Адпачыць ад інтэрнэту

Лайкі, рэпосты, каментарыі… Зрабіць сэлфі на канцэрце або сфатаграфавацца ў новай сукенцы і хуценька запосціць гэта ў Facebook. Гэта звычайныя дзеянні большасці з нас сёння, у час панавання глабальнай сеткі інтэрнэту і развіцця сацыяльных медыя. Амаль што кожны свой крок фіксуем на камеру, каб потым паказаць «сябрам» у інтэрнэце. Аднак ці вартыя гэтыя дзеянні таго, каб растрачваць на іх столькі часу нашага жыцця?


Інтэрнэт, безумоўна, шмат у чым спрашчае нашае жыццё. Пэўныя аперацыі і дзеянні мы можам зрабіць анлайн, пры гэтым эканомячы свой час. Напрыклад, набыць або забраніраваць квіток на цягнік або аўтобус, замовіць талон да ўрача... Аднак вельмі часта свой час у кібер-прасторы мы трацім далёка не рацыянальна.

У пастаяннай гонцы за ўражаннямі і «прызнаннем» у сетцы ці не губляем мы самага галоўнага — рэальнасці? Доза лайкаў і рэпостаў, якую мы атрымліваем на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках, нібы прытупляе розум. З’яўляецца фальшывае разуменне сваёй значнасці і непаўторнасці ці, наадварот, калі гэтых самых лайкаў і рэпостаў мала — усведамленне сваёй «непапулярнасці». І праз гэта з’яўляецца несапраўднае, неадэкватнае разуменне сябе, фарміруецца няправільная самаацэнка.

Паступова гэта ўсё можа прывесці да развіцця інтэрнэт-залежнасці. Праз яе д’ябал крадзе наша жыццё, якое Бог для кожнага з нас прызначыў на гэтай Зямлі.

У інтэрнэт-прасторы чалавек найчасцей стварае сабе маску, ілжывы вобраз сябе, вобраз, а не тое, кім ён з’яўляецца на самай справе. І гэта пастка. Атрымліваецца, што чалавек жыве не сваім жыццём, а жыццём вось таго «прыгажуна» або «прыгажуні» з Instagram, у якіх фота звычайна набіраюць сотні лайкаў.

Паняцце «інтэрнэт-залежнасць» у псіхіятрычную практыку ў 1995 годзе ўвёў амерыканскі псіхатэрапеўт Іван Голдберг. Тады пад гэтым тэрмінам ён меў на ўвазе не залежнасць, а хутчэй анамалію ў паводзінах, якая характарызуецца зніжэннем самакантролю, небяспекаю знішчыць сваё нармальнае жыццё. Сёння інтэрнэт-залежнасць — гэта ўжо сапраўды амаль псіхічнае адхіленне.

Псіхолагі выдзяляюць некалькі відаў інтэрнэт-залежнасці: неабходнасць у бесперапынных інтэрнэт-зносінах (частае знаходжанне на інтэрнэт-форумах, у сацыяльных сетках і разнастайных чатах); інфармацыйная інтэрнэт-залежнасць (інтэрнэт-сёрфінг) — прага да пастаяннага пошуку інфармацыі, якая змушае чалавека бясконца падарожнічаць па сетцы; анлайн-гульні, азартныя анлайн-гульні і шматлікія іншыя.

Найбольш распаўсюджаным з іх з’яўляецца першы від, звязаны са знаходжаннем у сацыяльных сетках, такіх як Facebook, Укантакце, Аднакласнікі, Instagram і іншых.

Вынікі псіхалагічных даследаванняў інтэрнэт-залежнасці паказалі, што празмернае, бескантрольнае знаходжанне ў інтэрнэце можа прывесці да зменаў у свядомасці і функцыянаванні галаўнога мозга і ў выніку да страты здольнасці да навучання і глыбокага разважання. А таксама — да фарміравання асацыяльнасці ў рэальным жыцці. Чалавеку становіцца вельмі цяжка наладжваць кантакты з рэальнымі людзьмі або проста знаходзіцца ў новых адносінах.

Ці ёсць жыццё па-за фэйсбукам? Канешне, але выбрацца туды бывае вельмі цяжка, бо інтэрнэт зацягвае. У самых цяжкіх выпадках варта звярнуцца па дапамогу да спецыяліста, але, калі вы ўсё ж вырашылі самастойна змагацца з гэтай праблемай, то псіхолагі раяць пачынаць паступова.Напрыклад, на некалькі гадзін у дзень (2-3) адключаць камп’ютар, інтэрнэт і шматлікія гаджаты і паступова павяліч ваць гэты час. А ўвогуле карысна наладжваць сабе дні без сацыяльных сетак і інтэрнэту.

Лета — гэта час адпачынку — фізічнага, духоўнага, інтэлектуальнага. Гэта яшчэ адна нагода для таго, каб адпачыць ад віртуальнага жыцця, адчуць сябе, сваё цела, душу, характар, запытацца, хто я ёсць без усяго гэтага інтэрнэт-пафасу? Пачытаць любімую кнігу ў папяровым варыянце, узгадаць свае хобі, заняцца спортам. Успомніць, што ёсць людзі, якім патрэбна ваша ўвага. Магчыма, гэта родныя, сябры ці знаёмыя, з якімі вы ўжо даўно не сустракаліся. Варта адключыць усе гаджаты і прайсціся разам па вуліцы, падыхаць свежым паветрам пасля летняга дажджу, назбіраць кветак, схадзіць у грыбы, праехацца на ровары, схадзіць у пілігрымку, нарэшце…

Вакол так шмат цікавага і сапраўды рэальнага, што існуе для нас тут і цяпер! Яно не патрабуе высілкаў, каб павялічыць уяўны рэйтынг або набраць лайкі. Яно проста ёсць і створана Богам для таго, каб ім любавацца і захапляцца ў рэальным жыцці, каб, урэшце — жыць сваім жыццём!


Марына Валасар

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла