Час на хобі або Адкуль з’яўляецца агонь у сэрцы

Нядаўна мне трапіла ў рукі невялічкая кніга хрысціянскага псіхолага Джона Трэнта «У пагоні за худым трусікам», у якой аўтар вучыць чытача быць «мудрым паляўнічым» у «пушчы» незлічоных штодзённых справаў, абавязкаў, патрабаванняў і ўласных імкненняў. Усё, што перашкаджае чалавеку дасяг­нуць паўнаты жыцця і прыводзіць да хранічнай стомы, ён вобразна называе «худымі трусікамі», якія толькі зводзяць паляўнічага з правільнай сцежкі, пазбаўляюць магчымасці ўпаляваць добрую здабычу.


Гэтая кніга пераканала мяне ў тым, што я інтуітыўна адчувала даўно і ў чым не адважвалася сабе прызнацца: дзесьці ў віры абавязкаў і патрабаванняў, не дазваляючы сабе спыніцца і адпачыць, я страчваю сябе і бягу крыху не ў тым кірунку, усё менш разумеючы, куды і навошта.

У маім жыцці былі перыяды, калі я тушыла ў сабе амаль кожную іскарку, якая абуджала імкненне да ўласнай літаратурнай творчасці, любімых заняткаў рукадзеллем і нават да сустрэчаў з сябрамі. Гэта больш за ўсё праяўлялася падчас вучобы ў аспірантуры, калі паўнавартасная навуковая праца ва ўніверсітэце вялася паралельна з прафесійнаю дзейнасцю ў выдавецтве і наведваннем заняткаў у Інстытуце імя Гётэ. Нягледзячы на пэўную цікавасць да таго, чым я займалася, часта мне здавалася, што ў духоўным сэнсе я нібы чыясьці нявольніца, што я сама сабе не належу, а калі й дазваляла сабе маленькую аддушыну ў выглядзе шпацыра з сяброўкаю ці вечара, праведзенага над бісерапляценнем, якім займалася з дзяцінства, то потым мела чарговы ўнутраны разлад ад таго, што «патрэбныя» справы не зрабіла… Хутка ўсё вярталася на свае месцы — праца-бібліятэка-дысертацыя-праца… Пасля выхадных я прыходзіла на працу ўжо стомленая… Амаль кожную раніцу прачыналася таксама ўжо стомленая… Тое, што раней здавалася цікавым, паступова пачало прыгнятаць і вісець нада мною, як дамоклаў меч, — у першую чаргу з-за неадпаведнасці паміж аб’ёмам узятых на сябе задачаў і ўласных магчымасцяў.

Незлічоныя абавязкі, з’ядаючы мой вольны час,
пачалі паступова згрызаць і маё духоўнае жыццё,
рабіць мяне нявольніцаю каштоўнасцяў, якія самі па сабе вельмі добрыя,
але выцяснялі з майго жыцця іншыя, не менш важныя рэчы,
змушалі жыць у паўстрэсавым стане і адпавядаць
нейкаму чужому вобразу мяне самой.

Паступова я пачала ўсведамляць, што трэцяя запаведзь Дэкалогу і першы касцёльны наказ, якія датычацца адпачынку, — не проста фармальная забарона. Яны засцерагаюць хрысціяніна ад падмены сістэмы каштоўнасцяў, ад страты самога сябе, ад духоўнага выгарання…

Дзякуючы падтрымцы блізкіх сапраўдным паратункам для мяне ў гэтай сітуацыі стала вяртанне да аднаго з маіх даўніх захапленняў — шыцця. Раней я не лічыла патрэбным сур’ёзна пры­слухоўвацца да таго, што можа прынесці душы адпачынак і запаліць агонь у вачах, але хобі дапамагло мне паступова вяр­нуць у жыццё раўнавагу і раскрыцца на многія рэчы, якіх я раней не заўважала. Звярну асаблівую ўвагу на тое, што справа не ў родзе занятку (у кожнага — свае захапленні), а ў тым, якія плады ён прыносіць у жыццё чалавека.

У першую чаргу занятак любімаю справаю дапамог мне навучыцца рэгулярна «размы­каць» кола штодзённых абавязкаў і пераносіцца хоць на кароткі час у маленькі свет захаплення і душэўнага ўздыму. Дый галоўная каштоўнасць любога хобі — у задавальненні, якое яно прыносіць. Для мяне гэта своеасаблівая таямніца: адкуль з’яўляецца агонь у сэрцы, калі ты займаешся сваім хобі? І чаму менавіта гэты занятак, а не іншы? Ці не мае гэтае прыцягненне звышнатуральнага паходжання, ці не з’яўляецца яно своеасаблівым сродкам кантакту з Богам?

Дарэчы, калі я абдумваю чарговыя швейныя «праекты», хаджу па крамах тканінаў і фурнітуры, чытаю кнігі па мадэляванні, мне здаецца, што Пан Бог дзеліцца са мною маленькаю часцінкаю сваёй усёмагутнасці: ад бязмежжа ідэяў і магчымасцяў у мяне займае дух… А калі я пазнаю новы спосаб канструявання ці тэхнічнага выканання нейкага вузла, то адчуваю такое захапленне, нібы адкрываю вялікую таямніцу. І калі гэты працэс працягваецца няспынна, складваецца ўражанне, што лопаецца вялікая мыльная бурбалка твайго абмежаванага ўяўнага свету і ты выходзіш па-за яго ранейшыя межы, бачыш, што рэчаіснасць нашмат больш разнастайная. Напрыклад, у працэсе вывучэння методыкаў канструявання і ма­дэлявання я стала заўважаць, якія багацці крою застаюцца толькі ў скарбніцах старых пад­ручнікаў і на вітрынах музеяў, а тое, што ўзведзена ў ранг моднага трэнду, вельмі часта падпарадкавана менавіта бізнесу… Я ўбачыла таксама, як з дапамогаю крою можна паказаць прыгажосць любой чалавечай фігуры і адначасова з якою нелюбоўю да жанчын ствараюцца некаторыя сучасныя модныя калекцыі. І ў чарговы раз пераканалася: тое, што ляжыць на паверхні, не заўсёды самае лепшае і праўдзівае.

Можа, Пан Бог для таго і даў мне захапленне гэтаю справаю,
каб у момант асаблівага напружання нагадаць:
«Дзіця, не зацыклівайся ў межах той карціны свету,
якая створана знешнімі абставінамі, чалавечымі амбіцыямі,
тваімі ўласнымі сумненнямі і страхамі, —
пазнавай свет, створаны Мною».

Гэты азарт у самаразвіцці і пазнанні свету варты таго, каб зноў і зноў паддавацца яму... Часта дзякуючы хобі чалавек атрымлівае новыя магчымасці для таго, каб ствараць штосьці прыгожае і гарманічнае. Хіба гэта не цуд — з плоскага кавалка тканіны стварыць аб’ёмную завершаную форму, унікальную рэч, якая перадае канкрэтны настрой, часам нават сведчыць пра пэўныя каштоўнасці і можа шмат што «распавесці» пра свайго ўладальніка? Стварэнне чагосьці новага — гэта заўсёды выплеск эмоцый. Нават больш — гэта своеасаблівая праца з эмоцыямі, іх вызначэнне, вобразнае ўвасабленне… У кожнага — свая мова пачуццяў. Галоўнае — каб яна сыходзіла з глыбіні сэрца і была праўдзіваю.

У занятку шыццём працэс рэалізацыі канкрэтнай ідэі дае мне таксама вялікія магчымасці для ціхай, глыбокай медытацыі: у мяне з’яўляецца час на праслухоўванне лекцый і аўдыёкніг праз інтэрнэт або на працяглую ўнутраную малітву. Бывае, я лаўлю сябе на тым, што, прыступаючы да шыцця, раблю тоё-сёе мітусліва, спехам, нібы не скідваючы тэмпы працоўнага дня, бо дзесьці ў падсвядомасці гучыць звыклы голас: «Трэба столькі ўсяго паспець!» Але дастаткова аднаго маленькага «касячка», каб я ўспомніла: «Тут няма куды спяшацца, тут няма тэрмінаў. А паколькі тут усё павінна быць вылічана да міліметраў і адмерана сем разоў, трэба спакойна і ўважліва падумаць над кожным элементам, каб не адрэзаць лішняе». Я ажно фізічна адчуваю, як прыходзіць расслабленне, рухі становяцца больш мяккімі, а думкі засяроджваюцца на адной задачы замест дзесяці. Праўду кажучы, часам у працэсе абдумвання адной такой задачы ў мяне галава «закіпае», але затое адначасова паспяваюць забыцца і «астыць» іншыя няважныя клопаты і надуманыя жарсці. Гэта яшчэ раз пацвярджае, што пераключэнне з аднаго віду дзейнасці на іншы дапамагае чалавеку расслабіцца і нават зняць стрэс.

Памятаю, аднойчы вечарам я вярталася дадому з курсаў па мадэльным малюнку. Тры гадзіны пагружэння ў занятак, які раней здаваўся амаль чараўніцтвам, кантактаў і размоваў з новымі знаёмымі, якія «гараць» такою ж любоўю да справы, нібы перанеслі мяне на зусім іншую планету… Па дарозе дадому я раптам дзесьці на перыферыі свядомасці ўзгадала некалькі прыкрасцяў, «шпількаў», якія давялося сцярпець ад знаёмай на працягу дня і якія моцна прыгняталі настрой, — і ў гэты момант яны мне здаліся такімі нікчэмнымі… Я ўбачыла іх у іншым «маштабе», з іншага ракурсу, так, нібы сапраўды з іншай планеты паглядзела на сваю родную «галактыку». Гэтае пачуццё кантрасту было такое моцнае і такое акрыляльнае, што мне здавалася, нібы я нанова нарадзілася.

Дзіўна, але хобі ўвогуле дае магчымасць увайсці
ў стантакой бесклапотнасці і душэўнай лёгкасці,
якая памятаецца мне з дзяцінства.

Калі ты ўвесь дзень вырашаеш працоўныя ці побытавыя задачы, стараешся ўсё ўзважыць, рацыянальна размеркаваць час і сродкі, вызначаеш для сябе пэўныя абмежаванні, то праз хобі нібы вяртаешся ў стан бестурботнай гульні і дзякуючы гэтаму ставішся да сябе і да свайго жыцця крыху менш сур’ёзна і пафасна.

Нездарма існуе паняцце «хобі-тэрапія». Сапраўды, занятак любімаю справаю дапамагае мне стаць унутрана больш свабоднаю, шчыраю і адкрытаю на іншых людзей. А калі муж бачыць жонку, якая вяртаецца дадому акрыленая і запаленая энтузіязмам, то гатовы і сам падтрымліваць яе хобі: купляць тэхніку, вадзіць па швейных крамах і быць дарадчыкам у распрацоўцы ідэяў. Ён жа ведае, што і сам атрымае ў падарунак стылёвую рэч, а ў дадатак — новую хвалю пазітыву. Бо гэта яшчэ адна неаспрэчная вартасць хобі — магчымасць падарыць бліжняму цяпло, увагу і крышачку шчасця.

Знайдзіце час для заняткаў вашаю любімаю справаю! Няхай для спрацаванай душы яна стане адпачынкам і лекам супраць выгарання, для абцяжаранай — палёгкаю, а для засмучанай — невычэрпнаю крыніцаю натхнення!


Ганна Шаўчэнка

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла