Належаць да парафіі Маці Божай Фацімскай

"Калі я стала думаць, што для мяне значыць належаць да парафіі Маці Божай Фацімскай, мне адразу захацелася распавесці пра штодзённы ружанец перад cвятой Імшой, пра набажэнствы першых суботаў месяца, пра Фацімскія чуванні, пра Марыйныя працэсіі, пра перэгрынацыю фігуры Маці Божай з Фацімы і яе значнасць для парафіі. Але, перабіраючы ў памяці ўсе прыгожыя падзеі, я зразумела, што гэтага мала, бо адказ хаваецца недзе глыбей ці, наадварот, ён зусім на паверхні..." Досведам прыналежнасці да парафіі Маці Божай Фацімскай у Жодзіна дзеліцца маладая парафіянка Паліна Грыб.


…Гісторыя нашай парафіі распачалася з поля. Так, на тым самым полі, дзе цяпер стаіць святыня, калісьці не было нічога, толькі пляц пад будучы касцёл. Здавалася б, пустка, але тады для нешматлікіх парафіянаў — каштоўная і вельмі важная зямля, на якой хутка павінна была паўстаць не толькі святыня, але і моцная, вялікая супольнасць вернікаў.

Цяпер, ідучы на ўрачыстасці ў касцёл, мне цяжка ўявіць, што некалі ўсе жодзінскія католікі змяшчаліся ў невялікім будаўнічым вагончыку. Туды прыходзілі на Імшу, там хрысцілі дзяцей, там сустракалі галоўныя святы, там традыцыйна маліліся на ружанцы. Пакрысе побач пачынала будавацца і паўставаць святыня, а да супольнасці вернікаў далучаліся ўсё новыя і новыя людзі. Змянялася парафія, змяняліся абставіны, але заўсёды заставалася нястомная малітва. З цягам часу прастора пашырылася да памераў вялікага светлага касцёла, і сёння ўжо вагончык не змясціў бы і адной чацвёртай жодзінскай парафіі. Касцёл стаў прытулкам не толькі для тых, хто з дзяцінства ідзе па жыцці з Хрыстом, але і для тых, хто Бога ў сваім жыцці пачаў шукаць у дарослым узросце...

Дык вось, аналізуючы ўвесь гэты час, ад самага пачатку і да цалкам занятых лавак у касцёле сёння, я вельмі выразна адчула, што фацімская гісторыя — гэта больш, чым знакавая падзея.

Сапраўды, пачыналася ўсё, як і ў Фаціме, з поля і з некалькіх людзей, якія вельмі прагнулі Бога. А потым, праз малітву, праз ружанец, праз ушанаванне Божай Маці, Бог адорваў парафію сваімі ласкамі — будаваўся касцёл, павялічвалася супольнасць, удзяляліся сакрамэнты. І, нібы ў партугальскай гісторыі, да жодзінскай Фацімскай Божай Маці таксама пачалі сыходзіцца людзі, каб мець магчымасць на свае вочы бачыць і перажываць найвялікшы цуд — Эўхарыстыю.

Вялікім благаслаўленнем жодзінская парафія адораная яшчэ і таму, што апякуюцца ёю айцы марыяне. Марыйная духоўнасць гэтага ордэну вельмі ўзбагачае парафію, да таго ж яна сугучная фацімскім аб’яўленням. Адным з харызматаў марыянаў з’яўляецца малітва за душы чыстцовыя — да гэтага ж заклікала ўвесь свет Марыя ў Фаціме. Кожную сераду парафіяльная супольнасць таксама далучаецца да гэтых малітваў праз удзел у Нешпарах за памерлых.

Фацімскія заклікі Божай Маці рэалізуюцца ў нашай парафіі і праз дзеянне Легіёну Марыі, які з кожным годам павялічваецца. Гэтае аб’яднанне вернікаў не толькі асаблівым чынам ушаноўвае ружанцовую малітву, але і дае ўсім прыгожы прыклад веры і наследавання Найсвяцейшай Панны праз паслугу для тых, каму асабліва патрэбныя Божая дапамога і міласэрнасць.

Можа таму, што ў 1917 годзе Марыя асаблівым чынам аб’явілася менавіта дзецям, у наш час і ў нашай парафіі ёсць моцнае шанаванне Божай Маці менавіта дзецьмі праз існаванне дзіцячай галіны Легіёну Марыі. Гэтае аб’яднанне маленькіх вернікаў узнікла зусім нядаўна, але ўжо актыўна дзейнічае і прываблівае да сябе ўсё новых удзельнікаў.

Любоў дзяцей да Марыі праяўляецца не толькі праз удзел у Легіёне — зусім маленькія парафіяне маюць магчымасць далучыцца да ўшанавання Божай Маці падчас працэсій першых нядзеляў месяца, а таксама ў кастрычніку, калі пасля кожнай Імшы на 11 гадзін пры дапамозе бацькоў моляцца на ружанцы.

Немагчыма не згадаць таксама пра Фацімскія чуванні, якія адбываюцца ў кожны дванаццаты дзень месяца з ліпеня па кастрычнік. На гэтыя вечаровыя набажэнствы звычайна збіраецца ўвесь касцёл, каб разам адзначыць надыход гадавіны чарговых набажэнстваў і ў супольнай малітве папрасіць Бога аб прабачэнні грахоў і дапамозе тым, каму асабліва патрэбна Яго міласэрнасць: так, як аб гэтым прасіла Маці Божая ў Фаціме ў далёкім 1917 годзе…

Ва ўсіх гэтых падзеях, сустрэчах і малітвах вельмі яскрава пачынае праяўляецца цесная сувязь жыцця нашай парафіі са, здавалася б, далёкай фацімскай гісторыяй.

…Што для мяне значыць належаць да парафіі Маці Божай Фацімскай? Гэта значыць быць часткаю вялікай сям’і, адчуваць сябе любімай дачкой Нябеснай Маці. Гэта значыць асаблівым чынам удзельнічаць у Марыйных набажэнствах, больш адказна брацца за ружанец па-за набажэнствамі. Гэта значыць, прыходзячы ў касцёл і становячыся на калені перад алтаром, бачыць перед сабою не проста абраз, але і святы вобраз Найсвяцейшай Панны Марыі, якая аб’явілася не толькі ў Фаціме сто гадоў таму, але і працягвае прабываць з кожным з нас у кожны дзень нашага жыцця.

«Дзіця маё, Я ніколі не пакіну цябе, Маё Беззаганнае Сэрца будзе тваім прытулкам і шляхам, які прывядзе цябе да Бога» (з аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме 13 чэрвеня 1917 г.).


Паліна Грыб

 

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла