Незвычайная перэгрынацыя ў Багданаве

У гонар 100-годдзя Фацімскіх аб’яўленняў па розных парафіях нашай краіны пілігрымуе фігурка Маці Божай Фацімскай. Вялікія гарады і малыя вёскі, дзе засталося ўсяго некалькі чалавек, вітаюць Марыю з надзеяй і вераю, што яна выслухае ўсе малітвы і просьбы і занясе іх да Бога. З такой надзеяй сустракалі фацімскую фігурку і вернікі парафіі св. Міхала Арханёла ў пасёлку Багданава Валожынскага раёна.


Перэгрынацыя выпала на Вялікі Трыдуум. Як распавёў пробашч парафіі святога Міхала Арханёла ў Багданаве кс. Ігар Лашук, спачатку планавалася, што фігурка прабудзе тут два дні — ў Вялікую суботу і Велікодную нядзелю. Але абставіны павярнуліся так, што фігурка прабыла тут цэлы тыдзень — з 13 па 22 красавіка. І не проста прабыла, а «наведала» бліжэйшыя да Багданава вёскі і нават «завітала» ў мясцовую школу, каб паблагаславіць дзяцей.

«Гэта час асаблівай сустрэчы кожнага верніка з мукаю, смерцю і Уваскрасеннем Езуса Хрыста, з гэтаю найвялікшаю таямніцаю хрысціянскай веры. Так, як Маці Божая была калісьці прысутнаю ва ўсіх гэтых момантах жыцця Езуса Хрыста,  так Яна і сёння з намі ў нашай парафіі прысутная ў разважаннях таямніцы пакутаў, смерці і ўваскрасення Езуса Хрыста. Для нас гэта звышнатуральны знак», — сказаў кс. Ігар Лашук.

Святар называе гэтыя мясціны «другой рэспублікай». Прыкладна 90 адсоткаў насельніцтва тут менавіта католікі, і што самае цікавае — амаль усе яны размаўляюць па-беларуску. 

Цэнтрам парафіі з’яўляецца пасёлак Багданава, у якім і знаходзіцца касцёл святога Міхала Арханёла. Гісторыя святыні налічвае некалькі стагоддзяў. На месцы сённяшняга цаглянага касцёла раней стаяў драўляны, але ён быў некалькі разоў спалены: падчас Вялікай вайны з Маскоўскай дзяржавай, вайны з Напалеонам, немцамі ў 1944 годзе і ў савецкі перыяд камуністамі. 

У 1996-м парафіяне самі, за ўласныя сродкі, адбудавалі святыню з цэглы. Новы касцёл быў падобны хутчэй на жылы дом, чым на святыню, і цяпер кс. Ігар Лашук разам з парафіянамі займаецца яго рэканструкцыяй, а ў красавіку гэтага года дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі асвяціў крыжы для вежаў касцёла. 

У пасёлку Багданава жыве 538 чалавек. Калісьці тут была сядзіба Рушчыцаў, а на парафіяльных могілках да гэтага часу захавалася магіла знакамітага мастака Фердынанда Рушчыца, які нарадзіўся і памёр у Багданаве. 

Фігура Маці Божай Фацімскай прыбыла ў гэтую парафію з вёскі Вішнева, месца, дзе калісьці служыў знакаміты святар, перакладчык Бібліі на беларускую мову Уладзіслаў Чарняўскі. Калі мы разам з кс. Ігарам прыехалі ў Вішнева, там у касцёле ўжо адбывалася набажэнства на развітанне з фігуркай Маці Божай Фацімскай, пасля якога мы разам з Маці Божай паехалі ў кірунку Багданава.

У вёсцы Дзясятнікі нас сустрэла вялікая група парафіянаў з паветранымі шарамі. Сярод іх былі дзеці, моладзь, людзі сталага і сярэдняга ўзросту. Незвычайная радасць і ўсмешкі на тварах… Урачыстай працэсіяй, наперадзе якой узвышалася фігура Маці Божай з Фацімы мы прайшлі па вёсцы. Па дарозе спыняліся каля некаторых дамоў, і ксёндз Ігар благаслаўляў гаспадароў. 

«Не ўсе парафіяне могуць дайсці да касцёла, таму мая задача была ў тым, каб Маці Божая прыйшла да кожнага парафіяніна. Яна не стаіць дзесьці на высокай гары, а спускаецца і ідзе да нас. Гэта была ідэя ўсяго наведвання», — гаворыць кс. Ігар Лашук.

Па дарозе да Багданава працэсію «сустрэлі» дождж і вецер. Але гэта не стала перашкодаю для таго, каб Марыя благаславіла і тутэйшых жыхароў, а потым «спынілася» ў парафіяльным касцёле на святой Імшы. 

«Стараемся ў гэтыя дні лепей зразумець асобу Найсвяцейшай Панны Марыі, якая будзе прабываць у нашай парафіі на працягу гэтых дзён. І няхай Яна дапаможа нам глыбей зразумець таямніцу Эўхарыстыі, таямніцу сакрамэнта святарства, вялікую таямніцу служэння, паслугі з Богам другому чалавеку», — сказаў кс. Ігар падчас святой Імшы ў першы дзень перэгрынацыі.

Раніцай наступнага дня мы накіраваліся разам з фігуркай Маці Божай Фацімскай у мясцовую школу. 

Евангелізацыя ў школе ў гэтай мясцовасці — зусім не праблема, бо ўсё кіраўніцтва гэтай навучальнай установы і большасць настаўнікаў — католікі. Таму фігуру Маці Божай Фацімскай тут чакалі і радасна віталі.

Святар часта прыходзіць сюды і ў звычайны перыяд, каб паразмаўляць з дзецьмі на складаныя рэлігійныя тэмы. 

«У мяне тут поўная манаполія», — смяецца кс. Ігар, дадаючы, што праваслаўных у Багданаве зусім мала, а тыя, якія ёсць, «падзеленыя». «У суседняй з намі вёсцы ёсць праваслаўная царква, але там жывуць стараверы. У нас большасць праваслаўных — гэта стараабрадцы, якія да католікаў адносяцца зусім па-іншаму», — гаворыць святар.  

Пасля прывітання фігуркі ў двары школы ўсе накіраваліся ў спартыўную залу, дзе адбылося набажэнства. Кс. Ігар, дзеці і настаўнікі памаліліся да Маці Божай Фацімскай, просячы ў Яе заступніцтва для сваёй школы. 

«Няхай Дух Святы асвятляе вас, дае мудрасць пазнання ў выхаванні. Няхай усе святыя апекуны-выхаваўцы, асабліва святы Ян Боска, дапамагаюць на вашым шляху. Няхай Маці Божая благаславіць вас, каб вы заўсёды былі такімі паслухмянымі, добрымі і прыгожымі, як сёння!» — пажадаў святар усім прысутным.

У школе разам з дзіцячым садам налічваецца 147 дзяцей. Гэта дзеці не толькі з Багданава, але і з бліжэйшых вёсак. Для кіраўніцтва і вучняў гэта адна з самых яркіх падзеяў года.

«Я рады, што Маці Божая прыбыла ў нашую школу. Думаю, што пасля гэтага наведвання ўсё стане знашчна лепшым, а дзеці будуць болей верыць», — сказаў Арцём Русаковіч, вучань 11 класа.

«Сустрэча з Маці Божай для ўсіх вельмі асабістая, і кожны перажывае гэтую перэгрынацыю па-свойму. Асабіста я перажываю яе глыбока, бо ў мяне веруючая сям’я і я хачу, каб у нас усё было добра ў сям’і і школе, у знаёмых, а таксама ў дзяржаве», — гаворыць школьны псіхолаг Святлана Буйко.

Для Каці, вучаніцы 6 класа, перэгрынацыя таксама мае вялікае значэнне. Дзяўчынка распавяла, што ходзіць у касцёл часта і з найбольшаю ахвотаю і задавальненнем спявае песні падчас Імшы. 

Гэта не першая перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай, якую праводзіць кс. Ігар Лашук у сваіх парафіях. Першая была ў далёкім 2000-м. Той час святар узгадвае з асабліваю цеплынёю. 

«Тады я быў пробашчам парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Мінску. Мы маліліся ў актавай зале, прасілі ў Бога хутчэй атрымаць зямельны надзел, каб будаваць касцёл. Памятаю вельмі добра наш уздым веры ад таго наведвання. Чаму ўздым? Бо тады яшчэ жыло шмат адданых вернікаў з часоў пераследу Касцёла. Цяпер яны ўсе ўжо памерлі. Прайшло сямнаццаць гадоў. Тая малітва плыла з сэрцаў. Малітва адданая, бязмежная. Людзі гатовыя былі начамі не спаць, каб памаліцца. І я дзякую Марыі за тое, што Яна і цяпер не забываецца пра мяне. Буду старацца і я пра Яе не забывацца», — сказаў святар. 

Наступным пунктам перэгрынацыі фігуркі Маці Божай Фацімскай была вёска Вайганы. Там адбыўся Крыжовы шлях. Перыядычна мы спыняліся і кс. Ігар благаслаўляў дамы і іх жыхароў. Некаторыя людзі сустракалі Маці Божую Фацімскую цэлымі сем’ямі.

«Хочацца, каб спакой быў, каб усё добра ў людзей было», — падзялілася Ганна Генадзьеўна з Вайганаў. А іншая жыхарка вёскі, Яўгенія Шымбар, распавяла, што ўсё сваё жыццё хадзіла ў касцёл: раней — у Вішнева, потым — у Багданава, а цяпер яна моліцца ў асноўным дома, бо здароўе не дазваляе шмат хадзіць. «У хаце дарогі крыжовыя адпраўляю. Як магу, так і малюся», — гаворыць жанчына.

«Гэта вялікае шчасце для нас. Мы вельмі задаволеныя», — дзеліцца парафіянка Марыя Ластоўская.

Прайшоўшы Крыжовай дарогаю праз усю вёску і памаліўшыся, жыхары развітваюцца з фігуркаю Маці Божай Фацімскай.

«Мы вельмі рады, што Маці Божая ў вобразе фацімскай фігуры наведала нашую такую далёкую, забытую вёсачку. Мы віталі Яе так, як змаглі. Яна прыйшла ў кожны наш дом. Маем надзею, што і ў сэрца кожнага парафіяніна. Спадзяемся, што з наведваннем Маці Божай Фацімскай нашае жыццё зменіцца: мы хутчэй пазбавімся ад цяжкіх грахоў, звычак і недахопаў, і Яна дапаможа кожнаму з нас больш глыбока пазнаваць Бога, шчыра прымаць веру ў свае сэрцы. Дзякуем Богу і Найсвяцейшай Маці за гэтае наведванне», — узрушана, са слязьмі на вачах, кажа парафіянка Марыя Працкевіч.

Развітаўшыся з жыхарамі Вайганаў, разам са здымачнаю групаю Юрыя Гарулёва едзем на конях у наступную вёску — Залясоўшчына. 

Прамы шлях займае ўсяго чатыры кіламетры, але вясною аўтамабілем туды не праедзеш, таму дабіраемся на возе. 

Хвілін сорак — і мы на месцы. З песнямі, па дарозе, засланай галінкамі дрэваў, прайшлі ў мясцовую капліцу, дзе адбылося набажэнства Вялікай пятніцы.

Потым фігурка вырушыла ў наступныя вёскі — Селішчы і Рымавічы. Перэгрынацыю там праводзіў кс. Дзмітрый Пухальскі, пасля чаго ў мясцовай капліцы фігурка засталася на ноч. У наступныя дні перэгрынацыі Маці Божая ў сваёй слаўнай фігурцы завітала ў вёскі Гербяняты, Алянава, Зарэчная, Дзертнікі і Яхімаўшчына. Не абмінула таксама і чыгуначную станцыю Багданава, а 22 красавіка была перададзеная ў Маладзечанскі дэканат.


Марына Валасар
Фота аўтара

 

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла