Адпачыць і не стаміцца. Гутарка з айцом Аляксандрам Жарнасекам МІС

— Адпачынак. Ці мае сэнс увогуле гаворка пра яго ў часе эканамічнага крызісу? Бо нашыя галовы цяпер занятыя больш тым, як лепш працаваць ды грошы зарабляць.

— Важна, вядома, навучыцца добра працаваць. Але такімі ўжо нас задумаў Творца, што мы мусім таксама і адпачы­ваць. Адно што, варта навучыцца адпачываць так, каб гэта не стамляла ні таго, хто адпачывае, ні таго, хто знаходзіцца побач. Не выпадкова ж з’явіўся жарт: «Ад адпачынку адпачнем». На жаль, часцяком такое назіраецца асабліва сярод мужчын: чалавек працуе тыдзень, увечары ў пятніцу пачынае ўжо «адрывацца» з сябрамі, у суботу гэты працэс працягваецца, у нядзелю зранку трэба апахмяліцца, потым ён можа штосьці і зрабіць, каб жонка занадта не наракала, ну і ў панядзелак брыдзе стомлены на працу… «Падмацаваў», так бы мовіць, сілы.  Таму адпачываць трэба таксама з розумам.

— Якіх правілаў варта прытрымлівацца?

— Універсальных парадаў тут быць не можа, бо трэба прыслухоўвацца да ўласнага арганізма. І ўсё ж варта ўлічваць прынцып процілегласці. Калі чалавек у часе працы мала рухаецца, то адпачываць лепш актыўна. Я, напрыклад, пасля напружанай разумовай працы браўся тынкаваць сцены, працаваў у прыкасцёльным скверы з касой альбо рыдлёўкай. Так бы мо­віць, адпачынак у форме змены дзейнасці. Ну і смешна было б раіць вяскоўцу пасля летняга працоўнага дня адпачываць на вечаровых прабежках альбо на веладарожцы. Пасядзець увечары пад хатай на лавачцы, памаўчаць альбо з суседам спакойна пагутарыць — чым не адпачынак? А часам карысна проста бяздумна паляжаць на канапе. Тэлефануе мне неяк адзін знаёмы і пытае: «Айцец, чым зай­маецеся?» Адказваю: «Не паверыш: ляжу на канапе ўжо больш за гадзіну і гляджу ў столь». Ён мне пазайздросціў. На той дзень гэта быў для мяне адпачынак, магчыма, адзіна патрэбны. Але гэта зусім не азначае, што так варта рабіць заўсёды. Заўважце, людзі, якія мала працуюць фізічна, выглядаюць стомленымі, змучанымі, незадаволенымі. Часта гэта вынік таго, што яны не мяняюць роду сваёй дзейнасці. Да таго ж, важна ўлічваць узрост чалавека, стан здароўя. Але ёсць агульныя рэчы, ігнараванне якіх не прыносіць карысці. Гэта — начны сон не менш за сем гадзінаў, вечаровы адпачынак перад сном і не за камп’ютарам, а найлепш хоць бы 20-хвіліннай праходкай на свежым паветры. І не забываць пра тое, што коратка адпачываць трэба штодня, больш працягла — раз на тыдзень і абавязкова мець гадавы адпачынак — месяц альбо тры тыдні.

— А як быць тым жанчынам, якія нарадзілі дзіця, а старэйшыя, можа, яшчэ таксама тузаюць за падол?

— Усе папярэднія парады ў гэтым выпадку не працуюць. Але ёсць яшчэ адна, якая будзе карыснай не толькі для маладых мамаў, але і для ўсіх моцна загружаных людзей — навучыцца выкарыстоўваць кожную хвіліну. Напрыклад, калі едзеш у тралейбусе, не пракручвай у галаве па некалькі разоў адны і тыя ж сітуацыі, магчыма, вельмі няпростыя. Вучыся «выключацца». Проста глядзі ў акно і радуйся прыродзе альбо паслухай добрую музыку.

— Як, на Вашу думку, адпачынак верніка павінен адрознівацца ад адпачынку іншых людзей?

— Само сабой зразумела, што вернік не павінен адпачываць з гарэлкай. Але ж мы і не лічым п’янства формай адпачынку. Гэта  проста бяздумная трата дадзенага чалавеку часу і здароўя. А патрэба ў адпачынку закладзена ў самой прыродзе чалавека. Таму вялікай розніцы я тут і не шукаў бы.

— Добра, якой павінна быць нядзеля верніка?

— Некалі на лекцыях па маральнай тэалогіі нам выкладчык задаваў трохі правакацыйнае пытанне пра вечаровы адпачынак верніка ў нядзелю. Напрыклад, многія ў гарадах любяць сем’ямі хадзіць увечары ў піцэрыю. Класны адпачынак. Але дзеля таго, каб адны добра адпачылі, хтосьці павінен добра папрацаваць. Відаць, нам варта адыходзіць ад тлумачэння, які від працы можна выконваць у нядзелю, а які нельга. Возьмем хоць бы святароў, якія менавіта ў нядзелю найбольш працуюць.

Падчас пілігрымавання

— Вы апярэджваеце мяне. Гэта было наступным пытаннем.

— Так, святары ў нядзелю працуюць. Ну і таму ім трэба адпачываць у нейкі іншы дзень. Марыяне, напрыклад, найчасцей адпачываюць у панядзелак. Таму, калі вам цяжка ў паня­дзелак да кагосьці з нас датэлефанавацца — паспрабуйце зрабіць гэта ў аўторак. Гэтаксама ў нядзелю вымушаныя працаваць медработнікі, вадзіцелі, лекары, міліцыя. Калі Бог даў нам нядзелю на адпачынак, то не для таго, каб нас гэтым зняволіць, а каб мы проста нармальна жылі. Да таго ж, нельга забываць, што для верніка ў нядзелю важныя дзве справы: аддаць Богу хвалу ў Эўхарыстыі і адпачыць ад працы.

— Дык як усё ж быць тым, хто вымушаны працаваць у нядзелю? Апроч святароў.

— Тут пытанне таго, ці мае чалавек выбар. Часам хтосьці кажа, што ён не быў на літургіі, бо працаваў. А працаваў, напрыклад, на базары. Меў выбар? Меў. Той жа, хто дзяжурыць на станцыі хуткай дапамогі, знаходзіцца ў іншай сітуацыі, бо выбару не мае. Яму трэба ўдзельнічаць у суботняй вечаровай літургіі, а свае сілы аднавіць адпачынкам у нейкі іншы дзень. Важна быць у праўдзе перад Богам. Сапраўдны вернік будзе маліцца і прасіць у Бога такую працу, каб ён мог належным чынам святкаваць святы дзень. Ведаю прыклады, калі людзі адмаўляліся ад прапановаў перспектыўнай працы толькі таму, што не маглі святкаваць нядзелі. Некаторыя не ехалі працаваць у іншую краіну, бо ведалі, што там няма магчымасці наведваць касцёл. Ну а хтосьці пра гэта нават не падумае, а потым будзе апраўдвацца тым, што жыве ў «нехрысціянскім асяроддзі»…

Айцец Аляксандр Жарнасек МІС у Ярдане
са студэнтам з Панамы

— Для дзяцей у свой час было прыдуманае паняцце «Канікулы з Богам». Ці можа быць увогуле адпачынак хрысціяніна без Бога?

— Адпачынак ад Бога? Не. Але ў нейкім сэнсе адпачыць ад некаторых нашых рэлігійных практыкаў, магчыма, і мае сэнс. У залежнасці ад таго, вядома, наколькі тыя практыкі нас стамляюць. Часам вернікі імі сапраўды моцна загружаныя. Але я не ставіў бы знак роўнасці паміж паняццямі «духоўныя практыкі» і «Бог». На жаль, здараецца так, што мноства рэлігійных практыкаў не набліжаюць чалавека да Бога, а больш стамляюць яго. Не хачу нікога абразіць, але варта задумвацца пра тое, як мы пазнаем Бога, Яго волю, ці прабываем у Яго прысутнасці. Ведаеце, нават манахам камедулам, якія вядуць вельмі суровы стыль жыцця і зусім не спажываюць мясных страваў, у часе адпачынку дазваляецца зрабіць пост менш суровым, яны могуць пагуляць, напрыклад, у шахматы ці яшчэ якія гульні, ім дазваляецца па­жыць не ў келлях, а па-за імі. Я сказаў бы, што яны адпачываюць з Богам, але ў іншай форме.

— А калі чалавек едзе некуды адпачываць у іншую краіну і там няма касцёла, тады што — адмаўляцца ад пуцёўкі?

— Думаю, так. Заўсёды з болем слухаю, калі вернік каецца, што вось ён адпачываў і таму не быў месяц на літургіі. Мне хочацца адказаць такому чалавеку, што гэта — пытанне ягонай веры, бо можна паехаць на мора туды, дзе няма касцёла, але можна выбраць і такое месца, дзе ён ёсць. Калі нам гэта важна, то мы адразу пра гэта будзем думаць, а не тады, калі ўжо прыедзем і развядзем рукамі.

— Цалкам згодны з Вамі. Не стае часта нам, сучасным хрысціянам, прынцыповасці, радыкальнага падыходу да пытанняў веры. Па­дзяліцеся, калі ласка, а дзе найбольш камфортна адпачываецца асабіста Вам?

— Найбольш камфортна мне адпачываецца ў Оршы. Можаце смяяцца колькі заўгодна, але гэта праўда. Бо мяне стамляе сама думка пра далёкі і працяглы ад’езд, збіранне валізаў. Але не толькі ў гэтым прычына. У Оршы на сёння — мой дом, праца, служэнне, людзі, якіх я люблю. Я адкрыў для сябе, што тут мне не трэба ні шукаць працы, ні формы адпачынку. Яны самі мяне знаходзяць і даволі ўдала. Магчыма, яшчэ і таму, што гэтае месца ўжо намоленае, вызначанае для мяне Богам, і таму мне тут добра. Але гэта не азначае, што я цалкам невыязны. Калі вучыўся, вельмі любіў ездзіць у горы, у Татры. Самы вясёлы быў адпачынак, калі мне аднойчы захацелася з’ездзіць без сяброў — зажадалася цішыні. Паехаў. Іду і чытаю правілы на стэндзе для турыстаў: «Ніколі не хадзі ў горы адзін, май заўсёды пры сабе тэлефон (якога тады ў мяне яшчэ не было), скажы сябрам, куды ты ідзеш»... Чытаю і разумею, што не магу выканаць ніводнага з іх. Апошняе правіла гучала так: «Калі сустрэнеш мядзведзя, не кармі яго». Я ўздыхнуў з палёгкай, бо зразумеў, што хоць бы гэта я змагу выканаць.

На рыбалцы

— Не сустрэлі?

— На шчасце, не (смяецца). А іншым разам хадзіў у горы з сябрамі і таксама было вельмі класна. Толькі па-іншаму.

— Тым і цудоўныя нашыя працы і адпачынкі, што яны непаўторныя. Скажыце, айцец Аляксандр, а як Вы не раіце нам адпачываць?

— Адназначна не раю нікому рабіць гэта перад камп’ютарам альбо тэлевізарам. Не кажу, што гэта цалкам шкодныя рэчы, але калі іх зашмат, то і яны могуць стаць злодзеямі, якія скрада­юць наш час, фізічнае і духоўнае здароўе. Катэгарычна не раю адпачынак з алкаголем, які можа стаць катастрофай.

— На дварэ — амаль лета. Хтосьці паспеў ужо з’ездзіць кудысьці, хтосьці збіраецца. Што пажадаеце Вы і адным, і другім?

— Добра адпачыць і… не стаміцца пры гэтым! А калі цалкам сур’ёзна, то радасна, што беларусы ўсё больш выязджаюць кудысьці ў часе адпачынкаў. Цяпер так робяць не толькі багатыя. Гэта сведчыць пра тое, што людзі шануюць час, адведзены ім, жадаюць пражыць яго цікава, з карысцю, з добрымі ўражаннямі. Вядома, патрэбныя сродкі. Але калі для чалавека важна гэта, то ён будзе эканоміць, ад чагосьці адмовіцца, не купіць нейкай апранахі, але затое з карысцю адпачне. Тым жа, хто ўсё ж не здолее арганізаваць нейкі выезд, жадаю знайсці іншыя варыянты. Паверце, іх шмат.

А яшчэ хачу з усёй адказнасцю сказаць, што Бог зацікаўлены ў тым, каб мы не толькі добра, сумленна працавалі, але і адпачывалі. Нам жа трэба навучыцца ва ўсім раіцца з Ім, пазнаваць Яго жаданні, планы для нас. Для мяне, напрыклад, было вельмі радасным адкрыццём, калі я зразумеў, што Богу падабаецца, калі я і працую, і адпачываю ў нашым прыкасцёльным скверы. Я рады быць у ім своеасаблівым «садоўнікам». Дарэчы, адкрыў таксама, што калі ў Бібліі ёсць два садоўнікі, то чаму б і мне не наследаваць гэты чын? Трошкі жартам кажу гэта, але і радуюся.

— Прабачце, пра якіх садоўнікаў ідзе гаворка?

— Можна сказаць, што Адам быў ім, жывучы ў райскім садзе. А другі… Узгадайце, як святая Магдалена памылкова прыняла Езуса за садоўніка. Новы Адам у новым садзе, у Божым Валадарстве… «Я — вінаградная лаза, вы — галіны» (Ян 15, 5)…

З усяго гэтага можна зра­біць выснову, што няма для нас кепскай працы альбо адпачынку, калі толькі мы навучымся ўзірацца ў жыццё, разважаць над ім, а таксама над тым, чаго хоча ад нас Бог.

— Дзякуй за гутарку! І шчаслівага ўсім нам адпачынку!


Гутарыў Адась Чаронка

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла