Выйсце прапануе Марыя...

Фацімскія аб’яўленні вельмі добра ўпісваюцца ў сцэнарый іншых Марыйных аб’яўленняў. Трое пастушкоў, больш вядомых паводле партугальскай мовы як пасторінос, атрымліва­юць ад Марыі Пасланне, якое перадаюць дарослым. І яго можна назваць беспрэцэдэнтным і ўнікальным.


Марыя просіць фацімскіх дзяцей штодзённа маліцца на ружанцы ў інтэнцыі міру, прымаць цярпенні як кампенсацыю за грахі і навяртанне грэшнікаў. Марыя паказвае дзецям сваё Беззаганнае Сэрца і кажа, што Езус прагне, каб пашыраўся Яго культ. Урэшце абвяшчае цуд сонца — яго «танец», які адбываецца на завяршэнне аб’яўленняў.

Марыя паказвае дзецям жах­лівую візію пекла і гаворыць, што для ратавання ад яго неабходна маліцца да Яе Беззаганнага Сэрца. Яна прамаўляе ключавыя словы сваіх аб’яўленняў: «Калі так, то… і калі не, то…». Гэта азначае, што калі людзі будуць маліцца і навяртацца, то ўсё бу­дзе добра, а калі не, то чалавецтва чакаюць праблемы. Нагадваючы аб іх, Марыя не пакінула сваіх духоўных дзяцей без надзеі. Яна сказала, што ўрэшце Яе Беззаганнае Сэрца затрыумфуе і Расія навернецца. Умоваю для гэтага павінна быць пасвячэнне Яе
Сэрцу свету і Расіі.

Прадказанні Марыі збыліся. Хрысціянства спазнала ганенні на Касцёл, найбольш жахлівую ў гісторыі чалавецтва Другую сусветную вайну, рэпрэсіі бязвінна асуджаных, мучаніцтва справядлівых людзей, цярпенні Святога Айца і шмат іншых нягодаў.

Пасля Фацімскіх аб’яўленняў распачаўся доўгі працэс іх асэнсавання і тэалагічнай інтэрпрэтацыі, у выніку чаго стала зразумела, што з узмацненнем барацьбы з вераю, варожасці да рэлігіі, калі ўсё больш лю­дзей жыве так, як быццам Бога не існуе, Марыя нагадвае пра фундаментальныя праўды хрысціянскай веры. Мэтаю жыцця кожнага чалавека з’яўляецца вечнае збаўленне. Грэх жа вя­дзе да несправядлівасці, войнаў, голаду, пераследу і іншых бедаў. Таму ў звышнатуральным свеце грэшніка чакае пекла.

Аднак, нягледзячы на гэта, Бог заўсёды прысутны ў гісторыі, і наша рэчаіснасць не статычная, а дынамічная, бо нішто не прадвырашана канчаткова, і паратунак абавязкова прыходзіць праз Марыю, якая заклікае да малітвы, асабліва ружанцовай, і навяртання, да ахвяравання сваіх цярпенняў і малітваў у інтэнцыі грэшнікаў і да пашырэння культу Яе Беззаганнага Сэрца.

Марыя падчас сваіх апошніх аб’яўленняў таксама абяцае цуд — так званы танец сонца, які стаўся для сабраных 70-ці тысяч скептыкаў пацвярджэннем рэальнасцю Фацімскіх аб’яўленняў.

Паводле сведчанняў фацімскай візіянеркі с. Люцыі, мэтаю гэтых аб’яўленняў было навяртанне людзей да штодзённага ўзрастання ў веры, надзеі і любові. Святы Ян Павел II кажа, што Касцёл прыняў Фацімскае пасланне таму, што ў ім заключаныя праўда і заклік Евангелля да навяртання і непахіснай веры ў Евангелле. А прэфект Кангрэгацыі веравучэння кардынал Ёзаф Ратцынгер, пазнейшы папа Бэнэдыкт XVI, лічыў, што найбольш плённым шляхам для дасягнення збаўлення з’яўляецца культ Найсвяцейшай Панны Марыі і Яе фацімскі заклік да нястомнай малітвы і навяртання.

Такім чынам, Фацімскае пасланне з’яўляецца вельмі актуальным у сучасным свеце, дзе ўсё больш распаўсюджваецца культура смерці, а бязладны секулярызм вядзе да таго, што фундаментальныя сімвалы хрысціянскай прысутнасці ў Еўропе могуць адысці ў мінулае, як кажа святы Ян Павел II.

Сучасная сацыяльна-палітычная і культурная сітуацыя з гібрыднымі войнамі, тэрарыстычнымі актамі, адыходам ад Бога, крызісам сям’і і Божага дару жыцця сведчаць пра тое, што над чалавецтвам вісіць дамоклаў меч. Таму Фацімскае прароцтва застаецца актуальным. Яно — не фільм пра мінулае, але суровая рэчаіснасць, выйсце з якой прапануе Марыя. Фацімскае пасланне павінна мабілізаваць нашыя сілы для духоўнай перамены як умовы перамены свету да лепшага.


Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Красавік, 2017 г.

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла