Дзе пачытаць пра Будслаў?

Многія пакаленні вернікаў з Беларусі і нават замежжа выразна спазналі на ўласным духоўным вопыце, што Будслаў — месца асаблівай Божай ласкі, якое круглы год прыцягвае да сябе тысячы пілігрымаў. Людзей прыводзіць сюды моцная вера, і цалкам заканамерна, што ў іх узнікаюць дзясяткі пытанняў пра гісторыю самога мястэчка, вялізнай базылікі, пра паходжанне цудатворнага абраза Маці Божай і цуды, звязаныя з ім. Нярэдка вернікі просяць падказаць, адкуль можна пра ўсё гэта даведацца, дзе можна знайсці малітвы да Найсвяцейшай Панны, абраз якой знаходзіцца ў Нацыянальным санктуарыі Беларусі. 

Мы вырашылі зрабіць для чытачоў «Ave Maria» кароткі агляд выданняў, у якіх змяшчаюцца адказы на многія пытанні, звязаныя з Будславам.


Гісторыя вёскі Будслаў і цудатворнага абраза Маці Божай

У ліку першых кніг, выдадзеных у Беларусі пасля вяртання будслаўскага кляштара айцам бэрнардынам, знаходзяцца працы кс. Уладзіслава Завальнюка «Будслаўскі касцёл — святыня Беларусі» (1993) і «История Будславской базилики» (Мінск, 1998; існуе таксама выданне на польскай мове). Апрача гісторыі базылікі, аўтар апісаў таксама гісторыю культа абраза Найсвяцейшай Панны Марыі, распавёў пра адраджэнне будслаўскай святыні ў 1990-я гады і даў вытрымкі з кнігі кс. Элеўтэра Зеляевіча «Задыяк на зямлі» (адной з першых гістарычных працаў пра Будслаў, выдадзенай у 1650 г.) з апісаннем цудаў, звязаных са знакамітым абразом.

У 2001 г. у выдавецтве «Pro Christo» ўбачылі свет дзве новыя кнігі пра гэтае абранае Богам месца — «Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай»  а. Інакенція Русецкага OFM і «Старажытны алтар» Ежы Кавальчыка. Сцісла, але дакладна аўтары апавядаюць пра развіццё кляштара бэрнардынаў у Будславе. А. Інакенцій Русецкі OFM уключыў у сваю працу ўрывак з легенды пра цудоўнае аб’яўленне Маці Божай у старажытнай Будзе, якое адбылося каля 1588 года. «Ён [брат-бэрнардын] не ведаў, блізка ці далёка яшчэ дадому, калі раптам заўважыў нейкае ззянне, як бы агонь нейкі, што свяціўся праз дрэвы. <...> Як жа ён здзівіўся, калі, выбіўшыся вузенькай сцежкай з гушчару, апынуўся пад самаю сваёю капліцаю, а над ёю ўбачыў у незвычайным святле, нібы ў сонцы, выяву Маці Божай, менавіта такую, якая знаходзілася ў адным з алтароў віленскага касцёла». Дарэчы, аўтар кнігі перакананы, што гэта не проста легенда, а праўдзівыя факты, слава пра якія разышлася далёка за ваколіцы Буды.

Кніга «Старажытны алтар» Ежы Кавальчыка прысвечана перспектыўнаму алтару XVII ст., пабудаванаму спецыяльна для прывезенага з Вільні цудатворнага абраза. Для яе характэрны навуковая выверанасць і строгі стыль, таму чытач з задавальненнем будзе сачыць за аналізам кампазіцыі будслаўскага алтара, разам з аўтарам паглыбіцца ў крыніцы натхнення старажытнага майстра і наблізіцца да разгадкі аўтарства гэтага незвычайнага архітэктурнага шэдэўра.

Амаль адначасова са з’яўленнем кніг а. І. Русецкага OFM і
Е. Кавальчыка ў часопісе «Наша вера» (№ 2/2001) былі змешчаны публікацыі Аляксандра Ярашэвіча «Цудадзейны і старажытны» і «Роспісы будслаўскага касцёла», якія затым леглі ў аснову яго кнігі «Абраз Маці Божай Будслаўскай» («Pro Christo», 2004, серыя «Абразы Маці Божай»). Даследаванне мастацтвазнаўцы ўключае не толькі апісанне паходжання абраза, але і звесткі пра яго спісы, што знаходзяцца ў розных кутках Беларусі і замежжа (найперш у наваколлі Будслава, а таксама ў Глыбокім, Магілёве, Суботніках, Воўпе, у Лішкяве (Літва), пад Крулёўцам (Кёнігсберг) і інш.). Безумоўна, цікавым будзе для чытачоў апісанне цудаў будслаўскага абраза і раздзел пра роспісы касцёла на тэмы цудаў.

Дарэчы, пералічаныя кнігі, поўныя каштоўнай інфармацыі, ужо становяцца амаль бібліяграфічнай рэдкасцю — яны хутка разышліся з паліцаў кнігарняў, што сведчыць пра зацікаўленасць і неабыякавасць чытачоў да гісторыі Будслава і яго святыні.

У 2009 г. была падрыхтавана кніга «Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай» («Pro Christo», на беларускай і рускай мовах), куды цалкам увайшлі працы а. І. Русецкага OFM, Е. Кавальскага і А. Ярашэвіча. Багата аздобленая якаснымі фотаздымкамі (цудатворнага абраза, старажытнага алтара і яго паасобных элементаў, самой базылікі, урачыстасцяў), схемамі, малюнкамі і гравюрамі даўняга паходжання, гэтая кніга найбольш змястоўная і даступная для ўсіх, хто хацеў бы глыбока пазнаёміцца са знакамітаю беларускаю святыняю (выданне можна набыць у кнігарні «Духоўная кніга», што знаходзіцца ў Мінску на вул. М. Багдановіча, 25).


Малітвы і спевы да Маці Божай Будслаўскай

Вядома, што да Маці Божай Будслаўскай беларускія вернікі моляцца не толькі ў час пілігрымкі або фэсту. Найсвяцейшая Панна ў цудатворным абразе з’яўляецца нашаю заўсёднаю Апякункаю, і таму набажэнства да Яе практыкуецца на працягу ўсяго літургічнага году. А. Фларэнтын Піваш OFM у 2002 г. прапанаваў для друку «Навэнну да Маці Божай Будслаўскай» (у 2001 г. кніга была выдадзена на польскай мове). «У аснову навэнны пакладзены евангельскія тэксты. Разважанне грунтуецца на словах пропаведзі на Гары Благаслаўленняў, бо менавіта Хрыстовы абяцанні з’яўляюцца глыбокім крытэрыем каталіцкай маральнасці», — напісана ва ўводзінах да кнігі.

Развіццё культу Маці Божай Будслаўскай зрабіла запатрабаваным і выданне спеўніка «Вітай у Будславе, Марыя» («Pro Christo», 2005), у якім змешчаны ўрачыстыя спевы, спяваныя часткі святой Імшы і песні, прысвечаныя Маці Божай Будслаўскай, а таксама «Традыцыйных нешпараў у гонар Маці Божай Будслаўскай» («Pro Christo», 2007). Апошнюю з кніг яшчэ можна набыць у кнігарні «Духоўная кніга».


Маці Божая Будслаўская ў паэзіі і выяўленчым мастацтве

Духоўныя досвед і пачуцці, якія многія з нас спазнаюць дзякуючы апецы Маці Божай Будслаўскай, вартыя таго, каб натхняць імі іншых з дапамогаю неаспрэчнай сілы мастацтва. Таму не дзіўна, што вельмі многія вернікі адгукнуліся на аб’яўлены ў 2004 г. нашым часопісам конкурс, прысвечаны юбілею 500-годдзя Будслава, і даслалі шмат глыбокіх вершаў-малітваў, якія склалі змест выдадзенага паводле матэрыялаў конкурсу зборніка «У будслаўскай святыні Ты ранішняй зоркай» («Pro Christo», 2004). Пяшчота і давер, адкрытасць і шчырасць, лёгкасць і простасць — гэта першае, што адчуваеш, судакранаючыся з душою аўтара таго ці іншага верша, яны вучаць па-дзіцячы свабодна і немудрагеліста праслаўляць Панну Марыю.

Паэтычна-малітоўнае сузіранне абраза Маці Божай Будслаўскай легла таксама ў аснову значнай часткі кнігі вядомай беларускай паэткі Дануты Бічэль «Стакроткі ў вяночак Божай Маці» («Pro Christo», 2004). Цыкл вершаў з гэтае кнігі, прысвечаны менавіта будслаўскаму абразу, увайшоў у новы томік паэткі, які называецца «Іду сцяжынаю да Бога» («Pro Christo», 2012). Гэтае выданне, як і кнігу «У будслаўскай святыні Ты ранішняй зоркай», таксама яшчэ магчыма набыць у «Духоўнай кнізе».

Арыгінальная і непаўторная лучнасць малітвы і таленавітага ўвасаблення асабістай веры праз мастацтва выявілася ў карцінах удзельнікаў адкрытага мастацкага пленэру, прысвечанага 500-годдзю Будслава. Працы мастакоў увайшлі ў невялікі альбом «Будслаў — 2004». «Кожны з гэтых дзесяці мастакоў, — піша ў прадмове да альбома Ірына Скварцова, — прынёс у Будслаў свае талент, майстэрства, вопыт адлюстравання свету, а Будслаў даў ім сваё святло і натхненне».

Сапраўды, колькі мастакоў — столькі бачанняў. Колькі сэрцаў — столькі непаўторных малітваў. Колькі верных душаў — столькі разоў спазнаны непаўторны досвед даручэння сябе Маці Божай.
І столькі ж перажыта цудаў.

Спадзяемся, што выдадзеныя да гэтага часу кнігі па «будславазнаўстве» кагосьці ўзбагацяць цікавымі ведамі, кагосьці натхняць на яшчэ большае праслаўленне Бога, а камусьці нават дапамогуць знайсці шлях да Яго... Бо Маці Божая любіць нас гэтак жа, як і 500 гадоў назад любіла нашых продкаў, таму цуды працягваюцца...


Ганна Шаўчэнка

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла