Прыгажосць цнатлівасці

Чаму я застаюся адзінокім? Раней я часта пра гэта думаў і стараўся знайсці сабе дзяўчыну. Аднак, як гэта часта здараецца, тыя дзяўчаты, якім падабаўся я, не падабаліся мне і, наадварот, хто падабаўся мне, былі да мяне раўнадушныя. Памятаю, што з-за гэтага я вельмі перажываў, хваляваўся і засмучаўся. Стараўся наладзіць адносіны з дзяўчынай, настойліва тэлефанаваў ёй, пісаў лісты, запрашаў у кіно і г.д. Так працягвалася даволі доўга.


Але сем гадоў таму я трапіў на рэкалекцыі, якія арганізаваў брат Пётр Куркевіч, манах капуцын. Пасля ягоных лекцый і прамоваў я цалкам супакоіўся і раптам зразумеў, што не павінен нікога шукаць, не павінен, нягле­дзячы ні на што, ствараць сям’ю. Ёсць справы больш важныя — малітва, шчырая і жывая любоў да Бога, вернасць і служэнне Яму.

Памятаю, як я тады адкрыў наноў каштоўнасць малітвы. Я, практыкуючы католік, уяўляў для сябе малітву як нейкі абавязак, аднак мне яўна адкрылася, што малітва — гэта вялікая прывілея, што гэта Божы дар, які Бог дае сваім выбраным дзецям. Якая ж гэта ласка — прыходзіць да Айца, стаяць перад Ім, жыць у Яго прысутнасці, мець права на Яго ўвагу і на Яго час! Як жа трапна піша псальміст: «... што (ёсць) чалавек, што Ты памятаеш яго, і сын чалавечы, што Ты наведваеш яго?» (пар. Пс 8, 5). Тады для мяне ажылі словы апостала Паўла:

«Ты маеш жонку? Не шукай вызвалення. Не маеш жонкі? Не шукай яе.
Калі ты і ажаніўся, то не зграшыў, а калі дзева выйшла замуж,
не зграшыла. Але такія зведаюць пакуту ў целе,
а я шкадую вас» (1 Кар 7, 27-28).

Памятаю, што на тых рэкалекцыях некаторыя канферэнцыі праводзіў таксама айцец Аляксандр Жарнасек. Мне вельмі спадабаўся яго аповед пра першых манахаў і пустэльнікаў. Я так быў уражаны пачутым, што нават пачаў задумвацца пра тое, каб самому стаць манахам. Маё жыццё вельмі падобнае да манаскага: праца, дом, касцёл. Аднак я разумеў, што сапраўдныя манахі маюць больш складанае жыццё — поўная паслухмянасць, пакора, вучоба, праца. Маё ж жыццё нашмат лягчэйшае, таму я так і не рашыўся пайсці ў кляштар.

Пазней я яшчэ некалькі разоў быў на рэкалекцыях брата Пятра Куркевіча і памятаю, як ён казаў, што ў Старым Запавеце шмат гаворыцца пра тое, што сям’я, дзеці, нашчадкі — гэта благаслаўленне, і ў зямным жыцці маюць найбольшую каштоў­насць для чалавека. Аднак у Новым Запавеце мы такога не знойдзем. Тут Хрыстус гаворыць, што Яго Валадарства не з гэтага свету, і што «дзеці гэтага свету жэняцца і выходзяць замуж. А тыя, хто будзе годны таго веку і ўваскрашэння з мёртвых, не будуць ні жаніцца, ні выходзіць замуж; і памерці ўжо не змогуць, бо яны роўныя анёлам і з’яўляюцца сынамі Божымі, будучы сынамі ўваскрашэння» (Лк 20, 34-37).

Брат Пётр таксама часта гаворыць у сваіх лекцыях аб важнасці жыцця ў хрысціянскай супольнасці, каб не паддавацца эгаізму. Я добра ведаю, што жыццё

ў адзіноце таксама не заўсёды лёгкае і не заўсёды можа быць добрым, таму для мяне вельмі актуальныя сёння пытанні:

«Дзеля чаго я адзі­нокі — для сваёй выгоды і камфорту
альбо я адзінокі для Бога і парафіяльнай супольнасці,
каб больш часу аддаваць служэнню на ніве Пана?».

Мяркую, якім бы ні быў стан чалавека, — сужэнства, манаства альбо адзінота — усюды ёсць свае цяжкасці і свае перавагі. Пан Бог даў кожнаму з нас свабоду выбару. Аднак трэба шчыра прызнацца, што не заўсёды проста зрабіць гэты выбар. Хвала Пану Богу, што Ён дае нам падказку ў сваім слове — Святым Пісанні. Я пастараўся вывучыць тое, што кажа пра жыццё ў адзіноце Біблія і тое, як каментуюць гэтыя тэксты святыя айцы. Вырашыў, што мне лепш заставацца аднаму, так падказ­вае мая душа. Можа камусьці гэта падаецца дзіўным, але ў кожнага чалавека, сапраўды, ёсць сваё пакліканне. Вядомая ісціна — лепш жыць у адзіноце, чым быць дрэнным сем’янінам, лепш быць добрым сем’янінам, чым дрэнным манахам і г. д.

Ужо некалькі гадоў я рыхтую тэксты для разважання падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту ў мінскім архікатэдральным касцёле. Некаторыя з гэтых тэкстаў былі падабраныя на тэму дзявоцтва і сужэнства. Вельмі мудра і прыгожа напісана пра гэта святым Янам Златавусным, благаслаўлёным Феафілактам Балгарскім і, вядома ж, апосталам Паўлам, асабліва ў Першым лісце да Карынцянаў, 7-я глава.

А завяршыць гэта маё сціплае сведчанне хочацца словамі, пачутымі на Ватыканскім радыё:

«Дзявоцтва здабывае асаблівую прыгажосць і
асаблівае значэнне ў вобразе Беззаганнай Панны Марыі.
У Ёй былі благаслаўленыя і адораныя
вялікай духоўнай пладавітасцю тыя шматлікія дзеці Касцёла,
якія зрабілі выбар на карысць бясшлюбнасці
дзеля Валадарства Нябеснага».


Генрых Голуб

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла