Апошнія словы Жасінты

У 1920 г., калі хворая Жасінта Марто трапіла ў сіроцкі прытулак Лісабона, а пасля ў шпіталь, пра яе клапацілася маці Марыя Гадзінью ад Ахвяравання Пана. Яна запісвала апошнія словы дзяўчынкі-візіянеркі, якія вызначаліся асаблівай пабожнай павучальнасцю. Аднойчы маці Гадзінью спытала яе: «Хто навучыў цябе столькім рэчам?», на што Жасінта адказала: «Гэта Багародзіца навучыла, але пра некаторыя рэчы я сама так думаю. Я люблю думаць». Айцец Жаао дэ Маршы пасля Аб’яўленняў Маці Божай правёў тры гады ў Фаціме, размаўляючы з асноўнымі сведкамі падзеяў і ўважліва суадносячы іх сведчанні. Ён апублікаваў гэтыя запісы ў сваёй кнізе.

Пра вайну

Багародзіца сказала, што ў свеце будзе шмат войнаў і звадаў. 

Войны — не што іншае, як пакаранне за грахі свету. 

Багародзіца не можа даўжэй утрымліваць рукі свайго ўмілаванага Сына над светам. 

Трэба пакаяцца. Калі людзі выправяцца, наш Пан можа захаваць супакой, але калі не выправяцца — прыйдзе пакаранне. 

Наш Пан глыбока абураны грахамі і злачынствамі ў Партугаліі. Вось чаму жадусны сацыяльны катаклізм пагражае нашай краіне і асабліва гораду Лісабону. Мне здаецца, што мы ўбачым, як разгараецца грамадзянская вайна анархічнага або камуністычнага характару, і яе будуць суправаджаць рабункі, забойствы, пажары і ўсялякія спусташэнні. Нашая сталіца стане сапраўды пякельным месцам. Калі засмучаная знявагамі Божая справядлівасць спашле такое жудаснае пакаранне, усе, хто зможа, няхай пакінуць горад. Вестка пра гэтае пакаранне павінна распаўсюджвацца паступова, стрымана. 

Жасінта казала, што, калі людзі не выправяцца, Багародзіца пашле ў свет пакаранне, роўнага якому ніколі не бачылі, «спачатку ў Іспанію, а пасля ў іншыя краіны». 

Пра святароў і кіраўнікоў дзяржаваў

Рупліва маліцеся за грэшнікаў!

Рупліва маліцеся за святароў!

Рупліва маліцеся за законнікаў і законніц!

Святары павінны займацца толькі справамі Касцёла.

Святары павінны быць чыстыя, вельмі чыстыя.

Непаслухмянасць святароў, законнікаў і законніц у адносінах да іх духоўных кіраўнікоў і Святога Айца вельмі абражае нашага Пана.

… Рупліва маліцеся за кіраўнікоў дзяржаваў!

Гора тым, хто пераследуе рэлігію нашага Пана!

Калі кіраўнікі дзяржаваў дадуць Касцёлу спакой і свабоду вызнання святой рэлігіі, Бог благаславіць іх. 

Пра грэх

Грахі, якія найчасцей вядуць душы ў пекла, — гэта грахі цела.

Запануюць моды, якія будуць вялікаю абразаю для Пана Бога.

Людзі, якія служаць Богу, не павінны ісці за модаю. У Касцёла няма моды. Наш Пан заўжды адзін і той самы.

Грахі свету вельмі вялікія. 

Калі б людзі ведалі, што такое вечнасць, яны б зрабілі ўсё, каб змяніць сваё жыццё. 

Людзі гінуць, таму што не думаюць пра смерць Пана нашага і не каюцца.

Ёсць шмат нядобрых сужэнстваў, якія не ад Бога і не падабаюцца Пану.

Пра хрысціянскія цноты

… Не імкніцеся да раскошы, бяжыце ад багацця. Сябруйце са святою беднасцю і цішынёю. Будзьце міласэрнымі нават да злога. Не гаварыце ні пра каго дрэнна, пазбягайце тых, хто зласловіць. Будзьце вельмі цярплівымі, бо цярплівасць вядзе нас на Неба. Утаймаванне цела і ахвяры вельмі падабаюцца Пану. 

Споведзь — гэта сакрамэнт міласэрнасці, таму трэба падыходзіць да канфесіянала з даверам і радасцю. Без споведзі няма збаўлення.

Маці Божая  жадае мець больш цнатлівых душаў, звязаных з Ёю прысягаю чыстасці.

Каб быць законніцаю, трэба быць вельмі чыстаю душою і целам. Быць чыстаю целам — значыць захоўваць парадак. Быць чыстаю душою — значыць не грашыць, не глядзець на тое, на што глядзець не варта, не красці, не хлусіць, заўжды казаць праўду, чаго б гэта ні каштавала. 

Хто не выконвае абяцанняў, дадзеных Багародзіцы, ніколі не будзе паспяховым у сваіх справах. 

Дактарам не хапае ведаў, каб належным чынам клапаціцца пра сваіх хворых, бо ім не хапае любові Божай.


Падрыхтавала Юлія Шэдзько
Паводле: Антонио А. Борелли «Фатимская весть:
трагедия или надежда?»
(«Свет в сторону востока», Париж, 2000 г.)

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла