Данута Бічэль «Сёмуха»

 

Данута Бічэль

СЁМУХА

Сёмы тыдзень
Хрыстовага Змёртвыхпаўстання.
Касцёлу зялёнае ўбранне…

Зоркі ў званочкі звоняць,
перапёлкі купаюцца ў збожжы…
На зямельку сыходзіць  
Дух Святы Божы!

 Шапоча малітву дождж
на бярозак зялёныя слёзкі…
Каля веснічак, каля варот,
пры дзвярах і ў куце бярозкі,
выйшлі з бярэзнічку – як дзяўчаткі,
спыніліся каля хаткі,
 ад зямліцы жыцця напіліся,
святочна жыць прыняліся,
лек збіраюць жывымі лісткамі,
дыханнем дзеляцца з намі…
Святое зялёнае дрэўца
нам аддае сваё сэрца… 

І цябе ў бярэзнік паслала маці
па зёлкі святыя, бы ў рай,
акунайся ў зялёнае шчасце,
сунічкаю зацвітай…  

Зоркі і зёлкі вітаюць Хрыста…
Хвала Табе, добры Божа,
за Радзіму, якую нам даў
і Духам Святым упрыгожыў! 

27 лютага 2017 г., Гродна

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла