Працаваць і…

Мы рэдка ўмеем адпачываць. Няздольнасць планаваць свой час, дысбаланс паміж працаю і адпачынкам — частая з’ява. Адпачынку ж, вось дзіва, таксама трэба вучыцца і трэба найперш зразумець яго важнасць.


Для маіх бабулі і дзядулі, напрыклад, само слова «адпачынак» было сінонімам лайдацтва. Я не магу ўзгадаць, каб яны хоць калі адпачывалі, іх рукі заўжды былі занятыя працаю. Многія людзі з пакалення маіх бацькоў, гадоў 50-ці, прыдбаўшы нібыта для адпачынку за горадам лецішчы, на выходных працуюць там яшчэ цяжэй, чым у будні, — так яны звыклі, так навучаныя, бо ся­дзець без справы — гэта сорам, гэта нягодна. Канфлікт пакаленняў: мы, моладзь, прагнем проста быць на прыродзе, а бацькі крыўдуюць, што надта стамляюцца без дапамогі, і звыш меры нагружаюць сябе і іншых цяжкою працаю на зямлі. Знаёмая сітуацыя, праўда? Для моладзі, у сваю чаргу, не рэдкасць «адпачыць» на выходных так, што ў панядзелак няма ніякіх сілаў ісці на працу ці вучобу. У чым жа тады сэнс?

Для нас, хрысціянаў, адпачынак не можа асацыявацца з сорамам і ганьбаю. Адпачываць пасля працы — значыць наследаваць Бога: «І скончыў Бог у сёмы дзень працу сваю, якую зрабіў, і на сёмы дзень адпачыў ад усёй працы сваёй, якую зрабіў. І благаславіў Бог сёмы дзень, і асвяціў яго, бо ў той дзень адпачыў Бог ад усёй сваёй працы, якую рабіў падчас стварэння» (Быц 2, 2–3).

Паспрабуйма ўспрымаць адпачынак як неад’емную частку працоўнага раскладу. Паспрабуйма планаваць яго як свае штодзённыя абавязкі, а не як выезд куды-небудзь раз або два на год. Паспрабуйма размяркоўваць час так, каб паспець адпачыць.

У беларускай мове ёсць цудоўнае слова высокага стылю, лацінскага паходжання, сінонім «адпачынку» — рэкрэацыя. Па значэнні — гэта аднаўленне сілаў, ацаленне, літаральна — re-creatio, стварэнне нанова самога сябе, адбудаванне тых фізічных і эмацыйных рэсурсаў, што былі страчаныя ў працы.

Адпачываць, ствараць ся­бе нанова, можна, вядома, па-роз­наму. Добрая рэч — узяць ровар, як мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, і выехаць бліжэй да прыроды, каб разняволіць галаву, стомленую праблемамі. Добра бывае і наадварот, сесці ў мяккі фатэль з кнігаю або ўключаным на ноўтбуку фільмам, выцягнуўшы ногі, якія гудуць ад стомы. А колькі незлічоных хобі існуе, каб адпачыць: ад вышывання карцінаў да сілавых трэніровак у спортзале! Галоўнае — дасягнуць у гэтых занятках стану рэкрэацыі, аднаўлення.

Ёсць яшчэ вельмі своеасаблівы спосаб адпачываць, які час ад часу патрэбны кожнаму. Называецца ён прыгожым італьянскім выразам dolce far niente — «салодкая бяздзей­насць», які паходзіць з ліста старажытнарымскага пісьменніка Плінія Малодшага (62 г. – каля 114 г.). Салодкая — бо служыць завяршэннем цяжкіх высілкаў, прыкладзеных да справы, бо азначае, што праца выкананая, што адпачынак — заслужаны. І такому dolce far niente таксама ёсць месца ў Евангеллі:

«Апосталы сабраліся каля Езуса і расказалі Яму ўсё, што зрабілі і чаму навучылі. І Ён сказаў ім: “Пайдзіце адны ў пустыннае месца і крыху адпачніце”» (Мк 6, 30–31).

Стома, вядома ж, бывае не толькі фізічнай, душа таксама мусіць адпачываць. У Беларусі хрысціяне ўлетку маюць для гэтага выдатную магчымасць — пілігрымкі. У Будслаў, Тракелі, Гудагай, пешшу і на ровары, у вялікіх супольнасцях або ў зусім маленькіх… Многія людзі штогод адмыслова бяруць адпачынак на працы менавіта на час пілігрымкі. Гэта не толькі рэкрэацыя душы, калі фізічная стомленасць ад доўгіх пешых пераходаў ці пераездаў кампенсуецца аднаўленнем псіхічных, душэўных сілаў і новымі ўражаннямі, але і магчымасць адпачыць у Богу, даўжэй пабыць разам з Ім, у малітве і ў маўчанні, каб увайсці ў такі неабходны нам Божы спакой, «бо хто ўвайшоў у спакой Яго, той і сам спачыў ад справаў сваіх, як Бог — ад сваіх. Дык вось, пастараемся ўвайсці ў той спакой» (пар. Гбр 4, 10–11).

Адпачынак — гэта Божы дар чалавеку, прадчуванне Божага Валадарства, у якім запануюць гармонія і спакой. Святы Павел мудра назваў адпачынак «ценню будучых рэчаў» (гл. Клс 2, 17).


Юлія Шэдзько



 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла