Святарства. «Дар і таямніца»

«Ідзіце і абвяшчайце Евангелле» — такі заклік пачулі вучні ад Езуса і вырушылі па ўсім свеце, каб пашырыць Валадарства Божае. Сёння гэтая місія найперш рэалізуецца праз пакліканне да святарства. Што найбольш прыносіць задавальненне ў гэтым служэнні? Распавядаюць самі святары.


 Ксёндз Юрый Марціновіч
(галоўны рэдактар газеты «Слова жыцця», Гродна)

— Для мяне самае прыемнае ў святарстве — гэта сустрэчы з людзьмі. Тады я ўсведамляю, што магу служыць гэтым лю­дзям сваім словам, малітвай або праз канкрэтны ўчынак. Кожная сустрэча ўзбагачае мяне духоўна. Напрыклад, у гэтым Вялікім посце я сустрэўся з вялікай колькасцю людзей падчас Велікапосных рэкалекцый у парафіях. Калі праз некаторы час чалавек дзякуе за параду або слова, якое яму дазволіла іначай паглядзець на жыццё, змяніць свае паводзіны, я адчуваю вялікую радасць і тады яшчэ з большым запалам хачу служыць іншым. Тады я нагадваю сабе, што маё святарства павінна быць найперш штодзённай службай тым людзям, якіх Божы Провід ставіць на дарозе майго жыцця.

Айцец Анджэй Юхневіч OMI
(санктуарый Маці Божай Фацімскай, Шуміліна)

— Я вырас у шматдзетнай сям’і. Святарства і манаскае жыццё дае для мяне магчымасць кантактаў з многімі людзьмі, а місіянерская паслуга дазваляе наведваць многія месцы нашай краіны. Гэта вельмі ўзбагачае і напаўняе мяне, прыносячы ўнутраную радасць. Вялікае задавальненне мне прыносіць паслуга сакрамэнтамі, асабліва Эўхарыстыя, калі я прыношу справы людзей да Езуса і заношу людзям Езуса, а таксама сакрамэнт пакаяння і паяднання, калі моцаю Езуса я здымаю цяжары з людскіх сэрцаў.

Ксёндз Юрый Санько
(пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы, Мінск)

— Самае прыемнае для мяне — быць з людзьмі, бо я магу служыць ім у сакрамэнтах. Спа­дзяюся, што дапамагаю наблі­зіцца людзям да Бога, адчуць Яго прысутнасць у жыцці.

Ксёндз Андрэй Сіповіч
(пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа (Кальварыя), Мінск)

— Я ўспрымаю сваё святарства як інструмент Бога, каб дапамагчы знайсці і пабудаваць кожнаму свае асабістыя зносіны з Езусам. І калі бачу, што хтосьці знаходзіць Езуса праз маё служэнне, тады вельмі радуюся.

Ксёндз Аляксандр Канановіч
(парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, Мазыр)

— Святарства для мяне — гэта вялікі дар ад Бога, якім магу служыць Яму і людзям, шчасце трымаць Цела Хрыста. Святы Ян Павел ІІ казаў, што гэта дар і таямніца. Адчуваю вялікае шчасце і радасць ад таго, што  магу абвяшчаць Хрыста, быць прыкладам для іншага чалавека. Часам людзі пытаюцца: «Чаму Вы  сталі святаром?» Мне вельмі прыемна адказваць: «Каб не было Бога, я перад вамі не стаяў бы як святар». І таму магу сказаць, што маю гонар, што Бог і мяне паклікаў да сябе. Не трэба баяцца быць сведкам Езуса. Ні на адну хвіліну не шкадую, што стаў святаром.

Ксёндз Кірыл Бардонаў
(дырэктар інтэрнэт-партала Каталіцкага Касцёла ў Беларусі Catholic.by)

— Магчымасць служыць у сакрамэнце споведзі і прапаведаваць, бо тады я рэальна адчуваю сябе разам з вернікамі часткай Божага народа — Касцёла, часткай вялікай таямніцы.

Айцец Яўген Эйсмант SAC
(парафія св. Андрэя, апостала, і св. Леапольда Багдана Мандзіча, Мінск)

— Магчымасць служыць пасрэднікам у яднанні чалавека з Богам. Бачыць радасць людзей ад сустрэчы з Ім. І найбольш прыемнае — і несці іншым людзям любоў.


Падрыхтавала Марына Валасар

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла