Першы касцёл Маці Божай Фацімскай

На поўначы Баранавічаў узвышаецца вежа касцёла Маці Божай Фацімскай — першай на тэрыторыі Беларусі святыні, названай у гонар Марыі з Фацімы. Парафія ў Паўночным мікрараёне Баранавічаў была заснаваная ў 1993 годзе, а святыня ўзведзена праз тры гады дзякуючы намаганням біскупа Элцкага Ежы Мазура SVD (Польшча) і мясцовых вернікаў. У 1996-м годзе касцёл асвяціў кардынал Казімір Свёнтэк. Праектаваннем святыні ў стылі авангард займаўся венгерскі архітэктар Дэлё Ламі.


Дваццаць гадоў прайшло з таго часу. Сёння касцёл на Паўночным — адно з любімых месцаў католікаў не толькі Баранавічаў, але і іншых гарадоў. Кожны год менавіта адсюль стартуе пілігрымка да Маці Божай Будслаўскай. Шмат моладзі і людзей сталага веку прыязджае сюды, каб памаліцца.

У касцёле дзейнічаюць розныя каталіцкія суполкі і рухі. Сярод іх — Легіён Марыі, Маці ў малітве, Жывы Ружанец, Апостальства дапамогі душам чыстцовым, «Неакатэхуменат», нават ёсць свой моладзевы гурт. 

Адметна, што менавіта ў касцёле Маці Божай Фацімскай у Баранавічах былі арганізаваныя самыя першыя групы Легіёну Марыі ў Беларусі.

«Я задаволены, што яны ёсць. Калі штосьці трэба дапамагчы або зрабіць пры касцёле, то яны гатовыя. Калі паміраюць католікі, але ў сям’і больш католікаў няма, родныя нябожчыкаў часам не ведаюць, як сябе весці падчас пахавання. Тады я тэлефаную легіянеркам і кажу, што трэба дапамагчы. Яны наведваюць таксама хворых, бо ў мяне не часта атрымліваецца да іх прыходзіць. Таму стараюся, каб легіянеры падтрымлівалі кантакты з гэтымі людзьмі», — распавёў пробашч парафіі Маці Божай Фацімскай у Баранавічах айцец Конрад Патыка SVD, які 19 красавіка адзначыў 20-годдзе свайго святарства. 

Узначальвае парафію айцец Конрад зусім нядаўна — са снежня мінулага года (да гэтага 14 гадоў пробашчам быў кс. Януш Фэштэр SVD). 

«Людзі вельмі адкрытыя. Калі я сказаў, што трэба зрабіць суботнік, яны прыйшлі. Зрабілі нават болей, чым я хацеў. Тое ж адносіцца і да прысутнасці на набажэнствах», — дадае святар. 

Сваю дзейнасць у касцёле актыўна разгарнуў рух «Сужэнскія сустрэчы». Айцец Конрад займаецца ім з самага пачатку яго існавання на Беларусі, вось ужо 13 гадоў,  і гэтая дзейнасць яму вельмі падабаецца.

За неакатэхуменат адказвае былы пробашч парафіі кс. Януш Фэштэр. Дарэчы, менавіта падчас служэння кс. Януша ў Баранавічах удалося адкрыць першую неакатэхуменальную суполку. 

Прыехаўшы для служэння ў Беларусь з Польшчы ў сярэдзіне дзевяностых, кс. Януш Фэштэр вельмі здзівіўся, што ў мясцовых касцёлах Імшы праводзяцца на польскай мове, а насельніцтва амаль зусім не размаўляе па-беларуску.

«Я адчуваў сябе некамфортна, служачы Імшы ў Беларусі па-польску. Мне хацелася, каб усё ўсім было зразумела, таму сам амаль зусім не размаўляў па-польску, а толькі па-руску ці беларуску. Імкнуўся нават складаныя багаслоўскія пытанні перакласці на мову, зразумелую кожнаму чалавеку», — распавёў кс. Януш. 

Святар першым увёў у Баранавічах цэлебрацыю Імшы на беларускай мове, хоць на той час яшчэ не было беларускага Імшала і даводзілася карыстацца часовым перакладам. 

Парафія ў гонар Марыі вельмі насычаная малітвамі да Яе. Штодзённа вернікі моляцца Ружанец. Кожную першую суботу месяца адбываюцца Марыйныя набажэнствы, а з мая па кастрычнік 13 чысла кожнага месяца праходзіць фацімскае набажэнства. 

«Сюды зручна дабірацца. Вельмі добры пробашч. І парафіяне ўсе прыветлівыя. Другі год я тут наведваю групу малітвы за душы ў чыстцы, а таксама групу Жывога Ружанца. Прыходзіць нас дзесьці чалавек 20-25», — распавяла парафіянка Данута Краўцова.

Катэхезы для дзяцей і моладзі ў парафіі Маці Божай Фацімскай праводзіць сястра Марыя Магдалена з Ордэну сясцёр місіянерак Святой Сям’і, кляштар якога знаходзіцца каля касцёла. 

Сястра апякуецца таксама моладзевым музычным гуртом. Асновам музычнага мастацтва моладзь вучыць іншая законніца — сястра Валерыя. Музыканты граюць кожную нядзелю на вечаровай Імшы, а таксама на розных парафіяльных урачыстасцях.

«Я ўбачыла вялікае жаданне і бляск у іх вачах – яны хацелі гэтага. Да ўсяго, у мяне была першапачатковая задумка праслаўляць Бога менавіта на літургіі, а не на канцэртах», — распавяла сястра Марыя Магдалена. 

Законніца родам з Расіі, прыехала ў Баранавічы з далёкай Сібіры. Як яе сюды «занесла», нават не ведае: відавочна, што так захацеў Бог, які паклікаў яе да служэння зусім нечакана. «Я нават сям’ю хацела, дзяцей, але Богу не змагла адмовіць», — падзялілася манахіня. 

У парафіі сястра служыць з верасня мінулага года, але за гэты час ужо паспела пасябраваць з моладдзю і дзецьмі. Праводзіць катэхезы прыкладна для 100 дзяцей, 14 з якіх у гэтым годзе прымуць Першую святую Камунію, а на моладзевыя катэхезы рэгулярна прыходзіць каля 20-ці чалавек. 

«Гэты касцёл знаходзіцца найбліжэй да мяне, а яшчэ тут шмат маіх знаёмых. Хаджу сюды яшчэ таму, што тут ёсць моладзевы музычны гурт. Я граю на бас-гітары і спяваю. Мы заўсёды разам рэпеціруем і рыхтуемся да нядзельнай Імшы. Гэта дапамагае мне не канцэнтравацца на сабе, а рабіць супольную справу. Супольнасць — гэта самае важнае для мяне», — гаворыць студэнтка Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Марыя Голад.

Кожны год 13 мая на свята Маці Божай Фацімскай у парафіі на Паўночным адбываецца фэст, на які па традыцыі запрашаюцца ўсе жадаючыя. У гэтым годзе адбылося першае выступленне парафіяльнага моладзевага гурта на «вялікай сцэне». 

Першы касцёл у гонар Маці Божай Фацімскай у Беларусі ўжо адзначыў 20 гадоў свайго існавання і выгадаваў цэлае пакаленне вернікаў. Пажадаем яму працягваць у тым жа духу і пад апекаю Найсвяцейшай Панны Марыі пашыраць евангелізацыйную дзейнасць на землях нашай краіны. 


Марына Валасар
Фота аўтара і з архіва парафіі
Маці Божай Фацімскай у Баранавічах

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла