Месца духоўнага аднаўлення

Што ён азначае ў нашым жыцці, наш старажытны і адначасна заўсёды такі малады Будслаў? Старажытны, бо ведаем, што ягоная гісторыя сягае ажно ў XVII стагоддзе. А малады, бо калі мы прыязджаем альбо прыходзім у Будслаў, то чамусьці не думаем і не ўспрымаем яго як штосьці старадаўняе. Будслаў — гэта нашае сёння. А зрэшты, запытаем у тых, хто часта яго наведвае, для каго Будслаў стаў неад’емнай часткай біяграфіі.

Юлія Мілашэўская, філолаг, г. Мінск

— Успамінаю сваю першую пілігрымку 2006 года да Маці Божай Будслаўскай і свае адзінаццаць мазалёў. У тое лета я і адкрыла для сябе Будслаў. Праўда, адкрыццё гэтае было са слязьмі на вачах. Яшчэ толькі распачаўся другі дзень пілігрымкі, а я ўжо ісці не магу! Плятуся ззаду і бубню сабе пад нос: «Ну чаго ты пайшла? Во дурнота, дома табе не сядзіцца! Гэта ж трэба, самыя нязручныя кеды абула»… Здаецца, ад часу першых мазалёў адзінай маёй інтэнцыяй той пілігрымкі было адно — хутчэй бы прывал. На трэці дзень напрасілася ахвотнікам чысціць бульбу на 400 чалавек. Як вынік — мазалі на руках. Дзень чацвёрты: зараклася, што больш ніколі ні ў якія пілігрымкі не пайду! Пытанне: «Што я тут раблю?!» моцна сядзела ўва мне…

Але незабыўная Божая радасць прыйшла на пяты дзень і ўсё кардынальна змяніла! Гэта быў момант, калі мы, убачыўшы здалёк будслаўскую святыню, сталі на калені. Так, мы ўкленчы-лі проста на асфальце, дзе ездзяць машыны. Напэўна, у людскіх вачах мы былі проста групкаю фанатыкаў, але ў вачах Бога — Яго любімымі дзецьмі.

У Будслаў пасля таго хадзіла яшчэ 6 разоў, а гэта значыць — кожны год! Як бачыце, абяцанне, якое дала сабе («ніякіх больш пілігрымак») не выканала і выконваць не збіраюся! Чаму? Адказ у песні, якую часта спяваюць пілігрымы: «Калі ты хочаш ісці за Мной, выракайся самога сябе, вазьмі свой крыж, ідзі за Мной…»
Таму шчыра запрашаю ўсіх у Будслаў, каб адкрываць Бога асабіста для сябе, спазнаваць Яго Любоў і таямніцы. І не забудзьце пра зручны абутак!


Гэлена Грамыка, эканаміст, г. Мінск

— Кожны ўспамін пра Будслаў заўсёды выклікае ўва мне радасць і шмат цёплых успамінаў. Для мяне гэта месца сапраўднай Божай радасці, месца адзінства, гэта заўсёды час ласкі, духоўнага аднаўлення. Не памятаю ніводнага разу, каб я вярнулася з Будслава такім жа чалавекам, якім выпраўлялася ў яго. Дзякую Богу за тое, што Маці Божая працуе гэткім чынам у маім сэрцы. Гэта Яна кожны раз нагадвае мне, як некалі ў Кане Галілейскай: «Тое, што Ён скажа вам, зрабіце».
Ведаю шмат цудоўных гісторый, калі людзі вярталіся з Будслава з адноўленым здароўем альбо з адказамі на свае пытанні, альбо з новымі планамі. Разумею, што гэта благаслаўлёнае месца, але думаю, што нават не ў месцы справа. Проста Богу падабаецца, калі людзі годна шануюць Яго Маці, бо праз Яе праслаўляецца і Сын.


Павел Жаўняровіч, праграміст, г.п. Мёры

— Будслаў для мяне — гэта найперш пілігрымка. Без яе свята ў Будславе было б, напэўна, нібы ўрачыстасць Нараджэння Езуса, якому не папярэднічаў бы Адвэнт.  Менавіта шлях у Будслаў стаў для мяне той падзеяй, што я ўпершыню згадзіўся пайсці за крыжам Хрыста, не ведаючы і не надта клапоцячыся пра тое, што чакае мяне наперадзе.  Будслаў — гэта любоў і расчараванне, крыўды і прабачэнне,  гэта жыццё даўжынёй у імгненне, і гэта дарагое імгненне сустрэчы, якое я не забуду на працягу ўсяго года. Успамін пра гэтую сустрэчу абавязкова верне мяне сюды, таму што толькі тут я знайду тое, што так доўга шукаў…


Вольга Хмялеўская, прадавец, г.Віцебск

— Часта думаю, што жыццё маё нечым падобнае да віру. Круціць мяне ў ім, круціць, і тады, калі ўжо слабнуць сілы, калі здаецца, што яны заканчваюцца, раптам аднекуль узнікне моцны слуп пасярод таго віру. Гэта — Будслаў. Ухопішся за яго, затрымаешся, дух перавядзеш і… зусім іншымі вачыма зірнеш на тое, што з табой адбываецца.

Я нарадзілася менавіта ў Будславе 48 гадоў таму. І так выйшла, думаю, не выпадкова, што Будслаў стаў для мяне не толькі месцам фізічнага, але і духоўнага нараджэння. Адно што, духоўна я нарадзілася значна пазней, 11 гадоў таму. Адбылося гэтае нараджэнне ў часе маёй пілігрымкі з Віцебска, дзе я жыву, у мой родны Будслаў. Ніхто ніколі не ведае шляхоў Божых. Не ведала і я. Але цяпер ніколі не хачу стамляцца дзякаваць Маці Божай за тое, што Яна паклікала тады мяне на гэты шлях. Паклікала і адкрыла для мяне новы далягляд у жыцці. Дзякуючы таму шляху маё жыццё напоўнілася новым, глыбокім сэнсам. І таму цяпер кожны раз, калі я еду ў мой родны Будслаў, я ведаю, што там мяне чакаюць дзве маці: мая родная матуля і Нябесная. Дзіўна, але як толькі ўбачу вежы касцёла, то адразу раптам і вецер для мяне лагаднейшы робіцца, і снег бялейшы, і сонца цяплейшае. Бо там мяне чакаюць сапраўдная любоў і падтрымка, без якіх жыццё было б нашмат бяднейшым.


Зміцер Моніч, этнолаг, г.Мінск

— Так ужо сталася, што першы мой шлях у Будслаў быў у маім жыцці часам знаёмства з Жывым Езусам Хрыстом. Першы раз я пайшоў пешшу з Мінска ў Будслаў у 13 гадоў. Памятаю, як перапаўнялі мяне тады эмоцыі: новыя знаёмствы, некалькі дзён своеасаблівых прыгодаў з сябрамі. І так паўтаралася кожны год у канцы чэрвеня – пачатку ліпеня, я ўжо не бачыў для сябе гэтага часу без пілігрымавання. Тады для мяне пілігрымкі былі сапраўднымі прыгодамі, якія вельмі важныя для маладога хлопца. Я хадзіў у пілігрымку, каб добра правесці час летніх канікулаў са знаёмымі з розных гарадоў і нават з іншых краінаў, каб назбіраць новых уражанняў.

Калі ж я цяпер азіраюся назад, то разумею, што рабіў гэта шчыра, як мог, я стараўся праславіць Езуса на тых шляхах. Ведаю, што Бог глядзіць у сэрца, Ён бачыў шчырасць маіх намераў, і падчас адной з пілігрымак пачалася мая нябачная пілігрымка да пазнання і знаёмства з Жывым Езусам Хрыстом. Ад таго часу сама пілігрымка перастала быць для мяне мэтаю. Галоўным стала развіццё маіх адносінаў з Езусам. У пілігрымку я ўжо ішоў не для таго, каб весела пабавіць час з сябрамі і атрымаць порцыю пазітыўных эмоцый, а наадварот, каб нешта даць іншым, паслужыць сваімі дарамі. Цяпер, прызнаюся, мне ўжо не так важна, ці пайду я ў Будслаў пешшу, і нават не настолькі важна, ці змагу ўвогуле быць у Будславе на ўрачыстасцях.

Галоўнае для мяне цяпер — быць з Езусам там, дзе я ёсць, гэта значыць — усюды. А дапамог мне гэта зразумець Будслаў і ягоная галоўная Гаспадыня — Маці Божая Будслаўская, за што я заўсёды дзякую Ёй.

Такія вось думкі нашых чытачоў пра тое, што значыць Будслаў у іх жыцці. А што азначае гэтае святое месца для вас? Магчыма, вам таксама ёсць чым падзяліцца. Запрашаем гэта зрабіць на старонках нашага часопіса. Мы збяром з гэтага цікавую кніжку вашых прызнанняў у любові да Маці Божай Будслаўскай — Гаспадыні Будслава...


Ірына Жарнасек

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла