Да неабыякавых сэрцаў

Нядаўна мне давялося прачытаць цікавае інтэрв’ю вядомага італьянскага журналіста і пісьменніка, аўтара кнігі «Украдзеныя святы» Міммо Муолё. У гэтай кнізе ён піша пра распаўсюджаную ў сучасным свеце і вельмі небяспечную тэндэнцыю пазбаўляць асноўныя хрысціянскія святы іх рэлігійнага зместу, піша пра хітрую і часам незаўважную падмену іх псеўданароднымі святамі. У згаданым інтэрв’ю, якое якраз і датычыла выхаду гэтай кнігі, Міммо Муолё кажа, што ў сучасным свеце «існуе атмасфера, якая спрыяе памкненням спіхнуць веру ў прыватную сферу свядомасці, выкінуць яе з публічнай прасторы. Менавіта ў такой атмасферы, — сцвярджае Муолё, — адбываецца аслабленне хрысціянства». Гэтыя глыбокія і актуальныя разважанні італьянскага публіцыста змушаюць задумацца над тым, якімі пільнымі ў гэтай штодзённай мітусні мы павінны быць, каб не даць увесці сябе ў зман, каб не дазволіць падмяніць ці «ўкрасці» ні нашых сапраўдных святаў, ні нашых хрысціянскіх сімвалаў. Увогуле, гэты час і гэты свет змушаюць хрысціянаў да кансалідацыі і асаблівай чуйнасці, бо хрысціянства сёння — гэта адна з найбольш пераследаваных рэлігій. Падумайце самі: толькі за мінулы год у свеце загінула 105 тысяч хрысціянаў!

 

У ХХІ стагоддзі вызнаўцы Хрыста гінуць за сваю веру гэтаксама, як і дзве тысячы гадоў назад: іх забіваюць камянямі і палкамі сярод раз’юшаных натоўпаў на вуліцах і плошчах Індыі і Сірыі, у некаторых краінах Афрыкі і Азіі. Дзякаваць Богу, хрысціянам у Еўропе не пагражаюць масавыя фізічныя расправы. У нашай краіне таксама ўжо больш за два дзесяцігоддзі вернікі жывуць у атмасферы рэлігійнай свабоды. Але і нам не трэба забываць, што той ваяўнічы атэізм, праз які прайшла хрысціянская вера ў нашай краіне, на жаль, не знік бясследна, а, як і паўсюль, прыняў іншыя, замаскаваныя і больш падступныя формы. Цяпер ужо не адбіраюцца і не разбураюцца хрысціянскія святыні, але робіцца ўсё, каб, як піша Муолё, спіхнуць хрысціянства ў прыватную сферу, каб нашы касцёлы і цэрквы сталі своеасаблівымі рэзервацыямі для хрысціянаў, а з часам — увогуле апусцелі і страцілі сваё сакральнае прызначэнне, што ўжо іншы раз і здараецца ў Заходняй Еўропе. Цяпер з дапамогаю некаторых СМІ фарміруецца «цывілізацыя інстынкту» і, як слушна заўважае генерал езуітаў а. Адольфо Нікалас, адбываецца «працэс глабалізацыі павярхоўнасці». Таму сёння, можа, як ніколі, хрысціянства павінна быць дзейсным, а кожны хрысціянін — паслядоўным і мужным у вызнаванні і сведчанні сваёй веры.

У адной з апошніх катэхезаў папа Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што верыць у Бога — гэта значыць «будаваць на Ім сваё жыццё, жадаць, каб Яго слова кожны дзень кіравала намі ў канкрэтнай сітуацыі».

Год веры, які мы з вамі перажываем, — гэта час асаблівай Божай ласкі, дадзены нам для новага адкрыцця глыбіннай сутнасці каталіцкай веры і яе галоўных праўдаў; гэта час абуджэння ў нашых сэрцах яшчэ большай любові да Хрыста і даверу да Яго бясконцай Міласэрнасці, час асэнсавання нашай хрысціянскай тоеснасці.

У партыкулярным Касцёле на Беларусі Год веры аддадзены ў апеку Маці Божай, яго дэвіз: «Марыя — Маці нашай веры».

І гэта невыпадкова: мы з вамі рыхтуемся да 400-годдзя з’яўлення цудадзейнага абраза Маці Божай у старажытнай будслаўскай святыні. Колькі за гэтыя стагоддзі прынесена да Яе святога падножжа смутку і болю, радасці і ўдзячнасці! Яна, Апякунка Беларусі, дапамагла нашаму народу захаваць і зберагчы каталіцкую веру, і цяпер Яна дапамагае нам выстаяць ва ўсіх выпрабаваннях і жыццёвых нягодах.

Дарагія чытачы! Давайце ж і мы ў гэты благаслаўлёны час знойдзем для Яе, нашай любай Матулі, словы ўдзячнасці і прызнання, давайце прыгадаем асаблівыя знакі ласкі, якія мы атрымалі ад Яе падчас пілігрымак і падчас перэгрынацыі Яе святога абраза... Цуды адбываюцца і ў наш час, толькі трэба іх убачыць вачыма веры, вачыма сваіх неабыякавых сэрцаў, трэба пастарацца не згубіць сваю хрысціянскую чуйнасць у задыхана-імклівым тэмпе штодзённасці...

Мы чакаем вашых лістоў і артыкулаў, вашых вершаў і сведчанняў веры. І няхай не пакідае вас натхненне і Божая ласка.

Крыстына Лялько

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла