«Перастань наракаць, пачні жыць!» Размова з айцом Леанам Кнабітам OSB

У апошнія дні сакавіка ў Каралеўскім замку ў Варшаве праходзіла чарговая ХХІІІ выстава-кірмаш каталіцкіх выдаўцоў, у якой удзельнічала і выдавецтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі «Про Хрысто». Дэвіз сёлетняй варшаўскай выставы — «Ідзіце і абвяшчайце», а галоўныя яе тэмы — 100-годдзе аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме і 300-годдзе каранацыі абраза Маці Божай Чэнстахоўскай.


145 каталіцкіх выдавецтваў з усёй Польшчы сваёю багатаю і разнастайнаю друкаванаю прадукцыяй пераканаўча пацвярджалі думку пра тое, што ідэя хрысціянізацыі з’яўляецца вельмі важнаю матывацыяй не толькі для тэолагаў, але і для многіх пісьменнікаў, паэтаў і перакладчыкаў.

Як і штогод, нас, мінчукоў, па-добраму здзіўляла і захапляла вялікая зацікаўленасць варшавянаў каталіцкаю кнігаю: з самай раніцы і да вечара бесперапынным патокам яны ішлі ў Каралеўскі замак. І гэта пры тым, што ўваход на выставу быў платны, а кнігі, як і скрозь у свеце, у Польшчы таксама нятанныя. На выставе пастаянна адбываліся сустрэчы з вядомымі аўтарамі, канферэнцыі, дыскусіі, прэзентацыі, а ў кіназале дэманстраваліся каталіцкія дакументальныя фільмы, і на кожнай такой імпрэзе было заўсёды шмат зацікаўленых удзельнікаў.

Сёлета стэнд выдавецтва «Про Хрысто» суседнічаў са стэндам выдавецтва бэнэдыктынаў з Тыньца — старажытнага абацтва пад Кракавам. На стэндзе нашых суседзяў прэзентаваліся найперш новыя кнігі аднаго з самых вядомых тынецкіх бэнэдыктынаў айца Леана Кнабіта.

Сам 87-гадовы аўтар пастаянна прысутнічаў на выставе — сядзеў за столікам каля свайго стэнда, і да яго ўвесь час стаяла чарга тых, хто хацеў не толькі атрымаць аўтограф вядомага і любімага аўтара, але і абавязкова паразмаўляць з ім. Увогуле, усё гэта трэба было бачыць. Мы мелі такое шчасце на працягу трох дзён быць сведкамі нястомнай пастырскай любові, якою айцец Ляон атуляў кожнага, хто да яго падыходзіў. Атуляў і прытуляў да свайго сэрца, знаходзячы літаральна для кожнага слова, усмешку, жарт…

Чымсьці айцец Леан нагадаў мне ксяндза Яна Твардоўскага. Не, не знешнім выглядам, а сваімі адносінамі да людзей, сваімі кнігамі, гэтаю незвычайнаю, а можа, наадварот, звычайнаю і такою чалавечаю простасцю. Штосьці ёсць агульнае ў старэйшым пакаленні каталіцкіх святароў, блізкіх па духу да святога Яна Паўла ІІ, да нашага кардынала Свёнтка — гэта іх мудрая іранічнасць, прастата ў адносінах, айцоўская дабрыня і адкрытасць на іншага чалавека… Штосьці, што неадольна прыцягвае да іх, дадае сілы і ўмацоўвае дух…

Я запытала ў супрацоўніцы бэнэдыктынскага выдавецтва, якая не толькі прадавала кнігі айца Леана, але і далікатна ім апекавалася, колькі прыкладна за дзень айцец Леан падпісвае кніг. «Недзе каля дзвюх сотняў», — адказала яна з усмешкаю…

Мы таксама падпісалі ў яго кнігі і таксама былі прытуленыя ім і атуленыя яго сардэчнасцю і ўвагаю. Вельмі хацелася з ім пагутарыць для нашага часопіса, і аднае раніцы, яшчэ да наплыву людзей, я ўлучыла такі момант і задала айцу Ляону некалькі пытанняў, на якія ён ахвотна адказаў. Прапаную вашай увазе гэту нашу ранішнюю размову, якая запісалася не толькі і не столькі на дыктафон, колькі ў маёй памяці і ў сэрцы. 

— Шаноўны ойча Леан, мы бачым, што каля Вас штодня збіраецца вельмі шмат людзей. Вы карыстаецеся вялікаю папулярнасцю. Найперш хацелася б спытаць, у чым сакрэт такой папулярнасці?

— Пра гэта трэба было б спытаць у людзей. 

А як лічыце Вы самі?

— Я жыву, пішу, стараюся не хлусіць у сваіх учынках, паводзінах і ў сваіх кнігах. Таму тое, што я пішу, даходзіць да людзей. Я стараюся пісаць зразумелаю моваю, не занадта разумна, бо я — ані прафесар, ані доктар… У мяне шэсцьдзясят тры гады святарства і пяцьдзясят восем гадоў манаскага жыцця. Я стараюся быць блізка да Пана Бога і блізка да людзей. Калі людзі гэта бачаць, то не баяцца, прыходзяць — падпісаць кніжку, паразмаўляць, папрасіць аб добрым слове, часам проста просяць мяне прытуліць іх...

— Усё гэта вельмі кранае… Ойча, адкуль бярэ выток Вашае пакліканне?

— Хіба з самай ранняй маладосці. Калі я быў яшчэ малым хлопцам, то ў мяне часта пыталіся, ці не буду я ксяндзом. Я адказваў: «Без жонкі — не хачу». Бачыце, у сем гадоў я ўжо быў настроены на жаніцьбу (смяецца). Аднак мяне з маленства больш за ўсё цікавіла святая Імша. Я пачаў прыслугоўваць пры алтары ў Седльцах, якія знаходзяцца на паўдарозе паміж Варшаваю і Брэстам. Прыслугоўваў у катэдры, дзе былі клерыкі, якія рыхтаваліся да святарства. Гэта былі вельмі мілыя хлопцы, я бачыў, што потым яны атрымалі святарскае пасвячэнне і сталі добрымі ксяндзамі. Я спытаў у аднаго з іх, ці прыдатны я, на яго думку, да святарства. Ён адразу адказаў: «Несумненна, прыдатны… Пан Бог гэтага хоча». Тады мне было сямнаццаць з паловаю гадоў. І для мяне ягоны адказ стаў голасам Божым. Спачатку я служыў у дыяцэзіі.

— А чаму выбралі ордэн бэнэдыктынаў?

— Мой сябар, які вучыўся ў бэнэдыктынаў, запрасіў мяне наведаць іх вельмі цікавы кляштар у Тыньцы, паслухаць спевы, адчуць старажытную атмасферу — кляштар быў заснаваны ў 1044 годзе. Мне там спадабалася, але я вельмі моцна любіў сваю дыяцэзію. Я пачаў думаць. І так думаў ажно сем гадоў. У гэты час падхапіў пнеўманію і меў праблемы з лёгкімі. Біскуп жа, замест таго, каб «выгнаць» мяне, удзяліў мне пасвячэнне на паўгода раней, чым маім калегам. У яго была лёгкая рука — вось ужо 63 гады я ў святарстве. Потым адпусціў мяне да бэнэдыктынаў. Там я быў пробашчам, быў таксама прыёрам у кляштары — акурат тады, калі настала шчасце і радасць — абранне Святога Айца Яна Паўла ІІ на Пятрову сталіцу. Я быў доўгі час катэхетам і вучыў, вучыў, вучыў… Я не меў часу на тое, каб самому вучыцца, і цяпер зусім не маю, а ў ордэне адчуваю сябе цалкам рэалізаваным унутрана, калі не ўлічваць мае асабістыя недахопы.

— Ойча, Вы, відаць, шчаслівы ў сваім пакліканні…

— Так, бо я знайшоў сябе ў ім, знайшоў сваё месца. У пакліканні галоўнае — знайсці сябе: ці то ў сужэнстве, ці то ў манастве, ці часам нават у самотным жыцці… Тады чалавек задаволены Панам Богам і сабою. І калі пры гэтым ён любіць бліжняга, як самога сябе, то не мае комплексаў, не адчувае прыгнечанасці.

Пан Бог кажа кожнаму з нас: «Слухай, Я стварыў цябе мужчынам (жанчынаю), даў табе пакліканне, выканай добра тое, што ты атрымаў ад Мяне, — і будзеш шчаслівы і тут, і там, у вечнасці…»

— Ойча, вядома, што святы Ян Павел ІІ часта бываў у Тыньцы, яшчэ да абрання на Пятрову Сталіцу прыязджаў туды на рэкалекцыі. Узгадайце, калі ласка, крыху пра свае сустрэчы са Святым Айцом.

— Я напісаў цэлую кнігу пра мае сустрэчы з «дзядзькам Каралем». Пра тое, як ён хадзіў з моладдзю на прагулкі, якія заўсёды былі спалучаныя з рэкалекцыямі. А паколькі тады, падчас камунізму, нельга было хадзіць у сутане і каларадцы, бо пераследавала Служба бяспекі, то ксёндз хадзіў апрануты па-свецку, і таму яго называлі «дзядзькам Каралем».

Я сустрэўся з ім упершыню ў такім рэкалекцыйным доме, дзе перад уступленнем у ордэн быў капеланам. Гэта было ў Пэвлі Малай каля Жыўца на поўдні Польшчы, куды ён прыязджаў, каб зімою спускацца на лыжах са сваімі студэнтамі, а летам хадзіў у горы… Быў 1957 год. Мы абодва былі звычайнымі святарамі, толькі ён быў ужо доктарам, а я не меў ніякай ступені, бо не надта хіліўся да вучобы, не меў асаблівых здольнасцяў да гэтага.

Тады нельга было цэлебраваць святую Імшу без сутаны, таму я пазычаў яму сваю сутану. Уяўляеце, цяпер я часам думаю: «Чалавек, якому я пазычаў сутану, стаў святым…»

Ён не забываў мяне, калі быў Папам... Мы з ім сустракаліся і час ад часу ліставаліся. Аднаго разу мае браты ў Тыньцы папрасілі мяне, каб я напісаў Святому Айцу ліст і спытаў у яго, як ён дае рады з малітваю ў асабліва напружаныя дні, падчас шматлікіх падарожжаў, сустрэчаў, аўдыенцый. Святы Айцец вельмі прыгожа адпісаў мне, што «калі перад малітваю ўсё адыдзе на другі план, тады малітва дасць сабе рады нават у самы напружаны дзень…»

— Вядомы бэнэдыктынскі прынцып ora et labora, напэўна ж, дапамагае ўпарадкаваць суадносіны паміж малітваю і працаю?

— Больш старажытны бэнэдыктынскі прынцып гучаў інакш: «Парадак і спакой». Беспарадак вядзе да хаосу, а спакой — да гармоніі. І пасля ўжо шлях да галоўнага: маліся, працуй і не будзь сумным. Захавай радасць у супакоі і шануй усіх людзей. Можна сказаць, што на гэтых чатырох стаўпах будавалася сярэднявечная Еўропа. Гэтыя бэнэдыктынскія прынцыпы не страцілі сваёй актуальнасці і ў наш час.

— Ойча, Вы напісалі шмат цікавых кніжак, якія карыстаюцца вялікім чытацкім попытам. Да таго ж, Вы — папулярны блогер. Калі і як з’явілася ў Вас жаданне пісаць?

— З’явілася даволі даўно з пераканання, што я мушу штосьці перадаць людзям са свайго святарскага, манаскага дый чалавечага досведу, а таксама з просьбаў людзей: «Калі ласка, айцец, напішыце…». Напачатку былі самыя розныя інтэрв’ю, тэлевізійныя і радыёпраграмы, а пасля з’явіліся запісы думак, разважанняў, рэкалекцый, успамінаў, выказванняў, якія і сталі маімі кнігамі.

— Як знаходзіце час для Пана Бога, для творчасці і для кожнага чалавека? Мы тут бачым, колькі часу аддаяце людзям, якія да Вас падыходзяць і падыходзяць…

— Часта чалавек мае вельмі шмат справаў і не дае рады ўсяму гэтаму, і таму ўсюды і ўсё робіць спехам. А я кажу сабе: «Суніміся. Спех добры толькі пры лоўлі блох». Паволі, спакойна падыдзі да кожнага, прысвяці яму столькі часу, колькі чалавеку неабходна і колькі ты яму можаш даць, і толькі потым перайдзі да наступнага... Ахвяруй усяго сябе для гэтага канкрэтнага чалавека… У Яна Паўла ІІ была ў гэтым сэнсе цудоўная якасць, якой нам так часта не хапае: у яго Бог і чалавек знаходзіліся на адной лініі. Вось таму хапала часу і для Бога, і для чалавека, і для працы… Усё жыццё гэтаму вучуся і часам нешта ўдаецца…

— Ойча, скажыце, калі ласка, адкуль у Вас столькі радасці? Здаецца, яна праменіць проста з Вашага сэрца: Вы ўвесь час усміхаецеся, увесь час жартуеце.

Вера дае мне столькі радасці, што магу ёю нават дзяліцца з іншымі. Я згодны са святым Францішкам Сальскім, які казаў: «Святы, які сумны, — гэта сумны святы». А хтосьці калісьці заўважыў: «Я паверыў бы ў Хрыста, калі б у хрысціянаў былі больш радасныя твары». Сапраўды, твар, які нагадвае могільнік, наўрад ці каго прывабіць. Таму мяне зусім не здзіўляе, што людзі так часта дзякуюць за ўсмешку, за зычлівасць, за радасць…

Смутак трэба дзяліць, а радасць памнажаць… Адным словам, я люблю часам казаць сабе і іншым: «Перастань наракаць, пачні жыць! Пачні нарэшце радавацца жыццю».

— Дзякуй, ойча, за мудрыя парады.


Размаўляла Крыстына Лялько
Фота Мікалая Новікава, 
twitter.com/leon_knabit,
PAP/Jarosław Sender 

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла