«Чыстае сэрца» – місія любові

Ёсць такое пакліканне – дапамагаць іншым. Менавіта яго абрала дабрачынная моладзевая місія «Чыстае сэрца», якая напрыканцы мінулага года адзначыла свой 5-гадовы юбілей. Пра дзейнасць арганізацыі мы паразмаўлялі з дырэктарам місіі – ксяндзом Юрыем Санько.


— Ксёндз Юрый, місіі «Чыстае сэрца» споўнілася 5 гадоў. Можаце ўзгадаць, як распачыналася яе гісторыя?

— Мы хацелі стварыць пры курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі аддзел, які б адказваў за сацыяльную працу, і доўга думалі, у якой форме гэта ажыццявіць. Ідэю выношвалі каля года. Хацелася, каб гэта было штосьці сваё, прызначанае для супрацоўніцтва з дзяржавай і іншымі арганізацыямі, каб Касцёл быў адкрытым. Таму вырашылі, што гэта будзе місія, рэлігійная арганізацыя. Мітрапаліт з’яўляецца яе заснавальнікам.

За час нашай дзейнасці нам удалося зарэкамендаваць сябе, прынамсі, на тэрыторыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі: гэта Мінск, Мінская і Магілёўская вобласці. І сёння з намі ўжо хочуць супрацоўнічаць, але калі мы распачыналі працу, у нас нават пыталіся, ці не з’яўляемся мы сектаю.

— Якія праекты вы рэалізоўваеце?

— Зараз мы ў асноўным працуем у двух кірунках: гэта дапамога дзецям, якія знаходзяцца ў дзіцячых дамах-інтэрнатах, цэнтрах карэкцыйнага развіцця і рэабілітацыі, а таксама праца з цяжкімі падлеткамі.

Першым праектам, які мы арганізавалі, была лыжная гонка для праблемных падлеткаў «Старт чыстых сэрцаў». Спачатку гэта была проста лыжная гонка. Пазней мы ўключылі ў праект шмат іншых конкурсаў і забаваў. І зараз гэта ўжо сапраўдны зімовы фэст!

Ствараючы гэты праект, мы хацелі паказаць моладзі, што свой час можна праводзіць цікава, каб ніхто не адчуваў, што ён выкінуты з грамадства. Сёння гэта акцыя любові, калі кожны роўны з усімі і праводзіць час сапраўды радасна. 

— Ці ёсць нейкі фідбэк ад падлеткаў? Ці можна сказаць, што для іх гэта значыць?

Цяжка сказаць упэўнена. Але мы ведаем, што ёсць запатрабаванне і жаданне. Калі раней прыходзілі і прапаноўвалі правесці мерапрыемства мы самі, то сёння ўжо запрашаюць нас. З цяжкімі падлеткамі працуем толькі ў Мінску, бо на большае не хапае сілаў: у нас маленечкая арганізацыя, таму няма магчымасці працаваць у іншых гарадах ці пасёлках.

У асноўным усе нашыя праекты праходзяць сумесна з дзяржавай. Гэтая сумесная праца палягчае нашы задачы і дапамагае атрымліваць агульны вынік, які прыносіць карысць моладзі.

— Як удаецца знайсці агульную мову са складанымі падлеткамі?

— Мы супрацоўнічаем з міліцыяй, якая мае спісы цяжкіх падлеткаў.  Увогуле, гэта праз грамадства на іх «навешана» такая шыльдачка – «складаныя падлеткі». Асабіста я лічу, што гэта проста дзеці, якім не хапае звычайнай любові.

Мы імкнёмся, каб акцыі, якія мы праводзім для такіх дзяцей, былі не проста акцыямі, а каб яны ведалі, што ёсць арганізацыі, якія цікавяцца іх жыццём, якія хочуць паказаць, што ёсць тысяча магчымасцяў, каб правесці час, каб развівацца і сапраўды станавіцца чалавекам. Мы распрацоўваем ііншыя праекты, каб у маладых людзей была максімальная магчымасць праявіць сябе.

— Што, на Вашу думку, найбольш патрэбна такім дзецям?

— Ведаеце, такое пачуццё, што ў нас няма нейкай «залатой сярэдзіны». Або бацькі зусім не займаюцца дзецьмі, або так нагружаюць шматлікімі гурткамі, што яны маюць нейкія псіхалагічныя праблемы ўжо ў сваім дзяцінстве.

Мы павінны знайсці гэтую «залатую сярэдзіну». Але гэта выхаванне ўсёй сям’і, бо нельга казаць пра выхаванне дзяцей, не ведучы працы таксама і з бацькамі. Важна, каб недзяржаўныя арганізацыі таксама ўваходзілі ў гэтую працу, бо гэта іншы погляд і магчымасці. Шмат робяць дзяржава, Касцёл, Царква, недзяржаўныя арганізацыі, але калі мы збярэмся як адно цэлае, адзіная думка, канцэпцыя, план – гэта будзе сапраўды дзейсна.

— Адзін з вашых праектаў мае назву «Таленты чыстых сэрцаў». Чым ён асаблівы?

— Гэта творчы фестываль. Рэалізуецца даволі працяглы час — падрыхтоўка да яго распачынаецца з восені. У ім задзейнічана вялікая колькасць дзяцей. Напрыклад, перад пятым юбілейным фестывалем мы прагледзелі каля 200 нумароў самадзейнасці ў розных рэгіёнах і выбралі ўсяго пятнаццаць на фінал.

Мы стараемся, каб гэта не быў конкурс, бо ў кожнага ўдзельніка адметныя здольнасці і розныя цяжкасці. Нельга, напрыклад, параўноўваць дзіця, якое не бачыць, з дзіцём, у якога скаліёз. Але ў 2016 годзе мы цалкам змянілі фінальную частку: увялі пленэр для фіналістаў. Яны жылі на базе «Карытаса» пад Мінскам некалькі дзён, а за гэты час для іх праводзіліся адпаведныя майстар-класы і анімацыя. Таксама ўвялі тры прызавыя месцы і журы, у склад якога ўвайшлі беларускія «зоркі». Былі грашовыя і рэчавыя падарункі і, безумоўна, фіналісты атрымалі цеплыню людскіх сэрцаў…

Звычайна пасля канцэрту фіналісты едуць у дзіцячы анкацэнтр у Бараўляны, дзе адбываецца своеасаблівая ўзаемная рэабілітацыя. Нашыя дзеці, якія маюць абмежаванні, выступаюць перад дзецьмі са складанымі захворваннямі.

Яны задаволеныя, таму што могуць прынесці радасць і быць карыснымі для іншых. А для дзяцей у Бараўлянах гэта таксама вялікі стымул да змагання, бо яны бачаць дзяцей і падлеткаў, якія, нягледзячы на свае абмежаванні, спяваюць, таньчаць, не апускаюць рукі ў складанай жыццёвай сітуацыі.

Праект будзе працягвацца, але мы будзем праводзіць яго раз у два гады, бо нашым дзецям складана падрыхтавацца да таго, або іншага нумару. І тут патрэбна вялікая праца педагогаў. За гэта мы ім вельмі ўдзячныя ‒ гэта сапраўды вялікія людзі.

Цікава. А «Залатагорскі фэст» у вашай парафіі – гэта таксама праект місіі «Чыстае сэрца»?

— Так. «Залатагорскі фэст» – гэта памежнае свята, у час якога мы дзякуем Богу за пражыты навучальны год і просім благаслаўлення на канікулы. Ужо некалькі гадоў запар яно адбываецца ў першую нядзелю чэрвеня: распачынаецца святой Імшою, а пасля Імшы наладжваецца музычнае прадстаўленне каля касцёла. Запрашаюцца нашыя хрысціянскія гурты і ствараецца сапраўды добрая атмасфера, каб распачаць канікулы і падзякаваць Богу за навучальны год. У мінулым годзе мы выдавалі гуртам, якія ўдзельнічалі ў «Залатагорскім фэсце», спецыяльныя іменныя знакі. Звычайна гурты выконваюць па некалькі спеваў – ад душы, так, каб гэта сапраўды было весела і можна было парадавацца супольнаму быццю і малітве.

Вось такая ініцыятыва нарадзілася, і я думаю, што яна будзе мець свой працяг. З кожным годам будзем уносіць нейкія дапаўненні, каб яна сапраўды была цікаваю.

— Ведаю, што вашая місія таксама рэалізоўвае шматлікія летнія спартыўныя мерапрыемствы для дзяцей і моладзі.

— У нас ёсць праект «Летнія гульні чыстых сэрцаў» на базе аздараўленчых дзіцячых лагераў пад Радашковічамі – «Купалінка» і «Гарызонт». Гэтае мерапрыемства аб’ядноўвае каля 600 дзяцей. Для іх праводзіцца «Спартакіяда», і вось ужо два гады мы праводзім таксама тэатральныя, творчыя конкурсы. Мы бачым, як дзеці гэта перажываюць, як важатыя лагераў і нават кіраўніцтва гэта перажываюць.

Доўгі час мы падтрымлівалі праект «Парафіяда». Гэта касцёльны праект нашай Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Збіраецца каля 10 камандаў, недзе 150 чалавек, якія жывуць у палатках і цудоўна праводзяць час. Падчас парафіяды таксама праходзяць тэатральныя конкурсы, конкурсы спеваў, малюнкаў і шматлікія іншыя. Каманда, якая перамагае на «Парафіядзе», едзе ў Польшчу і там прадстаўляе нашу Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію на міжнароднай «Парафіядзе».

Вядома, гэта патрабуе часу і сілы, але калі вырываеш дзяцей з  віртуальнай рэчаіснасці і ім гэта таксама падабаецца, адчуваеш вялікае задавальненне.

— Распавядзіце крыху пра зімовыя акцыі «Чыстага сэрца».

— Адна з іх, якая нарадзілася спантанна, гэта акцыя «Ліст ад святога Мікалая».

Аднойчы мне патэлефанавалі з адной рэдакцыі інтэрнэт-партала і запыталіся: «Ксёндз Юрый, Дзед Мароз рассылае віншаванні, а ці будзе святы Мікалай у гэтым годзе рассылаць? Ці ёсць такая  традыцыя?» І гэтая акцыя працуе. Калі, напрыклад, у першы год мы атрымалі 15 лістоў, то ў гэтым было каля 80. Некаторыя дзеці самі пішуць, што ім падараваць, некаторыя апісваюць жыццё сваёй сям’і, іншыя просяць падарункі для суседскіх дзяцей…

Мы пастанавілі, што кожны год будзем выбіраць адзін з лістоў і прыязджаць віншаваць дзіця. Першы год такой акцыі мы паехалі ў Ваўкавыск, да хлопчыка, у якога вадзянка мозга. Ліст нам напісала яго бабуля. Ён так узрушыў нас, што я набыў касцюм святога Мікалая, мы сабралі падарункі для ўсёй сям’і ‒ для мамы, бабулі, сястры і, канешне, для хлопчыка ‒ усёй адміністрацыяй місіі селі ў машыну і паехалі.

Для іх гэта была вялікая нечаканасць, калі святы Мікалай «уваліўся» ў хату. Хлопчык быў яшчэ ў школе, і трэба было чакаць, таму мы паразмаўлялі з яго сястрою і з мамай, у якіх складаная сітуацыя: старэйшая дачка недаатрымала любові, бо маме трэба было ўвесь час быць у шпіталях.

Вось так раптам ты бачыш проста знутры гэтую трагедыю сям’і ‒ нашай, беларускай сям’і. І ўвесь час думаеш, чым можна дапамагчы. Такія аднаразовыя візіты, вядома, не дапамагаюць. Вельмі важна, каб мы адкрываліся на такія сем’і, каб святары часцей казалі пра дапамогу бліжнім, каб усё ж знаходзілі час і для такіх юнакоў і дзяўчат.

Цудоўная акцыя ў нас таксама – «Калядная ўсмешка». Мы выбіраем адну з адукацыйных установаў і выязджаем туды з падарункамі: напрыклад, у Дзіцячы дом або ў Цэнтр дзіцячай творчасці. У мінулым годзе мы былі ў інтэрнаце ў Чэрвені, а ў гэтыя святы Божага Нараджэння – ў Вілейцы, дзе ў інтэрнаце знаходзяцца дзеці з цяжкімі парушэннямі мовы. Там 160 дзяцей. Прыкладна 80 маюць бацькоў і на канікулы з’язджаюць да іх, але палова дзяцей – сіраты.

У гэтым годзе адбылася такая сітуацыя: дзеці, якія маюць бацькоў, паехалі да бацькоў, з гэтых 80-ці сіратаў 50 паляцела ў Італію, 30 чалавек засталося. Гэта была двайная рана для іх. І мы прыехалі да гэтых 30-ці дзяцей з падарункамі…

Мы не робім нейкія вялікія канцэрты ці акцыі. Гэта звычайнае быццё з імі. Калі я прапанаваў свайму знаёмаму быць святым Мікалаем, ён адказаў: «У мяне нават касцюм ёсць».

Гэта было некалькі гадзін сумесна праведзенага часу, і я думаю, што дзеці будуць памятаць наш візіт. Мы стараемся прывезці з сабою сэрца, усмешку, цеплыню, каб яны разумелі, што не пакінутыя.

Яшчэ адна зімовая акцыя – «Бумеранг дабра». Мы праводзім яе сумесна з «Місіяй добрага самараніна». Гэтая місія займаецца дзеткамі і ладзіць розныя святы. Адно з іх – свята для дзядуляў і бабуляў, у час якога ў Чырвоным касцёле збіраюцца дзядулі, бабулі, мамы і таты, а іх дзеткі-дашкольнікі віншуюць іх, дзякуюць за тое, што яны ёсць.

Мэта акцыі «Бумеранг дабра» – аддзячыць дзецям за такую ініцыятыву. Мы прыходзім да іх з падарункамі. Ідэя ў тым, што калі ты будзеш рабіць дабро, яно табе абавязкова вернецца, і ты таксама будзеш задаволены.

— Чытала, што вашая місія таксама праводзіла праект па рэабілітацыі людзей, якія сталі ахвярамі дэструктыўных арганізацый і сектаў.

— Гэта быў не праект, ацыкл артыкулаў. Планавалася, што будзе магчымасць звярнуцца да спецыяліста і наладзіць рэабілітацыю. Магчыма, у будучыні гэты праект будзе рэалізаваны. Асабліва сёння гэта неабходна, бо ў сацыяльных сетках распаўсюджваюцца шматлікія суполкі смерці, якія забіраюць жыццё ў моладзі.

Хто яны – «чыстыя сэрцы»? Распавядзіце крышку пра валанцёраў вашай місіі.

— У нас няшмат валанцёраў — каля 30 чалавек. Але ёсць чалавек 15, якія заўсёды актыўныя. Гэта сапраўды адна сям’я. Вядома, гэта патрабуе часу, і можа не заўсёды ёсць час, каб быць з імі, але ўсё ж, калі чалавек будзе ўдзельнічаць у адным праекце, другім, трэцім, ён ужо гарыць гэтым, яму хочацца штосьці рабіць.

Часам проста прысутнасць на мерапрыемстве, у форме з лагатыпамі арганізацыі – гэта ўжо вялікая дапамога, бо хтосьці можа падыйсці, каб паразмаўляць і запытацца пра нашую дзейнасць.

У нас, можна сказаць, ужо другое пакаленне валанцёраў, бо першыя валанцёры цяпер маюць свае сем’і.

— Нядаўна Вы заключылі дамову з польскімі кавалерамі Мальтыйскага рыцарскага ордэну. Як плануеце з імі супрацоўнічаць?

— Мы стараемся сябраваць не толькі з рознымі арганізацыямі ў Беларусі, але таксама мець замежныя партнёрскія стасункі, бо, па-першае – гэта вялікая радасць, што мы можам мець сяброў, а па-другое – гэта правядзенне сумесных акцый, заняткі па навучанні першай медыцынскай дапамозе з еўрапейскім сертыфікатам, гэта магчымасць з валанцёрамі выехаць у Ольштын, каб атрымаць там адукацыю.

Мы ведаем, што ў Беларусі вельмі шмат мальтыйскай дапамогі, але вельмі важна, калі ў Касцёле дзейнічае шмат арганізацый. Гэта не значыць, што мы канкурэнты. Пан Езус кажа, што кожны з нас будзе мець працу. Для людзей гэта вельмі важна, бо яны бачаць разнастайнасць, актыўнасць хрысціянаў, і гэта таксама прывучае іх да выказвання сваёй думкі і грамадскай пазіцыі, да дзеяння, бо вера пазнаецца па нашых учынках.

—  За пяць гадоў існавання місіі што Вам асабіста дала гэтая праца?

— Не магу сказаць, што гэта праца — гэта паслуга, у якой ты можаш праявіць свае здольнасці. Яна не церпіць ілжы, фальшу, бо дзеці гэта адразу адчуваюць. Яна вымагае ўнутранага парадку, таму што адбываецца шмат мерапрыемстваў і сустрэчаў. Увесь час ты знаходзішся ў тонусе. І ты бачыш, што гэтая паслуга вельмі патрэбная, што ёсць людзі, якім ты, можа на хвілінку, на імгненне, але дапамог адчуць сябе шчаслівымі, забыцца пра клопаты, па-іншаму паглядзець на сваю будучыню. І гэта ўжо вялікая радасць.

Канешне, гэтая місія змяніла і мяне. Я так лічу, таму што займацца дабрачыннасцю і чакаць ад гэтага нейкай карысці – гэта ўтопія. Я спадзяюся, што нам удалося шмат зрабіць за гэтыя пяць гадоў, нягледзячы на тое, што ў нас маленечкая арганізацыя. Калі мы прааналізавалі статыстыку, аказалася, што мы арганізавалі і прынялі ўдзел у 60-ці акцыях: каля 10 тысяч юнакоў, дзяўчат, моладзі, дзяцей прыняло ў іх удзел. Пасля гэтага разумееш, што не дарма былі недаспаныя ночы і прайшоў гэты час ‒ нягледзячы на пэўныя перашкоды, мы павінны мець мэту і да яе крочыць. Калі гэта Божая справа – яна будзе трываць.

— І апошняе пытанне: што значыць быць «чыстым сэрцам»?

— Гэта пытанне да кожнага з нас. Нашая вера і штодзённасць вучаць нас гэтаму, бо інакш нельга. Або ты чысты або не чысты. Гэта крута – быць чыстым сэрцам, калі ты ні ад каго не залежыш, калі ты ведаеш праўду і жывеш ёю, бачыш бліжняга, заўважаеш яго і можаш прынесці яму нейкую палёгку.


Размаўляла Марына Валасар
Фота аўтара і з архіва місіі «Чыстае сэрца» 

 

Матэрыяльна падтрымаць развіццё моладзевай місіі «Чыстае сэрца» можна, перавёўшы грашовыя сродкі на рахунак: 

РА «Моладзевая місія "Чыстае сэрца"»
УНП: 102369445 
Разліковы рахунак BY69BLBB30150102369445001001 ЦБУ 527
г. Мінск ААТ «Белінвестбанк», код BLBBBY2X

 

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла