«Benemerenti» — «Асабліва заслужаным!»

18 cнежня ў мінскім касцёле святых Сымона і Алены адбылося ўручэнне папскіх медалёў «Benemerenti» — «Асабліва заслужаным» — асобам, якія зрабілі вялікі ўклад у развіццё Касцёла ў нашай краіне: Аліне Новікавай, Крыстыне Лялько і Івану Гумоўскаму. Высокія ўзнагароды Святога Айца ўручыў у прысутнасці мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

Аліна Новікава — дырэктар выдавецтва «Pro Christo». Крыстына Лялько — пісьменніца, галоўны рэдактар часопісаў «Ave Maria» і «Наша вера». Іван Гумоўскі — фундатар касцёла св. Антонія ў Мар’інай Горцы.

«Я вельмі рады, што магу зрабіць гэты жэст», — сказаў Апостальскі нунцый падчас цырымоніі ўручэння ўзнагародаў. Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці адзначыў, што «Касцёл, як нагадвае Другі Ватыканскі Сабор, — гэта перадусім народ Божы». «Мы, духавенства, знаходзімся на службе гэтаму Божаму народу», — дадаў прадстаўнік Святога Айца.

Па словах нунцыя, без народа Касцёл быў бы галавою без цела, і менавіта вернікі ствараюць Цела Хрыстова. «І гэта цудоўна, што некаторыя з вас робяць такі вялікі ўклад у жыццё Касцёла», — падкрэсліў арцыбіскуп, дадаўшы, што адчувае гонар з-за таго, што ў Касцёле ў Беларусі ёсць такія людзі.

Ад імя ўзнагароджаных медалямі «Benemerenti» словы падзякі выказала Крыстына Лялько. «„Пра тое, чым напоўнена сэрца, гавораць вусны…“ (Лк 6, 45). Нашыя сэрцы сёння напоўнены глыбокаю ўдзячнасцю», — сказала прамоўца. Крыстына Лялько папрасіла Апостальскага нунцыя перадаць Святому Айцу Бэнэдыкту XVI словы шчырай удзячнасці  і  глыбокай пашаны, любові і адданасці, а таксама запэўніць у заўсёднай малітоўнай падтрымцы і памяці.

«Гэта прыгожая матывацыя для нашай далейшай працы, — падкрэсліла рэдактар каталіцкіх часопісаў. — Ад самага пачатку мы ўспрымалі і ўспрымаем сваю працу як служэнне на хвалу Пана Бога і дзеля дабра Яго святога Касцёла. <...> Дзеля Хрыстовай любові і ў імя яе, калі дазволіць Божая міласэрнасць, мы будзем рупліва працаваць і далей, каб дапамагаць нашым беларускім чытачам адкрываць багацце і глыбіню каталіцкай веры ў „яе паўнаце і з адноўленаю перакананасцю”, праз каталіцкія выданні будзем садзейнічаць новай евангелізацыі і пашырэнню Хрыстовага валадарства любові ў гэтым азяблым свеце».

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падкрэсліў асаблівы ўдзел Аліны Новікавай, Крыстыны Лялько і Івана Гумоўскага ў адраджэнні і станаўленні Касцёла ў нашай краіне. «Спадарыні Аліна Новікава і Крыстына Лялько стаялі ля вытокаў выдання рэлігійнай літаратуры на беларускай мове і ўвогуле каталіцкай выдавецкай працы. Спадар Іван Гумоўскі вельмі дапамог у тым, каб парафія св. Антонія ў Мар’інай Горцы мела сваю святыню. Іх прыклад — гэта прыклад адданага служэння свецкіх людзей Касцёлу», — адзначыў арцыпастыр.

Мітрапаліт падзякаваў Аліне Новікавай, Крыстыне Лялько і Івану Гумоўскаму за ахвярную працу і пажадаў ім поспехаў у жыцці і далейшай дзейнасці.

З гісторыі медаля

Ганаровы медаль «Benemerenti» быў зацверджаны папам Грыгорыем XVI у 1832 годзе як узнагарода за доўгую службу Каталіцкаму Касцёлу і выключныя заслугі. Гэтым медалём узнагароджваюцца рэлігійныя, духоўныя і ваенныя асобы.

Медаль мае форму стылізаванага залатога крыжа з выяваю Хрыста. На другім баку напісана слова «Benemerenti» на фоне герба Ватыкана (тыяры і скрыжаваных ключоў). Стужка, на якой вісіць медаль, зроблена ў традыцыйных папскіх колерах — бела-жоўтая.

{gallery}215-01{/gallery}

Анастасія Грышан

Цэтлікі: Падзеі

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней