Нас сабрала Маці Божая

Сёлета, калі мы адзначалі 100-гадовы юбілей Фацімскіх аб’яўленняў, цяжка ўявіць, што яшчэ 25 гадоў таму ў Беларусі мала хто ведаў пра аб’яўленні Маці Божай у Фаціме. Затое Маці Божая добра ведала пра нашую Беларусь, якая тады ўваходзіла ў склад СССР. Менавіта за Расію Багародзіца прасіла Божы люд у Фаціме нястомна маліцца. Сама Марыя ахінула Матчыным покрывам нашую краіну, дзе распачалося духоўнае адраджэнне, у якое актыўна ўключылася не толькі святарства, але і свецкія асобы.


Менавіта свецкія людзі на чале з Алінаю Новікавай арганізавалі тады Дабрачынны грамадскі фонд «Маці Божая Фацімская», каб распаўсюджваць вестку пра фацімскія пасланні Багародзіцы.

Хутка дзейнасць гэтага фонду стала разнастайнаю і шматбаковаю: з’явіліся часопісы «Ave Maria», «Наша вера», распачалася праца па пашырэнні культу Божай Міласэрнасці і па абароне ненароджаных дзяцей. Дзясяткамі тысяч разыходзіліся па Беларусі невялічкія кніжачкі — «Мірны план Маці Божай Фацімскай», «Езу, давяраю Табе», часопісы «Дар жыцця» і хрысціянскія ўлёткі. Сотнямі тысячаў друкаваліся абразкі Езуса і Марыі з малітвамі, якія імгненна разыходзіліся. У школы і навучальныя ўстановы пайшлі валанцёры з лекцыямі пра дашлюбную чысціню і абарону жыцця. Пайшлі валанцёры і ў гінекалагічныя аддзяленні, дзе робяць аборты, каб ратаваць ненароджаных дзяцей. З дапамогаю ўрачоў, якія супрацоўнічалі з Фацімскім фондам, пачалі праводзіцца курсы па тэме адказнага бацькоўства і натуральных метадаў хрысціянскага «планавання» сям’і. Духоўнае ўсынаўленне ненароджаных дзяцей таксама арганізоўвалася ўдзельнікамі Фонду «Маці Божая Фацімская», як і распаўсюджванне Міжнароднага Жывога Ружанца ў інтэнцыі трыумфу Беззаганнага Сэрца Марыі.

Пазней Дабрачынны фонд «Маці Божая Фацімская» быў перарэгістраваны ў каталіцкую дабрачынную «Місію Маці Божай Фацімскай».

Ірына Жарнасек, Аліна Новікава, Крыстына Лялько падчас абмеркавання чарговага нумара часопіса «Ave Maria». 1996 г.

Сёння Аліна Новікава і Галіна Калевіч успамінаюць пра тое, як усё пачыналася, з якімі цяжкасцямі даводзілася сутыкацца і як Божая ласка спрыяла дзейнасці Місіі.

Аліна Новікава, дырэктар выдавецтва «Про Хрысто»:

— Пачалося ўсё з фігуры Маці Божай Фацімскай. Я першы раз трапіла на рэкалекцыі ў Польшчу, і адна жанчына, якая была там, падаравала мне фігурку Маці Божай Фацімскай. З гэтага моманту Маці Божая цалкам завалодала маім сэрцам, і не толькі маім. Сабралася нас, некалькі католікаў (Крыстына Лялько, Яраслаў Чапля, Эльвіра Палінеўская) і вырашылі заснаваць Дабрачынны грамадскі фонд «Маці Божая Фацімская». Пра аб’яўленні Маці Божай у Фаціме тады, ў 1991 годзе, мала хто ведаў. Архідыяцэзія не была яшчэ тады зацверджана дзяржаваю, таму афіцыйна нельга было нічога ні выдаваць, ні распаўсюджваць. Але Дабрачынны фонд даваў магчымасць развіваць справу евангелізацыі. Мы вельмі радаваліся, калі фонд зарэгістравалі. Гэта быў першы цуд, які споўніўся на нашых вачах. Цяпер мы маглі ўжо зарэгістраваць каталіцкія выданні — часопісы «Ave Maria», «Наша вера», а таксама выдаваць розныя брашуркі і кніжкі. Вялікую падтрымку ў той час мы атрымалі ад святой памяці Зоф’і Сордыль, місіянеркі, якая прыехала з ЗША разам з журналістам Уэйнам Уэйблам, каб дапамагчы арганізаваць канферэнцыі пра аб’яўленні Маці Божай у Меджугор’і. Першая падтрымка нашай працы была менавіта ад іх.

Зоф'я Сордыль і Крыстына Лялько з першай друкарскай прадукцыяй. 1995 г.

Дарэчы, часопіс «Ave Maria» і нашу працу благаславіў святы Ян Павел II, калі галоўны рэдактар часопіса Крыстына Лялько была ў яго на аўдыенцыі ў 1994 годзе ў летняй папскай рэзідэнцыі Кастэль Гандольфа.

Назва часопіса «Ave Maria» прыйшла нібы сама сабою — здавалася, хтосьці дыктуе і скіроўвае нас. Словы, якія змешчаны на вокладцы часопіса: «Урэшце Маё Беззаганнае Сэрца затрыўмфуе» таксама нібы нехта прапанаваў звыш. Тады ніхто з нас добра не ўсведамляў, што яны азначаюць. Дзякуючы літаратуры на польскай мове і святарам з Польшчы, якія працавалі ў Беларусі, мы ўсё больш і больш знаёміліся з фацімскімі пасляннямі. І вось, калі святой памяці арцыбіскуп Казімір Свёнтэк стаў кардыналам і была зарэгістравана архідыяцэзія, мы адчулі палёгку — можна было афіцыйна працаваць у розных кірунках. Касцёл тады яшчэ не займаўся душпастырствам сем’яў, і таму мы стараліся працаваць і ў гэтай галіне. Пані Зося прывезла нам тады гэтыя ініцыятывы, а таксама — ідэю заснавання Міжнароднага Жывога Ружанца ў інтэнцыі трыумфу Беззаганнага Сэрца Марыі.

Галіна Калевіч, карэспандэнт часопіса «Ave Maria»:

— Памятаю, мы з пані Зосяй аб’ездзілі вельмі шмат парафій, каб арганізаваць супольнасць гэтага Ружанца. Першы, хто нас запрасіў, быў ксёндз Пётр Врубель, які працаваў тады ў вёсцы Дунілавічы на Віцебшчыне. Ксёндз Юзаф Пятушка MIC, ксёндз Эдмунд Даўгіловіч, ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, ксёндз Ігар Лашук, ксёндз Анатоль Ярошка OFMCap, ксёндз Ян Шуткевіч, ксёндз Міхал Сапель, ксёндз Генрых Куляшэвіч SDB, святой памяці ксёндз Рогер Свідэрскі OFM, святой памяці ксёндз Яраслаў Зарацкі MSF і шмат іншых святароў актыўна дапамагалі ў гэтай справе. Больш за 10 тысяч чалавек у той перыяд запісалася ў Міжнародны Жывы Ружанец.

Галіна Калевіч і кс. Рогер Свідэрскі OFM. 1990-я гады.

Аліна Новікава:

— Трэба сказаць, што ў той час яшчэ не было курыі і пані Зося прывозіла нам з замежжа камп’ютары, іншае тэхнічнае абсталяванне для працы. Гэта была і рэдакцыя і курыя разам. З ініцыятывы пані Зосі мы пачалі арганізоўваць у касцёлах Навэнну да Божай Міласэрнасці, а таксама распаўсюджваць нястомную малітву — «Вяночак да Божай Міласэрнасці». Праз пані Зосю пачалася таксама праца ў галіне адказнага бацькоўства. Урачоў, якія з намі супрацоўнічалі, мы нават адпраўлялі ў Польшчу на спецыяльныя курсы па навучанню натуральным метадам планавання сям’і, а яны ў сваю чаргу вучылі іншых. Напрыклад, галоўны ўрач (акушэр-гінеколаг) Мінскай вобласці Антаніна Леанідаўна Шмак навучыла ўсіх сваіх акушэрак гэтым метадам. Хутка такія курсы пачалі праводзіцца і ў некаторых парафіях. Нашыя супрацоўнікі сталі своеасабліваю падрыхтоўчаю базаю тады, калі ў нашых касцёлах арганізоўвалася душпастырства сем’яў. Было вельмі цяжка, калі не было святароў, а потым, калі яны з’явіліся, стала нашмат лягчэй.

Галіна Калевіч:

— Аднойчы пані Зося сказала, што наша задача — гэта таксама і абарона ненароджаных дзяцей. У мяне, напрыклад, не было ніякага ўяўлення пра тое, як гэтым займацца і што рабіць. На дапамогу нам тады Маці Божая прыслала вядомага абаронцу жыцця з Харватыі, доктара Антуна Лісеца. З ім мы першы раз пайшлі ў бальніцы, дзе робяць аборты. Ён вельмі добра паказаў нам, як трэба размаўляць з жанчынамі і з дактарамі. Ніколі не забудуся яго словы: «Уявіце, што на вашых вачах вядуць забіваць маленькае дзіця. Што вы будзеце рабіць? Напэўна, ратаваць. Дык вось, ідзіце і ратуйце, бо гэтых дзяцей кожны дзень амаль у кожнай бальніцы і паліклініцы забіваюць у абортах». З Антунам Лісецам мы тады пайшлі і да моладзі ў навучальныя ўстановы з лекцыямі аб адказных паводзінах і цяжкіх наступствах абортаў. Так пачалася актыўная праца ў гэтых кірунках.

Місіянерка Зоф'я Сордыль у Мінску. Пачатак 1990-х.

Праца супраць абортаў была і застаецца найбольш складанаю. Памятаю, як у 6-й бальніцы Мінска, калі мы размаўлялі з жанчынамі, якіх тады сядзела на аборт больш за 10 чалавек, выйшаў загадчык гінекалагічнага аддзялення і сказаў, што выклікае міліцыю за «несанкционированный митинг». Жанчыны ўзрадаваліся такому «заступніцтву» і, калі доктар сілком выпіхнуў нас з прыёмнага аддзялення, з палёгкаю уздыхнулі. Але было шмат і тых, якія слухалі і пакідалі жыццё сваім дзеткам. Пані Зося старалася кожнай з іх дапамагчы матэрыяльна, бо ведала як цяжка жылося ў 90-я гады. Адной цяжарнай жанчыне з Рубяжэвічаў яна купіла нават карову, каб толькі тая захавала сваё ненароджанае дзіця. Сёння першым уратаваным дзецям па 20 і больш гадоў, але да гэтага часу мы стараемся імі апекавацца. Праца па абароне жыцця таксама працягваецца.

Аліна Новікава:

— Бліжэй пазнаёміўшыся з сутнасцю фацімскіх пасланняў, мы зразумелі, што галоўнае — гэта навяртанне, пакаянне і перапрашэнне Беззаганнага Сэрца Марыі праз набажэнствы першых суботаў месяца, пра якія прасіла Маці Божая. Вялікая заслуга ў гэтай справе належала айцам вярбістам. Яны прывезлі з Польшчы малітоўнікі з тэкстамі набажэнстваў у першыя суботы месяца, а мы пераклалі іх на беларускую мову і стараліся распаўсюджваць. Разам са святарамі мы арганізоўвалі таксама начныя чуванні з адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту з першай пятніцы на 1-ю суботу месяца. Дарэчы, у мінскай Серабранцы яны праводзяцца па сённяшні дзень.

Алег Глекаў, Антаніна і Эльвіра Ваўчок, Віталій Палінеўскі. Будслаў, 2002 г.

Было вельмі шмат працы ў розных кірунках, і часам здавалася, што ўсё адбываецца нібы стыхійна. Але мы добра ведалі, што ўсім гэтым кіруе Маці Божая і што ўсіх, хто працуе ў рэдакцыі «Ave Maria» і выдавецтве «Про Хрысто», сабрала менавіта Багародзіца. Мы заўсёды адчувалі і адчуваем Яе нястомную апеку і абарону і вельмі ўдзячны нашай Нябеснай Матулі. Радуемся, што па ініцыятыве Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі у нашым Касцёле на працягу 9-ці месяцаў адбывалася навэнна, прысвечаная падрыхтоўцы да 100-годдзя аб’яўленняў у Фаціме. А ў нашым выдавецтве выйшла кніга сястры Люцыі «Як я разумею Фацімскае пасланне праз прызму часу і падзеяў», дзякуючы якой мы глыбей зразумелі сутнасць Паслання Маці Божай, а таксама яго актуальнасць для сучаснага чалавека. З пакораю прымаць волю Божую, адароўваць Бога, любіць і служыць Яму з вераю і надзеяй, нястомна молячыся і ахвяруючы свае цярпенні за грэшнікаў, — гэты заклік, з якім Найсвяцейшая Панна звярталася да фацімскіх дзяцей, актуальны і сёння, актуальным, мне здаецца, будзе і ва ўсе часы, пакуль існуе гэты свет...

Застаецца толькі пажадаць усім нам, каб Маці Божая, якая сабрала нас чвэрць стагоддзя таму, і надалей апекавалася тою справаю, якую мы, наколькі можам, робім на хвалу Божую.

Супрацоўнікі і сябры выдавецтва і рэдакцыі часопісаў. 2014 г.


Падрыхтавала Галіна Горская

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла