«Бог — наша прыстанішча і сіла». Малітвы ў час адпачынку

Малітва сям’і аб Божым благаслаўленні
на час адпачынку і канікулаў

Пане Езу, Ты сказаў спрацаваным і стомленым Апосталам: «Пайдзіце адны ў пустыннае месца і крыху адпачніце!» (Мк 6, 31), бо Ты ведаеш, што кожнаму чалавеку трэба адпачыць і адарвацца ад штодзённай руціны, каб набрацца сілаў і новага запалу для далейшай працы і служэння.

Дзякуем Табе за час нашага адпачынку і канікулаў. Адары нас ласкаю, каб мы добра перажылі гэты благаслаўлёны час, каб былі адкрытыя адзін на аднаго і змаглі разам радавацца і цікава адпачываць, каб гэты час яшчэ больш зблізіў нас, дазволіў нам яшчэ лепш разумець адзін аднаго і любіць. Учыні, каб кожны з нас у гэты час змог даць іншым найпрыгажэйшую часцінку сябе. Няхай гэты час пакіне ў нас прыгожыя ўспаміны, якія потым будуць радаваць нас і дабратворна ўплываць на нашае жыццё. О, калі б мы заўсёды ўмелі захоўваць успаміны пра супольны адпачынак, супольныя размовы і жарты! Каб жа кожны з нас умеў цаніць іх як інвестыцыю ў нашае сямейнае жыццё і ў дарослае жыццё нашых дзяцей!

Просім Цябе, Пане, пашлі нашых Анёлаў Ахоўнікаў, каб яны чувалі над намі і трымалі ў бяспецы падчас падарожжа і паўсюль, дзе мы будзем праводзіць час. Амэн.

Малітва ў час адпачынку

Міласэрны Божа, Ты даеш нам час, вольны ад працы. Прашу Цябе, удзялі мне ласку добрага адпачынку пасля многіх месяцаў працы. Учыні, прашу, каб я не змарнаваў яго на розныя глупствы, якімі спакушае мяне свет. Няхай гэты час будзе напоўнены радаснымі сустрэчамі з роднымі і сябрамі, а таксама дапаможа мне аднавіць фізічныя і духоўныя сілы. Паблагаславі мяне, Божа, каб пасля адпачынку я вярнуўся на працу з новым запалам. Амэн.

Малітва перад падарожжам

Усёмагутны, вечны Божа, Ты наказаў Абраму выйсці з яго зямлі і з бацькоўскага дому. Ты захоўваў яго ў бяспецы на ўсіх шляхах яго пілігрымавання. Атачай апекаю і нас, сваіх слугаў; будзь для нас, Пане, дапамогаю ў патрэбе, Сябрам і суцяшэннем у дарозе, абаронаю ў выпрабаваннях, каб мы пад Тваім кіраўніцтвам дасягнулі мэты нашага падарожжа і шчасліва вярнуліся ў свае дамы. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Малітва бацькоў за дзіця,
якое выпраўляецца ў падарожжа

Пане Божа, наша дзіця выпраўляецца ў падарожжа гэтак жа, як некалі малады Тобій выходзіў у дарогу, развітаўшыся са сваімі любімымі бацькамі. Калі маці Тобія плакала, бацька, поўны даверу да Твайго Провіду, суцяшаў яе словамі: «Не трывожся! Наша дзіця здаровае пойдзе ў дарогу і здаровае вернецца да нас… Не трывожся і не бойся за яго!.. Яму спадарожнічае добры Анёл, таму яго падарожжа будзе шчаслівае…» (пар. Тоб 5, 21–22). Дзякуем Табе за гэтыя прыгожыя і поўныя даверу словы, пакінутыя ў Бібліі. Мы прагнем заўсёды мець іх у сваіх сэрцах. Прагнем па прыкладзе гэтага старазапаветнага бацькі верыць, што Анёл Ахоўнік, якога Ты даў нашаму дзіцяці ў абарону, будзе берагчы яго ў падарожжы, захавае ад усялякай небяспекі і дрэнных здарэнняў. Горача просім Цябе аб гэтым. Амэн.

Малітва пілігрыма

Божа, Ты — дарога, праўда і жыццё. Дарога, якою я прагну ісці; праўда, якую я баюся страціць; жыццё, якое ў Табе мае пачатак і канец. Няхай гэты дзень прынясе мне толькі тое, чым Ты хочаш мяне ада­рыць. Я прыму радасць і шчасце, стрываю боль і цярпенне, калі Ты будзеш са мною.

Я выходжу ў Тваё Імя. Вядзі мяне, Божа! Амэн.

Малітва аб добрых сябрах

«Вернаму сябру няма цаны, і невымерная каштоўнасць яго. Верны сябра — гэта лек жыцця, яго знойдуць тыя, хто баіцца Пана» (Сір 6, 15–16). Пане Божа, прашу Цябе аб добрых і шчырых сябрах, з якімі я змагу рабіць добрыя і прыгожыя справы ў сваім жыцці і дзякуючы якім паверу, што дабрыня і бескарыслівасць сапраўды існуюць у гэтым свеце. Сфармуй маё сэрца гэтак, каб перш за ўсё я сам змог быць верным і бескарыслівым у сяброўстве, а таксама ўмеў распазна­ваць праўдзівае і шчырае сяброўства. Будзь праслаўлёны, Пане Божа, у кожным прыгожым чалавечым сяброўстве. Амэн.


Паводле: «Wszystkie nasze dzienne sprawy.
Modlitewnik dla rodzin» (Katowice, 2009);
матэрыялы каталіцкіх інтэрнэт-парталаў.

 

 

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней