Едзем у Шуміліна!

Два разы на год мы ў Наваполацку робім гэта арганізавана: замаўляем аўтобус і едзем у Шуміліна. 13 мая і 13 кастрычніка. На дзень успаміну пачатку аб’яўленняў у Фаціме і на іх завяршэнне. Мы — гэта група парафіянаў, якія любяць Маці Божую, сэрцам прынялі Фацімскія аб’яўленні і за гэты час палюбілі таксама Шуміліна з ягоным касцёлам Маці Божай Фацімскай. Дарэчы, чуванні ў Шуміліне адбываюцца 13 чысла кожнага месяца, ад мая да кастрычніка, гэтак, як і ў Фаціме адбываліся сустрэчы Маці Божай з дзецьмі. Вядома, здалёк ездзіць штомесяц не выпадае, але майскія і кастрычніцкія сустрэчы памятаюцца доўга.


Шумілінская традыцыя

Яна, як і належыць касцёлу, што носіць імя Маці Божай Фацімскай, нарадзілася з саміх аб’яўленняў Маці Божай. І вось ужо больш за дзесяць гадоў сюды прыязджаюць, а найбольш адважныя прыходзяць, пілігрымы… З году ў год мы збіраемся для таго, каб разам памаліцца, павітацца адзін з адным і з Маці Божай. Так было яшчэ тады, калі парафія мясцілася ў цесным пакойчыку недабудаванага гмаху Дома культуры. Тады, памятаецца, мы перажывалі, каб хоць пашанцавала ўвайсці ў невялічкую капліцу, каб не застацца на вуліцы. Дарэчы, нам заўсёды шчасціла трапіць у яе, мабыць, таму, што мы, іншагароднія, прыязджалі загадзя. Напэўна ж, мясцовым парафіянам было крыўдна, што прыезджыя займаюць месца блізу алтара ды Маці Божай, але нам ні разу не давялося пачуць ад іх наракання з гэтае прычыны. Наадварот, мы заўсёды адчуваем толькі цеплыню і гасціннасць. Ну а калі клопатам місіянераў аблатаў Беззаганнай Марыі, якія апякуюцца гэтым месцам, было завершана ўзвядзенне будынка касцёла, праблема месца адпала сама па сабе…

Адарацыя

Менавіта адарацыяй распачынаецца кожная нашая сустрэча. Яна дапамагае пілігрымам адразу засяродзіцца на малітве, памятаць, Хто знаходзіцца ў цэнтры Фацімскіх аб’яўленняў. Зрэшты, кожнае аб’яўленне Маці Божай у розных кутках свету — гэта клапатлівы зварот Маці да сваіх дзяцей і напамін пра тое, як важна ўсім нам не парваць сувязі з Яе Сынам.

…У ціхай, засяроджанай малітве вернік на адарацыі нібы спыняе бег свайго штодзённага, часта такога мітуслівага жыцця, каб паразважаць пра самае галоўнае. І, хіба што, не так важна, ці разважаеш ты ў гэтыя хвіліны над вельмі сур’ёзнымі праблемамі, над тэкстамі Святога Пісання, альбо ўслед за дзецьмі з Фацімы проста ўсклікаеш у сэрцы: «Езу мой, люблю Цябе! Ласкавае сэрца Марыі, будзь маім збаўленнем!».

Святая Імша

Часам яе цэлебруе шмат святароў, часам — біскуп, а калі-небудзь — толькі айцы аблаты ды хтосьці з айцоў дамініканаў, хто прывядзе групу пілігрымаў з Віцебска на свята ў Шуміліна. Але вазьму на сябе смеласць сказаць, што святая Імша таксама ўспрымаецца тут неяк па-асабліваму. Можа таму, што мы ўвесь час адчуваем тут прысутнасць нашай Маці, якая рупліва збірае нас, сваіх дзяцей, на гэтыя сустрэчы.

Ружанцовая працэсія

І, вядома ж, важная ў гэты час малітва на Ружанцы — як і наказала нам Маці Божая ў Фаціме. Кожны раз пасля святой Імшы мы выходзім з касцёла, каб разам з Марыяй прайсці ў малітве вакол яго, па прыгожым прыкасцёльным двары. Пад ціхі пошум соснаў узлятае ўвысь малітва многіх сэрцаў. На кожнай таямніцы зачытваецца шмат просьбаў-інтэнцый, складзеных намі да падножжа Маці Божай. Молімся зазвычай з узнятымі ўгору рукамі — просім Неба ласкава выслухаць малітвы многіх і многіх сэрцаў. Фігуру Маці Божай нясуць па чарзе ў часе ружанцовай малітвы дзеці, сёстры законніцы, студэнты, старэйшыя вернікі… Для ўсіх Яна — Маці.

Не ведаю, як іншых, а мяне ў Шуміліне заўсёды не пакідае дзіўнае адчуванне прыналежнасці да вялікай сям’і Яе дзяцей. Як у кожнай сям’і, у ёй таксама шмат праблемаў, часта вельмі складаных. Але калі ў сям’і пануюць ўзаемная зычлівасць, павага і любоў, калі ў ёй шануецца і прымаецца аўтарытэт кожнае матчына слова, то гэта здаровая сям’я, і ўсе яе праблемы вырашаюцца ў згодзе з Божай воляй.

Тут смачна частуюць…

Здаецца, ні разу мы не вярнуліся дахаты, не пачаставаўшыся смачнай вячэрай, не паслухаўшы прыгожых спеваў. Гэта ўжо проста неад’емная частка праграмы. І як жа прыемна ў такія хвіліны перакінуцца з кімсьці словам, сустрэць чалавека, якога можна зазвычай убачыць толькі тут, у Шуміліне!.. І гэта таксама — прыкмета дружнай сям’і, якая за дзесяць з лішнім гадоў сама па сабе ўтварылася ў Шуміліне. Ды толькі ў сапраўднасці мы добра ведаем, што стварылася яна, гэтая сям’я, зусім не выпадкова, бо так пажадала Яна, Маці Божая. І дзякуй Богу, што знайшліся людзі, якія пачулі Матчына жаданне і рэалізавалі яго ў жыццё.
Насуперак галасам скептыкаў…

Былі яны, гэтыя галасы, на самым пачатку, калі грувасткі гмах даўгабуду быў перададзены Касцёлу. «Хіба магчыма з гэтага штосьці зрабіць? Каму гэта патрэбна — пару дзясяткам шумілінскіх вернікаў?» — такое і штосьці падобнае можна было тады пачуць…

Сапраўды, вернікаў у Шуміліне не так ужо й багата. Ды толькі скептыкі не ўлічылі, што малітва можа тварыць цуды. Бо малітва той невялікай групы шумілінскіх вернікаў, якая трывала ў 90-я гады мінулага стагоддзя ў адным з прыватных дамоў, была настойлівай і цярплівай: хто стукаецца, як сказана ў Евангеллі, таму абавязкова адчыняць дзверы.

І дзверы расчыніліся. Не толькі перад намі, пілігрымамі, але і для жыхароў аддаленых вёсак шумілінскай парафіі, у якія місіянеры аблаты панеслі Божае слова. У гэтай парафіі праводзіцца катэхізацыя не толькі дзяцей, але і дарослых таксама. Вечарамі, у буднія дні, прыязджаюць па чарзе ў нейкую хату айцы аблаты з сёстрамі, каб весці з мясцовымі вернікамі размову пра хрысціянскую веру. У адзін дзень такая сустрэча адбываецца ў адной вёсцы, у другі, трэці — у іншых… Гэта дапамагае людзям, якія доўгія гады жылі без Бога, прыняць цяпер Божае слова ва ўсёй яго сіле і праўдзе. Сёлета тэмаю такіх сустрэчаў сталі Фацімскія аб’яўленні.

Дзверы расчыніліся таксама і для многіх хворых, адзінокіх, састарэлых, нямоглых. Іх расчынілі сёстры міласэрнасці з супольнасці святога Вінцэта дэ Поля, якія служаць у Шуміліне і з асаблівай любоўю апякуюцца ўсімі, каму гэтая апека неабходная.

Касцёл Маці Божай Фацімскай раз-пораз расчыняе свае дзверы таксама для моладзі і дзяцей з іншых парафій Беларусі, якія маюць жаданне паўдзельнічаць у выяздных рэкалекцыях альбо правесці тут свае «Канікулы з Богам».

Словам, скептыкі памыліліся. І дзякуй Богу! Дзякуй таксама місіянерам аблатам і сёстрам міласэрнасці за іх гасціннасць, дзякуючы якой мы, пілігрымы, адчуваем сябе ў Шуміліне як сярод сваіх добрых сяброў. А яшчэ дзякуй Маці Божай Фацімскай, бо гэта Яна збірае тут нас усіх, сагравае сваёй Матчынаю апекаю, настаўляе, вучыць, атуляе цяплом і лагодаю.

Таму — да новых сустрэчаў у Шуміліне!


Ірына Жарнасек
Фота з архіва парафіі Маці Божай Фацімскай у Шуміліне

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла