Рукатворнае хараство, якое сагравае сэрцы

Упрыгожванне велікодных яек з дапамогаю розных мастацкіх прыёмаў і тэхнікаў у многіх народаў здаўна з’яўляецца распаўсюджаным відам дэкаратыўна­-прыкладнога мастацтва. Пісанкі, фарбаванкі, крапанкі, драпанкі заўсёды былі і застаюцца цудоўным пасхальным падарункам, бо ў кожнае такое яйка мастак-­дэкаратар звычайна ўкладвае неверагодна шмат карпатлівай працы, і кожная дробная дэталька ў ім, кожны штрых, завітушка ці кропачка, выведзеныя старанна і клапатліва, перадаюць засяроджана­-ўдумлівы, радасна­-ўрачысты, светлы настрой свайго тваральніка, які не пашкадаваў доўгіх вечароў сваёй працы на стварэнне прыгажосці, якой хочацца любавацца зноў і зноў…

Напярэдадні сёлетняга Вялі­кадня, прыехаўшы ў родную вёску Ганчары, што на сонечнай Лідчыне, я мела шчасце палюбавацца калекцыяй дэкаратыўных яек, якую апошнім часам стварыла мая матуля, Яніна Серэхан. Шчыра прызнацца, я ўсё сваё дзяцінства памятаю яе і тату за карпатліваю творчаю працаю, якою яны ўпрыгожвалі наш цёп­лы дом і якая мае для нашай сям’і неацэнную вартасць. Гэтак жа, як калісьці і нам з братам, так і цяпер, працуючы выхавальніцаю ў дзіцячым садку, яна перадае часцінку свайго майстэрства і дзецям, якія таксама любяць яе за ласкавае сэрца і працавітыя рукі.

Кожны мамін выраб можна назваць сапраўдным мастацкім творам — столькі ў ім добрай энергетыкі, хараства, фантазіі і дэталёвай апрацоўкі! Асноўны матэрыял, які яна выкарыстоўвае для ўпрыгожвання яек, — гэта рознакаляровыя стужкі, карункі і пацеркі. Пры гэтым мама даволі часта звяртаецца да тэхнікі канзашы (кандзасі), «радзімаю» якой з’яўляецца Японія, дзе гэтым словам здаўна называюць традыцыйныя жаночыя ўпрыгожванні для прычосак. У сучаснасці слова «канзашы» азначае таксама тэхніку рукадзелля, заснаваную на асаблівым спосабе складвання кавалачкаў тканіны.

«Такі просты і даступны матэрыял як каляровая стужка дае бязмежныя магчымасці для дэкору, — распавядае матуля. — Але тут патрэбна шмат цярплівасці, руплівасці і пільнасці. Кожная кветачка, якую я рыхтую для дэкаравання яек, складаецца з некалькіх вяночкаў рукадзельных пялёсткаў, і ў кожным вяночку іх можа быць ад 8-­мі да 30-­ці і нават больш у залежнасці ад задумы і ад памеру кветкі.

Пялёсткі бываюць самыя разнастайныя па тэхніцы, і кожную з іх хочацца выкарыстаць у сваёй працы. Але тут недастаткова паглядзець майстар­-клас на YouTube. Трэба дбаць пра тое, каб усе пялёсткі ў сваім вяночку былі аднолькавыя: напрыклад, калі завіток усярэ­дзіне пялёстка будзе закручаны трошкі больш ці менш, чым іншыя, або калі ён будзе западаць унутр глыбей, чым патрэбна, тады ўсе разам гэтыя пялёсткі будуць выглядаць неахайна. Я без шкадавання адкідваю няўдалыя лісткі і ствараю новыя. Іх хараство заключаецца менавіта ў тым, што яны падобныя, як блізняты, і на іх фоне новы вяночак пялёскаў, зробленых ужо з дапамогаю іншых прыёмаў, глядзіцца яшчэ больш выразна і ярка».

Мама падкрэслівае, што ў такой справе спачатку неабходна набрацца спрыту, каб у працэсе стварэння, напрыклад, адначасова трымаць некалькі слаёў малюсенькіх кавалачкаў тканіны (даволі слізкай!), скла­дзеных у адмысловым парадку, скручваць з іх фігурку патрэбнай формы і затым, трымаючы ўсю «канструкцыю», абрэзаць нажніцамі створаны пялёстак знізу ці ў іншым патрэбным месцы і абпаліць краёчкі.

«Напачатку здавалася, што на ўсё не хапае рук, але цікаўнасць перамагла», — гаворыць матуля. Яна з захапленнем распавядае, што гэтае мастацтва ўсё больш «зацягвае» яе, змушае шукаць новыя ідэі і доўгімі вечарамі карпець над іх увасабленнем.

На пытанне пра тое, колькі прыкладна часу і сродкаў ідзе на стварэнне аднаго такога яйка, яна сціпла адказвае: «Прыкладна 7­10 рублёў на матэрыялы і каля 10­15­-ці гадзінаў працы». Што ж, жаданне ствараць прыгожае апраўдвае гэтыя выдаткі…

Мама згадзілася падзяліцца з чытачамі часопіса сакрэтамі вырабу аднаго з самых простых дэкаратыўных яек, упрыгожаных стужкамі. Пры дастатковай уседлівасці і стараннасці яго можа зрабіць кожны, каб потым парадаваць блізкага чалавека падарункам, у які ўкладзеная часцінка душы.

Яйка з атласных і карункавых стужак

Матэрыялы:

  • аснова для яйка (могуць выкарыстоўвацца драўляныя, пластыкавыя, пенапластавыя загатоўкі або яйкі ад дзіцячых «кіндэр­ сюрпрызаў»);
  • каля 10­-ці метраў атласнай стужкі шырынёю 5­7 мм;
  • каля 1,5 метра карункавай стужкі (колькасць указана на яйка вышынёю 10 см);
  • двухбаковы скотч; клей­-пісталет.

Напачатку трэба абклеіць аснову для яйка двухбаковым скотчам. Затым пачаць абмотванне загатоўкі атласнаю стужкаю: замацаваць краёчак стужкі на тупым канцы яйка і абмотваць знізу ўверх, кладучы стужку слой за слоем такім чынам, каб кожны новы слой хаця б на 1­2 мм перакрываў папярэдні. Неабходна сачыць, каб паміж слаямі стужкі не было прагалаў. На тупым і вострым канцах вырабу слаі стужкі будуць класціся крыж­-накрыж. Важна выкарыстоўваць стужку шырынёю не менш за 5 мм і не больш за 7 мм: калі яна будзе занадта вузкая, неабходна нанесці больш слаёў, а значыць, на верхавінках яйка, дзе пераплятуцца ўсе накладзеныя слаі, утворацца залішнія патаўшчэнні, што скажае натуральную форму яйка. З другога боку, чым шырэйшая стужка, тым складаней роўна, без заломаў абагнуць загатоўку.

Калі яйка будзе цалкам абматанае, можна з дапамогаю клею-пісталету ўпрыгожыць яго гатоваю карункаваю стужкаю так, як паказана на фотаздымку (наклаўшы на яйка дэкаратыўную «сетачку» і крыжыкі) або паводле ўласнай задумы. Для гэтага ідэальна падыхо­дзіць стужка ў выглядзе ланцужка з кветак або іншых элементаў, якія можна аддзяліць адзін ад аднаго і сфарміраваць жаданы ўзор.

***

…Кожны з нас пакліканы ствараць прыгажосць вакол сябе — дадзеным ад Бога талентам, умелымі рукамі, ласкавым сэрцам, добразычліваю ўсмешкаю і сонечным позіркам. Але ў рукатворным вырабе ёсць асаблівая краса і ўнікальнасць: калі матуля дорыць табе рэч, якая ўвабрала ў сябе цеплыню яе рук, гэты падарунак нібы напаўняецца непаўторным ззяннем яе сэрца і асабліва сагравае тады, калі пасхальная радасць і сонца азмрочваюцца нейкімі маленькімі зямнымі хмаркамі ці часоваю зажуранасцю…


Ганна Шаўчэнка
Фота Міколы Новікава
і з асабістага альбома Яніны Серэхан

 
старые. проститутки брюнетки Красноярск. худые проститутки Екатеринбург. проститутки Курчатовский. Ночные бабочки: проститутки в Оренбурге Гифки. кабинет врача. Секс по материалам сайта . Большой ресурс с бесплатным порно видео
© 2020 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла