайго даверу да Яе. Ва ўсіх цяжкасцях і спакусах будзем звяртацца да Яе — і тады, несумненна, не ўпадзем. Кожнае пачынанне даверым Ёй — і, несумненна, дасягнем таго, чаго Яна жадае (VI, 991).

Часам у мяне з’яўляецца боязь за вас, але я суцяшаю сябе думкаю, што Беззаганная непараўнальна больш памятае пра вас, чым я мог бы сабе ўявіць, а вы са свайго боку ўсім сэрцам прагнеце дазволіць Ёй весці вас так, як Яна жадае.

Я сам у сябе пытаюся, чаму гэта замест таго, каб распавядаць пра вандроўныя прыгоды, я ўвесь час вяртаюся да разважанняў пра Беззаганную і пра любоў да Яе, але вы, наймілейшыя дзеці, разумееце мяне, бо жывяце ў тым жа духу.

Мае найдаражэйшыя дзеці, у цяжкасцях, змроку, слабасцях, расчараваннях давайце памятаць, што неба... неба становіцца бліжэйшым. Штодня на цэлы дзень бліжэйшым. Таму будзьце адважнымі. Яна чакае там, каб прытуліць нас да Сэрца. І не верце д’яблу, калі ён хоча прымусіць вас думаць, што неба ёсць, але не для вас, бо нават калі б вы ўчынілі ўсе магчымыя грахі разам, адзін акт дасканалай любові змывае іх так, што пасля не застаецца і следу.

Найдаражэйшыя мае дзеці, каб назаўсёды вызваліць вашыя сэрцайкі ад смутку, упадку або расчаравання, я б так хацеў сказаць вам, шматразова паўтараць вам, як шмат дабрыні мае Беззаганная. Нават калі душа будзе агорнута цемраю і абыякавасцю або трапіць у няшчасце граху, адно слова «Марыя», сказанае ёю, выкліча вельмі глыбокі водгук у Яе Сэрцы, якое так любіць нас. І чым больш няшчасная душа, чым глыбей яна апусцілася ў грахі, тым больш клапатліваю апекаю агорне яе Тая, якая ратуе нас, бедных грэшнікаў. І ніколі не засмучайцеся, што не адчуваеце гэтай любові. Калі вы хочаце любіць, то гэта ўжо дакладная прыкмета таго, што любіце, а справа датычыцца толькі такой любові, якая сыходзіць ад волі. Адчуванне любові — таксама плён ласкі, але яно не заўсёды прыходзіць адразу ж услед за воляю. Часам у вас, мае дарагія, будуць з’яўляцца маркотныя думкі, штосьці накшталт тугі, пытання, наракання: «Ці любіць яшчэ Беззаганная мяне?». Дзеці наймілейшыя, кажу вам усім і кожнаму паасобку ад Яе імя — заўважце, ад Яе імя — Яна кожнага з вас любіць, вельмі моцна любіць і шкадуе — кожную хвіліну і без ніякіх выключэнняў. Гэта вам, мае найдаражэйшыя дзеці, я паўтараю ад Яе імя
(II, 453).

Любоў
Мы ведаем, што галоўны прынцып любові грунтуецца на волі. Ведаем таксама, што ўся любоў Беззаганнай — гэта Хрыстова любоў. Св. Павел раіць бясшлюбнасць, каб слугі алтара не дзялілі любові паміж стварэннем і Богам. Няма стварэння, якое б любіла Бога мацней, чым Беззаганная. Таму ўсю любоў мы аддаём Ёй, у Ёй і праз Яе — Пану Езусу, а ў Ім і праз Яго — Богу Айцу. Гэтак любіць — значыць усё больш перамяняцца ў Яе. У волі — сутнасць любові. Аднак, калі б мы сказалі, што маем волю цвёрдую, як скала, гэта было б няпраўдаю. Чалавек з’яўляецца чалавекам, ён мае таксама і пачуцці. Усе яны павінны гарманічна ўзаемадзейнічаць з любоўю. Калі хтосьці аддасць Беззаганнай волю, а пачуцці — не, то слушна можа сумнявацца ў тым, ці сапраўдная яго любоў.

Мы павінны імкнуцца, каб нашая любоў станавілася ўсё больш канкрэтнаю — жыццёваю. Пачуцці павінны ўмацоўваць волю, якая ёсць слабаю і не жадае перасільваць сябе, калі патрэбны ахвяры.

Душа, якая сапраўды любіць Беззаганную, разумее, наколькі патрэбныя фігуркі, што адлюстроўваюць Яе. Праходзячы каля фігуркі, гэтая душа не толькі знімае шапку, але аддае сапраўдную пашану. На працягу дня, уначы, калі душа не можа заснуць або прачнецца, яна ўзносіць да Беззаганнай кароткія малітоўныя заклікі. Такая душа можа дазволіць сабе праявы чуллівасці і спытаць: «Матуля мая, ці любіш Ты мяне?». Ніхто гэтага не бачыць і не чуе, але як моцна Беззаганная аднаўляе і асвяжае ў глыбіні гэтай душы любоў!

Што я павінен зрабіць, каб любіць Яе? Гэта наступнае пытанне. Колькі святла ў такі момант пранікне ў душу! Не трэба думаць, што толькі мы будзем гаварыць — Яна таксама будзе прамаўляць да нас, таму што ёсць у душы (Konf. OMK, 238).

Давайце прасіць Яе аб гэтай вялікай любові, аб гэтай палымянай любові, і не будзем прызнаваць ніякіх межаў Божай любові ў Ёй. Калі Яна, сама Яна, авалодае нашым сэрцам, то мы станем раўнадушнымі да прамінальных рэчаў — прыкрых або прыемных, а таксама справаў — лёгкіх або складаных... Усё праміне, а любоў застанецца (Konf. OMK, 197).

Любі Беззаганную ўсім сэрцам, часта звяртайся да Яе праз кароткія малітоўныя заклікі, хаця б толькі ў думках, і Яна навучыць цябе аддзячваць Пану Езусу бязмежнаю любоўю за тую любоў, якую Ён праявіў на крыжы і ў Найсвяцейшым Сакрамэнце Алтара (IV, 624).

Калі будзе такая любоў да Беззаганнай, то будзе і ўзаемная любоў. Усялякія недасканаласці і змаганні будуць яднаць нас, таму што праз іх мы даем сабе магчымасць праявіць любоў да Беззаганнай. Такая сувязь вельмі моцная, бо калі душы набліжаюцца
да Беззаганнай, яны становяцца бліжэй і адна да адной. Тады розніцы характараў і слабасці выроўніваюцца (Konf. OMK, 61).


Пераклад з польскай мовы Ганны Серэхан.

Паводле: M.M. Kolbe «Oddanie się Niepokalanej». — Niepokalanów, 2002.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла