Быць на сваім месцы. Пра супольнасць свецкіх дамініканаў

Калі я была малою дзяўчынкаю, на катэхэзе мы пачулі незразумелае, дзіўнае слова: «пакліканне». Што такое клікаць, я ведала, начуўшыся ад бацькоў: «Гойсаеце па вуліцы, дамоў не даклічашся!», але пра тое, што такое «жыццёвае пакліканне» дзеці, зразумела, яшчэ не думаюць. І тут нам распавялі, што кожны чалавек пакліканы на свой шлях у жыцці і вельмі важна правільна знайсці гэты шлях.


Усе мы пакліканыя быць добрымі і справядлівымі хрысціянамі, кожны мае пакліканне да пэўнай прафесіі, і дзеці мараць, кім стануць, калі вырастуць, і яшчэ ёсць вельмі цікавае пакліканне — служыць Пану Богу, прысвяціўшы ўсё жыццё Яму і людзям, гэтак, як браты дамінікане ў дзіўных белых шатах, якія працавалі ў нашай парафіі, і сёстры законніцы ў прыгожых чорна-белых вэлюмах, і іншыя людзі, таксама ў незвычайным доўгім чорным адзенні, якіх часта можна было бачыць у касцёле.

Я падумала тады: «Як жа гэта было б файна стаць кім-небудзь — можа, пісьменнікам або нават прафесарам і адначасова служыць Богу! Але ж не, такога, каб усё адразу, проста не бывае, і калі-небудзь трэба будзе выбраць».

Я ўзгадала гэтыя свае дзіцячыя думкі, калі аднойчы, праз шмат гадоў, ехала ў цягніку дадому і ўжо некалькі дзён не магла асмеліцца патэлефанаваць знаёмай, каб сказаць: «Я хачу да вас, у Трэці ордэн». Тая знаёмая тады сама была ў ордэне першы год і з захапленнем распавядяла пра свой досвед, пра дамініканскі дух, арганізоўвала супольныя малітвы на ружанцы, адкрыла для мяне малітву Літургіі гадзінаў. Хоць і распавядала яна найчасцей не мне асабіста, бо мы былі тады знаёмыя зусім нядаўна, аднак усё, што яна гаварыла, здавалася такім прыцягальным, такім блізкім.

І раптам у тым цягніку ажыла мая даўняя дзіцячая мара пра «Калі б толькі можна было ўсё разам і не выбіраць!», і прыйшло разуменне: дык вось жа яно, дакладна тое, чаго мне так хацелася! Усе незразумелыя да таго часу лініі склаліся ў адзін малюнак, і ўсё адразу стала на сваё месца. Я набрала нумар…

Вось і не верце пасля такога ў цуды — тагачасная знаёмая, а цяпер ужо блізкі сябар і сястра па дамініканскай сям’і, ехала ў той жа час у суседнім вагоне… на штомесячную сустрэчу Трэцяга дамініканскага ордэну, куды назаўтра прыйшла і я. Праз два месяцы я склала першыя прысягі і ўвайшла ў вялікую васьмісотгадовую дамініканскую сям’ю. Мінула ўжо больш за дзесяць гадоў, і я ні разу не пашкадавала аб тым званку і аб тым занадта хуткім, здавалася б, рашэнні.

За гэтыя дзесяць гадоў сям’я дамініканскага Трэцяга ордэну ў Беларусі вырасла з трох чалавек амаль да трыццаці.  Хто мы такія? Людзі, якія далі прысягу жыць у свеце жыццём, прысвечаным Хрысту, згодна з дамініканскаю прапаведніцкаю харызмаю: «Laudare. Benedicere. Praedicare» — «Праслаўляць. Благаслаўляць. Абвяшчаць».

Гісторыя дамініканскіх тэрцыяраў распачыналася яшчэ ў XIII стагоддзі, з супольнасцяў militia Christi, Хрыстовых жаўнераў, свецкіх людзей, захопленых ідэямі святога Дамініка. Цяпер мы, свецкія дамініканцы, як і прадстаўнікі іншых свецкіх ордэнскіх супольнасцяў (францішканаў, кармэлітаў) знаходзімся у авангардзе Хрыстовай арміі. Мы — тыя, хто яднае кансэкраваных асобаў са свецкімі, знаходзячыся пасярэдзіне.

Мы патрэбныя сучаснаму свету, бо размаўляем на ягонай мове. Мы служым не ў кляштарах, а там, дзе давядзецца быць, у сваім асяродку, на працы, сярод знаёмых і незнаёмых, спрабуючы стаць прыкладам таго, што быць з Богам можна не толькі жывучы ў кляштарных сценах, што магчыма мець сваю сям’ю, працаваць, гадаваць дзяцей, не губляючы сувязі з Ім, але паглыбляючы яе. Сёння нам прасцей сведчыць пра гэта, бо можна сказаць іншым людзям:

«Мы — такія самыя, як вы, з тымі ж праблемамі, з той жа штодзённасцю. І ў гэтай штодзённасці шлях Хрыстовых вучняў усё адно магчымы. Бог — не толькі для людзей у габітах, Бог — для кожнага».

Можна спытаць: «Чым жа вы адрозніваецеся ад звычайных хрысціянаў?» Па сутнасці, не павінна быць ніякага адрознення, кожны хрысціянін павінен быць такім «тэрцыярам». Але тут ізноў выходзіць на першы план таямніца паклікання. Я сама часта задумваюся над тым, што прымушае нас шукаць і знаходзіць у рэшце рэшт гэты трэці, не манаскі і не да канца свецкі шлях, на алтары прысягаючы ў тым, што мы будзем прытрымлівацца яго, і што прымушае выбіраць вялікую дамініканскую сям’ю (а яе прымушае ў сваю чаргу выбіраць нас). Усе мы сапраўды сям’я, усе вельмі розныя, але злучаныя адным духам, і повязь гэтая мацнейшая, чым повязі крыві. Гэта не значыць, што не бывае цяжка, што не бывае адчування, што не апраўдваеш свайго наймення Дамінікавай дачкі… Трэці ордэн — вялікая адказнасць, але і гэткая ж вялікая падтрымка. І калі сёння я не магу змусіць сябе ўзяць у рукі ружанец, за мяне яго трымаюць іншыя трыццаць параў рук, і іншыя трыццаць вуснаў прамаўляюць малітву.

Гэта вельмі важна — адчуваць сябе на сваім месцы.


Маргарыта OPs з супольнасці
свецкіх Ордэну Прапаведнікаў

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла