«Чаму Бог выбраў трынаццаты дзень?»

Да стагоддзя Фацімскіх Аб’яўленняў у выдавецтве «Про Хрысто» выйшла кніга фацімскай візіянеркі, сястры Марыі Люцыі ад Езуса і Беззаганнага Сэрца пад назваю «Пасланне з Фацімы. Як я разумею Пасланне праз прызму часу і падзеяў». Сястра Люцыя па просьбе правінцыяла свайго Ордэна напісала яе за некалькі гадоў да смерці, імкнучыся ўзгадаць фацімскія падзеі ва ўсіх падрабязнасцях, якія дагэтуль не паспела нідзе апісаць, і даць ім сваю ацэнку, абапіраючыся на жыццёвы досвед. На жаль, кніга засталася незавершанаю, бо 98-гадовай сястры ўжо не хапіла сілаў дапісаць яе.   

Мы прапануем урыўкі з гэтай кнігі. 


«Чаму Бог выбраў трынаццаты дзень?»

***

Такім чынам, калі надышоў час, год і гадзіна, вызначаныя Богам, Ён накіраваў да нас Нябесную Пасланніцу, накіраваў на тую зямлю, дзе Яна была Валадаркаю, Каралеваю, Маці і Апякункаю, каб тут усталяваць алтар, каб адсюль ісці евангелізаваць усю зямлю, узносячыся, нібы на крылах святла, не дазваляючы атэізму загасіць святло веры, надзеі і любові. Яна спяшаецца сысці з Нябёсаў на зямлю, ідучы па слядах свайго праслаўленага Сына, каб не згаснуў кнот, які яшчэ тлее. Гэта адбылося ў тым адасобленым месцы, дзе ўсё запрашала да малітвы і цішыні, якое нагадвае мне месца, куды Хрыстус аддаліўся на сорак дзён і сорак начэй, каб пасціцца, маліцца і чыніць пакуту дзеля збаўлення занядбанага чалавецтва, якое згубілася ў бездані граху, як нам было сказана з таго часу: «Шкадуйце за грахі і кайцеся, інакш вы ўсе гэтак жа загінеце». 

***

Чаму Бог выбраў трынаццаты дзень? Я не ведаю, але ўсё жыццё я шмат разважала пра гэтую дробязь і пыталася ў сябе, якое значэнне мог мець выбар трынаццатага дня? Не ведаючы, як адказаць сабе на гэтае пытанне, аднойчы я падумала: «Можа, выбар звязаны з таямніцаю Найсвяцейшай Тройцы? Адзінага Бога ў трох розных Асобах: Айца, Сына і Духа Святога?» Я працягвала разважаць над гэтаю думкаю: Адзіны Бог, Тры розныя Асобы: Айцец, Сын і Дух Святы. Можа, гэтае значэнне хацеў укласці Бог? Я не ведаю, але для мяне гэта было як бляск новага святла. 

***

«Калі вы ўбачыце ноч, асветленую незвычайным святлом, ведайце, што гэта вялікі знак, які дае вам Бог, каб паказаць, што мае намер ачысціць свет ад яго беззаконняў праз вайну, голад і пераслед Касцёла і Святога Айца». 

Гэта не азначае, што Бог жадае вайны, Бог — Пан спакою, дабра і любові: «Любіце адзін аднаго так, як Я палюбіў вас». Гэта Закон Пана, Яго першая і апошняя запаведзь. 

Аднак Ён дапускае войны, гэтак жа, як дапускае мноства іншых грахоў на зямлі дзеля дару свабоды, які даў людзям, бо Ён жадае, каб Яму служылі, былі Яму паслухмянымі і любілі Яго дабравольна, а не пад прымусам. Калі людзі выкарыстоўваюць гэты дар, каб чыніць зло, яны нясуць адказнасць перад Богам, перад сваім сумленнем, перад чалавецтвам, якое пакутуе ад наступстваў іх памылак. Для Божага народа гэтыя наступствы маюць ачышчальную моц, бо дапамагаюць пазбавіцца ад уласных грахоў і грахоў, у якіх патанае чалавецтва. 

«Каб прадухіліць вайну, я прыйду прасіць аб прысвячэнні Расіі Майму Беззаганнаму Сэрцу і аб Камуніі перапрашэння і кампенсацыі ў кожную першую суботу». 

Так, бо прысвячэнне Беззаганнаму Сэрцу Марыі ўсталёўвае сувязь, якая яднае з Маці містычнага Цела Хрыста і з Хрыстом, прысутным у Эўхарыстыі, нашым штодзённым Хлебам. Айцу будзе ахвяраваная годная кампенсацыя, каб перапрасіць за Яго народ, які пілігрымуе па зямлі. 

Аднак, бачачы, што Яе просьба не будзе выслуханая, нашая Пані казала далей: «Калі мае просьбы будуць выслуханыя, Расія навернецца і настане супакой, калі ж не, яе памылкі распаўсюдзяцца па свеце, выклікаючы войны і пераслед Касцёла. Добрыя людзі стануць пакутнікамі, Святы Айцец будзе шмат цярпець, многія народы будуць знішчаныя». 

***

У гэтых малітвах заключаны ўвесь сэнс нашага духоўнага жыцця, жыцця ў веры, пакланенні, надзеі і любові. Гэта любоў ачышчае нас, надзяляе годнасцю, асвячае нас і ажыўляе, перадаючы нам Божае Жыццё, як кажа нам Езус Хрыстус у сваім Евангеллі: «Хто мае запаведзі Мае і захоўвае іх, той любіць Мяне. А хто любіць Мяне, таго палюбіць Айцец Мой, і Я палюблю яго, і аб’яўлюся яму… і палюбіць таго Айцец Мой, і прыйдзем да яго, і зробім жыллё ў яго» (Ян 14, 21–24).

Такім чынам, Бог — маё жыллё, мая Святыня, Жыццё майго жыцця і Істота маёй істоты, без Яго мяне няма, ад Яго я атрымала існаванне, каб любіць Яго, служыць Яму, пакланяцца Яму з вераю, надзеяй і даверам, у поўнай самаадданасці Яго любові да мяне. 

***

Для Яе не існуе перашкодаў і межаў, усе шляхі становяцца роўнымі, а Яна праходзіць па іх як Пані, Каралева і Маці, усе радасна вітаюць Яе і праслаўляюць Яе, укленчыўшы каля Яе ног, просячы прабачэння, ласкі, сілы і святла, веры і любові, нават тыя, хто не верыць, не мае надзеі, не давярае і не любіць. Менавіта гэта пацвярджаюць сведчанні, напісаныя і апублікаваныя Марыяй Тэрэзай Перэйра да Кун’я, відавочцаю, якая была адной з галоўных асобаў у суправаджэнні фігуры нашай Пані падчас Яе першай сусветнай Пілігрымкі, і іншыя дакументы, якія яшчэ знаходзяцца ў архівах. 

Гэтая Пілігрымка яшчэ не завяршылася, і дзе б яна ні праходзіла, яна нясе з сабою святло веры, надзеі, даверу і любові, падаючы матчыну руку дзецям, якія збочылі са шляху, каб давесці іх да дому Айца. У Небе, як сказаў Езус Хрыстус, «шмат жытла», дзе ўсе мы знойдзем месца сабе — дастаткова толькі, каб мы не жадалі аддаляцца ад дому Айца. 


Пераклад з іспанскай мовы Юліі Шэдзько
Паводле: Hermana María Lucía de Jesús y del Corazón Inmaculado,
«El Mensaje de Fátima. Cómo veo ei Mensaje a través de los tiempos y de los acontecimientos»
(Carmelo de Coimbra, Secretariado dos Pastorinhos, 2006)

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла