Як мяне хрысцілі

Мяне завуць Людміла. Па баць­ку я Данілаўна, хаця да вайны, калі мой бацька быў хлопчыкам і хадзіў у польскую школу, яго імя пісалася «Даніэль». Мой родны горад — Маладзечна. Сёння гэта горад у Мінскай вобласці, але ў канцы 1950-х гадоў, калі я нарадзілася, ён быў абласным цэнтрам — так у маёй метрыцы было і запісана.


 

Маладая сям’я —
мае тата і маці (злева) каля дрэва.

Мае бацькі, Софія Сяліцкая і Данііл Капуцкі, у 1955 г. пабраліся шлюбам. Абое былі маладымі сувязістамі, былі родам з блізкіх да Маладзечна вёсак. Да шлюбу маці жыла ў сям’і свайго гарадскога роднага дзядзькі Стаха (Станіслава) Язневіча і яго жонкі Вэрці (Веранікі). Яны мелі маленькую дачку Марысю і жылі ў драўляным доме, што стаяў вокнамі на вялікі пусты выган у раёне вуліцы Чарняхоўскага. Недалёка была плошча Свабоды з аўтавакзалам і царквою… Сёння гэта Старое Места. Дарэчы, па вуліцы Замкавай, што пачынаецца  ад непазнавальна змененай за апошнія дзесяцігоддзі плошчы, знаходзіцца корпус былога кляштара трынітарыяў (Ордэн Найсвяцейшай Тройцы), схаваны ў нетрах агароджаных вытворчых тэрыторый мясцовага завода.

Маю маці ў дзяцінстве, да вайны, таксама ўсе звалі па-польску — Зофія, Зося, Зоська. Яна расказвала, што калі ў 16 гадоў яна, вясковая дзяўчына, сірата, якая гадавалася без бацькі, прыйшла атрымліваць свой першы дакумент — пашпарт, дык не захацела яго забіраць, бо там былі «не яе» імёны! «Я не Соф’я, а Зофія! І бацька мой не Іван, а Ян! Гэта не мой пашпарт!» — упарта пярэчыла яна. Тады работніца ўстановы вырашыла напужаць яе: «Бяры гэты дакумент! Ніякага другога табе не будзе. А не падабаецца, дык я зараз міліцыянера са зброяй сюды паклічу, вунь па калідоры ходзіць. Бяры і бяжы адсюль, чуеш!..»

Цётка Вэрця (сядзіць злева) з дачкою
і з сям’ёю сястры (Вальці Гадэпскай).

Праўда, пасля, па нейкім часе, «Соф’ю» выправілі на «Софію», але «Іванаўна» засталася — так было ў многіх жыхароў Заходняй Беларусі. Дажыўшы да шаноўнага (81 год) узросту, мая мама раз-пораз успамінае гэту гісторыю і расказвае яе дзецям і ўнукам. У сям’і ўсе яе браты і сёстры, маці і пляменнікі звалі яе Зосяю і цёткаю Зосяю да сівых валасоў. Толькі на працы, тэлефаністкаю, яна была Соф’яй Іванаўнай (нібыта асобнае рабочае імя).

З маладосці мая мама была вельмі прыгожая, да таго ж працалюбная, у рабоце спрытная, бо расла ў шматдзетнай вясковай сям’і, у характары мела рашучасць, смеласць. Яе, як перспектыўную работніцу сувязі, спачатку ўсё пасылалі вучыцца ў Маскву, вылучалі на больш высокія пасады, але яна не захацела быць начальніцаю.

Хаця гэта было і забаронена ў далёкія 1950-я, мае маладыя бацькі павянчаліся ў касцёле.
І нават пахрысцілі мяне, як толькі я нарадзілася. Раскажу пра гэта падрабязней, бо некаторыя факты я ўведала ад матулі толькі нядаўна.

Маладая мама з маленькаю
стрыечнаю сястрою Марысяй.

Аказваецца, што, калі мая маці была цяжарная мною, дык ужо ведала, што сваю дзяўчынку назаве Людмілаю. Яшчэ са школы ёй падабалася гэта нязвыклае для Заходняй Беларусі імя (магчыма, з казачных радкоў пра Руслана і Людмілу Аляксандра Пушкіна?). І ва ўсёй акрузе ў сельскім наваколлі імя такога ніхто не меў, а былі — Зосі і Лёдзі, Рэгіны і Дануты, Гелены і Марыі. (Дарэчы, біблійнае, традыцыйнае, прыгожае імя Марыя мая мама ўжо ў сталым узросце — бабуляю! — возьме сабе пры канфірмацыі ў касцёле імя святога Юзафа ў Маладзечне.)

І вось 20 красавіка 1957 г. у радзільным аддзяленні Маладзечанскай гарадской бальніцы ў маладой мамы Зосі нарадзілася дзяўчынка. Буяла вясна! Маці і дзіця былі здаровымі, і таму на чацвёрты дзень іх выпісалі.
А ў гэты ж час у сям’і дзядзькі Стаха старанна рыхтаваліся да падзеі…

У дзень выпіскі да бальніцы пад’ехала таксоўка. У ёй ся­дзелі цётка Вэрця і яшчэ адна жанчына — яе даўняя сяброўка Рэгіна Балінская, якая стала маёй хроснай маці… Увесь «экіпаж» з маладой маці і дзіцяткам рушыў з Маладзечна ў бок мястэчка Лебедзева, амаль за паўтара дзясятка кіламетраў ад бальніцы. Куды? Навошта? Там нас чакаў лебедзеўскі касцёл, які нам тайна адамкнуў для хросту, па папярэдняй дамоўленасці, святар. Ён, ужо адхілены ўладаю ад сваёй святарскай дзейнасці, асмеліўся ў той вясновы дзень 1957 года парушыць несправядлівы загад і, у якасці выключэння, правёў абрад хросту маленькай дзяўчынкі.

Мая мама —
шчаслівая бабуля (у цэнтры).

Пасля хросту я атрымала новае, але па гучанні падобнае да Людмілы імя — Люцыя! Хросным бацькам, як прызналася мне нядаўна матуля, стаў сам святар…

І калі паўстала пытанне запісу пра гэты акт хросту ў касцёльнай кнізе, дарослыя, параіўшыся паміж сабою, вырашылі яго не рабіць — у мэтах бяспекі маладой маці і дзіцяткі. «Я і хросная маці нідзе не працуем, а вось Зося працуе. Дазнаюцца, могуць звольніць ці яшчэ што горшае маладой сям’і зрабіць», — сказала, па ўспамінах маці, цётка Вэрця (Вераніка Гайковіч), сама родам з гэтых лебедзеўскіх мясцінаў.

На жаль, праз год мая хросная маці памерла. Яе бацька да вайны трымаў некалькі склепаў (магазінаў) каля сённяшняга Старога Места ў Маладзечне, а новая ўлада іх адабрала (маўляў, прыватнай уласнасці такіх памераў у БССР быць не павінна). Уся іх сям’я вельмі перажывала праз гэтую несправядлівасць… Дзякую за смелы ўчынак тайнага хросту маёй маці ў Хрысце, былой маладзечанцы Рэгіне Балінскай!

А вось імя майго хроснага бацькі я пакуль не ведаю, але таксама яму вельмі ўдзячная за подзвіг служэння людзям і Богу.

 

 

Маленькая Людачка (Люцыя).


Людміла (Люцыя) Сільнова

P.S. Калі сёння ў мяне пытаюцца: «Ты ахрышчаная? У колькі гадоў?», — я заўсёды з годнасцю адказваю: «Не гадоў… На чацвёрты дзень ад нараджэння».

 

 

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла