Нясталая пазіцыя ў працы і размеркаванні часу

Цяпер, калі рытм жыцця чалавека расце, а час становіцца адным з найважнейшых рэсурсаў, вялікую папулярнасць набывае так званы тайм-менеджмент, уменне размяркоўваць свой час. Існуе мноства розных методыкаў тайм-менеджменту, і ў цэлым яны заснаваныя на прынцыпе раздзялення справаў па іх важнасці, складанасці, часе, патрэбным для іх выканання. Вядомы хрысціянскі псіхолаг сястра Паўла Бобер MSF у адной з лекцый, прысвечаных настаўніцтву, гаворыць аб нясталым настаўніцтве, і гэта напрамую датычыць нясталай пазіцыі ў працы і размеркаванні свайго часу. Прапануем вам урывак з гэтай лекцыі.


Вельмі істотным у працы з’яўляецца праблема выгарання.

Выгаранне — сам па сабе звычайны працэс, без яго не бывае нармальнай працы з людзьмі. Аднак бывае выгаранне па пакліканні і супраць паклікання. Другое азначае, што выгаранне ў працы настае вельмі хутка і з яўнымі сімптомамі: напружанасць, раздражнёнасць, асуджэнне іншых, узмоцнены кантроль за сваімі блізкімі, дзеянні, якія ставяць іншых людзей у залежнасць. Гэта выгаранне супраць паклікання, яно сведчыць пра тое, што чалавек або займаецца не сваёю справаю, або з’яўляецца нясталаю асобаю і не разумее межаў сваіх магчымасцяў.

Няздольнасць акрэсліваць межы — адна з галоўных рысаў нясталасці асобы.

Калі вы сутыкаецеся з нечым або некім «без межаў», будзьце вельмі асцярожнымі. Сустрэча «без межаў», тэлефонная размова «без межаў» — пачалі а 10-й раніцы, скончылі а 2-й гадзіне ночы. Працаўнік «без межаў» нібыта ўсё можа, усё паспявае, усё вырашае, нібыта ніякіх праблемаў не мае ні з сабою, ні з іншымі, ні з працаю.  Насамрэч, гэта непрыняцце ўласнай абмежаванасці і неўсведамленне межаў сваіх магчымасцяў. Такі чалавек не ўмее сказаць «стоп», не ўмее адпачываць: усім жа трэба дапамагчы, усіх трэба выратаваць, без яго ўсё  руйнуецца, нічога не атрымаецца. А без адпачынку з якой галавой, з якім сэрцам чалавек падыдзе да вырашэння праблемы, да размовы з іншым чалавекам?.. Хіба толькі Дух Святы ўсё зробіць за яго. Цуды часам здараюцца, але не варта на іх разлічваць. Такая пазіцыя «бязмежнасці» — залежнасць ад уласнага настаўніцтва (або іншай працы).

Яшчэ адна праява нясталасці — неасертыўнасць у працы.

Гэта значыць, што чалавек не абараняе сваю тэрыторыю, не будуе адлегласці ў адносінах з людзьмі, якія звяртаюцца да яго па дапамогу, не акрэслівае адлегласцяў паміж прафесійнай дзейнасцю, грамадскай дзейнасцю і асабістым жыццём. Наступная праява нясталасці — адсутнасць часу для сябе самога: «Ах, я такі заняты, я ўсім патрэбны, я не магу проста так сесці кніжку пачытаць, не тое што іншыя!» Такі чалавек не мае часу для сябе, для сям’і, для асабістага жыцця. Такі чалавек не здольны проста размаўляць, проста бавіць час з іншымі людзьмі.

Прапаную вам «Жыццё ў акенцах».

Калі чалавек жыве ў першым і другім «акенцах», усё ў парадку, калі ж бясконца «звальваецца» ў трэцяе і чацвёртае, гэта прыводзіць да розных фізіялагічных і псіхічных праблемаў, выклікае неўрозы, бяссонніцу, неўрапатыю і г.д.

Першае «акенца» датычыць справаў, якія мы выконваем кожны дзень, рытму, у якім мы жывём: працоўны расклад, час для сям’і, час для сябе, выкананне хатніх абавязкаў.

Другое «акенца» — справы, якія рыхтуюцца загадзя. Напрыклад, мяне папрасілі падрыхтаваць канферэнцыю за два месяцы, і я паціху рыхтую яе на працягу гэтых месяцаў, а не за дзень перад выездам, адкладаючы ўсе істотныя і тэрміновыя справы. Часта мы кажам, што настолькі занятыя, што інакш не атрымліваецца. Але падумайце, якой будзе якасць гэтай працы, зробленай у апошнюю ноч? Калі я, рыхтуючы даклад да трох ночы, а сёмай устаю, не пазнaючы сябе пры гэтым у люстэрку, і іду нешта гаварыць іншым людзям, то я толькі катую сябе і тых, хто мяне слухае, не кажучы ўжо пра тое, што перажываюць пры такой падрыхтоўцы мае блізкія.

Людзі вельмі любяць трэцяе «акенца»: адкладаць важныя справы дзеля раптоўных. З’яўляецца праблема, якую, здаецца, толькі ты можаш вырашыць — і ты кідаеш усё і ляціш вырашаць. Вядома, часам сапраўды здараюцца такія форс-мажорныя сітуацыі. Але калі яны паўтараюцца вельмі часта, калі такіх раптоўных справаў больш, чым адна на дзень і гэта выклікае праблемы з першым і другім «акенцамі» — трэба тармазіць. Інакш гэта скончыцца неўрозамі і прафесійнай непрыдатнасцю. Справы з чацвёртага «акенца» мы таксама любім: прыйсці з працы, уключыць тэлевізар, «каб толькі навіны паглядзець», а тут цікавае кіно, а пасля яшчэ адно. Ну раз ужо ўключылі камп’ютар, можна разок у гульню згуляць... Раз зайшлі ў інтэрнэт, каб пошту праверыць, трэба ў сацсетках пасядзець, «пасёрфіць» па сеці, паглядзець, што цікавага ў свеце адбываецца… І гэта літаральна з’ядае ўвесь час, прызначаны для справаў з першага і другога «акенцаў», а таксама прыводзіць да рознага роду псіхічных захворванняў і залежнасцяў.


Падрыхтавала Юлія Шэдзько
Паводле лекцый і семінараў
с. Паўлы Бобер MSF

 

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла